strazgraniczna.pl

Злачынная група дзейнічала з верасня 2021 года па студзень 2022-га. На чале банды стаялі два чалавекі. Праваднікоў і кур'ераў яны набіралі праз месенджары з жыхароў памежных раёнаў. Пасля таго, як група мігрантаў незаконна перасякала беларуска-польскую мяжу, іх сустракалі і перавозілі ў Германію, паведамляе польскае памежнае ведамства.

На злачынную дзейнасць «касір» банды выдзеліў 8,7 мільёна еўра. З іх 4,3 мільёна пайшло кур'ерам на аплату перавозкі мігрантаў у Нямеччыну.

Падчас ператрусу ў абвінавачаных канфіскавалі 475 тысяч еўра, 30 тысяч даляраў і 1 800 злотых.

Сітуацыя на беларуска-польскай мяжы абвастрылася 8 лістапада. Тады ў сетцы з'явіліся відэа, як вялікая калона мігрантаў рушыла да пункта пропуску «Брузгі» на беларуска-польскай мяжы. Паводле інфармацыі Дзяржпагранкамітэта, іх колькасць перавысіла дзве тысячы чалавек.

Не дайшоўшы 300 метраў да памежнага пераходу, мігранты павярнулі ў лес і разбілі там лагер. Тыдзень яны пражылі ў лесе каля беларуска-польскай мяжы, а 15 лістапада пакінулі стыхійны лагер і сабраліся ў пункце пропуску «Брузгі». Па розных ацэнках, тут знаходзіліся каля 3,5 тысячы чалавек.

16 лістапада мігранты паспрабавалі прарвацца праз беларуска-польскую мяжу. Яны кідалі ў польскіх сілавікоў камяні. Тыя ўжылі ў адказ вадамёты і слёзатачывы газ. У выніку сутыкнення ёсць пацярпелыя як з аднаго, так і з другога боку. Польшча і Беларусь распачалі крымінальныя справы.

Пазней беларускія ўлады размясцілі мігрантаў у лагістычным цэнтры каля памежнага пераходу «Брузгі». Для іх рэпатрыяцыі з Мінска арганізоўвалі эвакуацыйныя рэйсы, але каля некалькіх соцень мігрантаў па-ранейшаму застаюцца ў цэнтры.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?