Розныя выканаўцы. VoliaMusic, 2006.

Другі прадукт кансьпіратараў з «VoliaMusic».

У пэўным сэнсе антыпод «Залатой дваццаткі»: тэматычная складанка «Чарнобыльскі вецер» – другі прадукт кансьпіратараў з «VoliaMusic». Зьбіраць беларускую музыку па такіх ідэйных разьдзелах – задума добрая. Толькі адчуваецца, зь якім нацягам наскрэблася песень на цэлы дыск. Вядомыя ўжо творы «Бонды» («Радыяактыўны блюз»), «Мроі» («Шмат») і «Крамы» («Гомельскі вальс») мяжуюцца тут з рарытэтамі (як песьня польскіх беларусаў з «Кардону»), сьвежымі запісамі (Tav.Mauzer, «Чырвоным па беламу»). Музыкі рыфмуюць радыяцыю з нацыяй, інфармацыяй, правакацыяй. Але лепей выглядаюць без такіх наўпроставых рыфмаў, як у Кастуся Герашчанкі («Чарнобыльскі шлях») ці Яна Жанчака («Нерасказаныя казкі»). У складанцы тоіцца шмат сюрпрызаў і новых імёнаў. З галоўных знаходак – «Песьня Чугайстра» ўкраінцаў «Тінь Сонця», засьпяваная па-беларуску, і нязмушаны «Чарнобыльскі фон» ад «Голай манашкі».

Шкада, што ў дыск не ўвайшла адна з самых кранальных песень пра Чарнобыль канца 90-х – «Радыяактыўны сьнег» ляўрэатаў «Басовішча-98» гарадзенцаў з «КальЯну» – і абяцаны кліп рэжысэра Ягора Хрусталёва, дзе Варашкевіч разам зь Ярмоленкам сьпявае «Гомельскі вальс».

Вокладка аздоблена прароцкім малюнкам Андрэя Плясанава (яго песьня таксама ёсьць на дыску) пад назвай «Саркафаг», зробленым у 1971 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?