Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Летась Камітэт дзяржкантролю выявіў шэрую схему, у выніку якой імпарцёр медабсталявання і камплектуючых, напрыклад, тамографаў і манжэт, завышаў цану на сваю прадукцыю ў 40 разоў. Дапамагала ў пастаўках фірма-пасярэднік, праз якую ішла аплата.

«Дзякуючы такому пасярэдніцтву, цана на тавар узрастала. На стадыі афармлення дакументаў тавар станавіўся яшчэ даражэйшым», — паведаміў прадстаўнік КДК. Удзельнікі схемы трапілі пад крымінальны артыкул і заплацілі ў бюджэт больш за 3 мільёны рублёў падаткаў і шкоды. У якім горадзе гэта здарылася, не паведамляецца.

Паводле звестак КДК, яшчэ дзве фірмы са сталіцы прадавалі оптам фармацэўтычныя, ветэрынарныя, медыцынскія і артапедычныя тавары. Кампаніі дамаўляліся аб набыцці тавараў з вытворцамі, а здзелкі афармлялі праз літоўскую фірму, якая дастаўляла прадукцыю ў Беларусь, і, як вынікае з паведамлення КДК, паказвала завышаную цану.

— Цана павялічвалася больш чым у тры разы. Незаконна атрыманы прыбытак уласнікі трацілі на прыгожае жыццё, а дзяржаўныя ўстановы аховы здароўя вымушаныя былі купляць тавары па завышаных цэнах. У цяперашні час службовыя асобы беларускіх кампаній у добраахвотным парадку заплацілі больш за 4 мільёны рублёў нанесенай шкоды — заявіў намеснік начальніка аддзела ДФР Камітэта дзяржкантролю Юрый Кардымон.

Тады ж КДК раскрыў схему завышэння цэнаў у дзевяць разоў на лекі для людзей з анказахворваннямі, якія пастаўляліся ў бальніцы і паліклінікі Віцебскай вобласці. У выніку кампанія кампенсавала шкоду ў 770 тысяч рублёў, але расследаванне працягваецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0