Фота: Zysko / depositphotos.com

Вось адкуль у людзей бярэцца такое непаважлівае і нават грэблівае стаўленне да славян? Чаму яны лічаць славян нейкім неданародам, які нібыта не можа жыць як увесь астатні цывілізаваны свет? Чаму яны думаюць, што славяне не могуць нармальна абіраць уладу, а толькі і хочуць, каб ім на горла наступалі армейскім ботам?

Тым больш, што і гісторыя не сказаць, каб гэта пацвярджала. Мы ўжо пісалі пра шляхецкую Рэспубліку ў Рэчы Паспалітай, дзе шляхта абірала і зрынала манархаў (так-так, Ян Казімір Ваза, Станіслаў Ляшчынскі і Аўгуст Саксонскі не дадуць схлусіць). А Рэч Паспалітая, на хвілінку, гэта тры славянскія краіны — Беларусь, Польшча і Украіна. Ды і раней полацкае веча магло спакойна прагнаць князя, дарэчы, таксама абранага. Гэты прывілей захоўваўся нават у ВКЛ, дзе неўзабаве з'явіліся магдэбургскае права і розныя прывілеі шляхце.

Але, як бачым, праваслаўны святар не ведае гісторыі Беларусі, дзе ён нарадзіўся, вырас, атрымаў адукацыю і ўсё сваё жыццё правёў. Да чаго ўсё гэта, калі ёсць «царская Расія»? Але нават у Расіі існавалі Наўгародская і Пскоўская рэспублікі, якія былі знішчаныя Масквой.

У суседняй Украіне была дэмакратычная казацкая Гетманшчына і нават анархісцкая Махноўшчына. У Харватыі 450 гадоў нядрэнна сябе адчувала Дуброўніцкая Рэспубліка. У міжваенны перыяд Чэхаславакія была адзінай краінай Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, якая захавала дэмакратычны лад. І цяпер, пасля падзення камуністычных рэжымаў, абсалютная большасць славянскіх краін спакойна жыве са змяняльнасцю ўлады. Так, не заўсёды ідэальна, але яны толькі ў пачатку шляху.

Нам жа прапануюць жыць так, нібы мы пад нейкім мангола-татарскім ярмом або ў складзе імперыі турак-асманаў, якія і прынеслі чужыя славянам ідэі султанізму і абсалютнай улады хана-цара. Пара б ужо пазбавіцца ад гэтага стакгольмскага сіндрому.

Ну і так, у нашых шыротах Царква па-за палітыкай — гэта толькі тады, калі трэба народ абараніць. Калі ж прапануюць цалавацца з уладай, то пра гэта «па-за палітыкай» адразу ж забываюцца.

Ігумен з Калінкавіч: У нас, славян, на ўзроўні архетыпу закладзенае кіраванне царом

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?