Для выхаду з крызісу неабходна стаць на інавацыйны шлях развіцця, заявіў на пасяджэнні рэспубліканскага савета дырэктараў РГА «Беларуская навукова‑прамысловая асацыяцыя» 4 жніўня член прэзідыума БНПА, экс‑прэм’ер‑міністр Сяргей Лінг.

«Мы абвясцілі інавацыйны шлях развіцця, але толькі прымаем сутаргавыя меры сённяшняга дня па выхадзе з крызісу. Мы павінны зазіраць у будучыню», — лічыць Лінг. Прыкладам выхаду з крызісу 1970‑х гадоў ён назваў Фінляндыю. Раней у гэтай краіны была толькі дрэваапрацоўчая, папяровая прамысловасць і рыбалоўства. Сёння гэтая краіна — адзін з лідэраў у электроннай прамысловасці. «Яны здолелі стварыць зусім новую галіну ва ўмовах крызісу», — адзначыў Лінг.

На яго думку, інавацыйны шлях развіцця »залежыць ад Саўміна, Акадэміі навук, банкаў, падатковых органаў, галіновых міністэрстваў».

«Для гэтага павінны быць фінансы, павінна быць сістэма, павінна быць арганізацыя, якая адказвае за гэта, а не ўсе пакрысе. Гэтае пытанне павінна стаць пытаннем № 1», — падкрэсліў былы прэм’ер.

Пры гэтым ён адзначыў, што ў краіне »пагражальны паказчык» па НДДКР (навукова‑даследчыя і доследна‑канструктарскія работы) — 0,7% ад ВУП. «Якія інавацыі, якая сістэма можа быць, калі не фінансуюцца гэтыя работы», — адзначыў Лінг. Іншыя краіны, паводле яго слоў, маюць на гэтыя работы мінімум 1,4% ВУП.

«Мы страцілі сур’ёзныя вытворчасці, сярод якіх вытворчасць фотаапаратаў, вылічальнай тэхнікі, прыборабудаванне, станкабудаванне», — заявіў Лінг.

Ён лічыць магчымым адрадзіць гэтыя галіны. Акрамя таго, ёсць «цікавыя рашэнні і ў вайскова‑прамысловым комплексе».

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0