Брытанская газета «The Guardian» са спасылкай на ананімнага інфарматара з канадскага Vitalité Health Network, аднаго з двух мясцовых аператараў сістэмы аховы здароўя, паведамляе пра загадкавае неўралагічнае захворванне, якое было зафіксавана ў канадскай правінцыі Нью-Брансвік.
Хвароба, узнікненне якой было зафіксавана менавіта ў канадскім Нью-Брансвіку, на працягу апошняга года ўсяляк аналізавалася навукоўцамі. Нягледзячы на такі доўгі час даследавання, яе прычыны так і не сталі зразумелымі дактарам.
Сімптомамі захворвання з'яўляюцца праблемы з памяццю, спазмы ў цягліцах, значная неабгрунтаваная страта вагі, боль у канечнасцях і галюцынацыі.
Першапачаткова лічылася, што гэта прыённае захворванне, такія паталагічныя станы ўзнікаюць у выніку структурнай змены нармальнага паверхневага мембраннага бялку, які называюць клеткавым прыённым бялком, чыя дакладная функцыя невядомая. Аднак лабараторныя тэсты выключылі гэтую гіпотэзу.
На сённяшні дзень Упраўленне галоўнага санітарнага інспектара ў Нью-Брансвіку паведаміла, што таямнічае захворванне ахапіла 48 чалавек. Гэтая лічба застаецца нязменнай з самага першага афіцыйнага паведамлення пра хваробу ў пачатку вясны 2021 года.
Па дадзеных крыніц «The Guardian», колькасць выпадкаў захворвання можа быць значна вышэйшай. Афіцыйная статыстыка паведамляе, што ў выніку невядомага захворвання загінулі дзевяць чалавек.
Хвароба ў аднолькавай ступені праяўлялася як у жанчын, так і ў мужчын. Пацыентамі з'яўляюцца людзі ва ўзросце ад 18 да 85 гадоў.
Эпідэміялагічнае даследаванне, праведзенае Дэпартаментам аховы здароўя Нью-Брансвіка, выключыла магчымасць узнікнення захворвання праз паводзіны, экалагічныя або харчовыя фактары.
Згодна з дакументам, прадстаўленым Канадскай асацыяцыі неўрапатолагаў, памерлым спачатку быў няправільна пастаўлены дыягназ, у іх падазравалі хваробу Альцгеймера або рак.
Па словах Ціма Біці, чый бацька памёр у 2019 годзе якраз з сімптомамі невядомай хваробы, улады не прымаюць адэкватных мер для разумення гэтай хваробы.
Паводле адной з гіпотэз, пагаршэнне здароўя можа быць звязана з высокім узроўнем бэта-метыламіну-L-аланіну (BMAA). Высокая канцэнтрацыя гэтай амінакіслаты характэрная для амараў, якія з'яўляюцца адным з асноўных прадуктаў мясцовай рыбалоўнай прамысловасці.
Хоць Біці настойваў на эксгумацыі цела свайго бацькі з мэтай адшукаць сляды BMAA ў парэштках, яго просьбу мясцовыя ўлады не задаволілі.