Петрыкаўскім міліцыянтам не спадабаўся бел-чырвона-белы вымпел на асабістай яхце пінскага мастака Яўгена Шатохіна. А назва яхты падалася падазронай.

 Яўген Шатохін і ягоны «Сакавiк».

Яўген Шатохін і ягоны «Сакавiк».

Сілавым структурам у горадзе Петрыкаве Гомельскай вобласці не спадабаўся бел-чырвона-белы вымпел, пад якім да берага прышвартавалася яхта пінскага мастака Яўгена Шатохіна. І выклікала здзіўленне назва яхты — «Сакавiк». Інфармацыя ў нашы дні распаўсюджваецца даволі хутка. Пінчук быў яшчэ ў дарозе, а чуткі пра здарэнне ў Петрыкаве ўжо дасягнуў яго роднага гораду.

— У мяне была творчая паездка па Прыпяці, — кажа Яўген Сяргеевіч. — Я вёў пошук тэм для будучай працы. Па дарозе рабіў накіды алоўкам, а ўзімку, ужо ў майстэрні, буду іх сканчаць. Гэта далёка не першае маё вандраванне па вадзе, былі куды больш працяглыя і небяспечныя — па моры, але ніколі раней мая яхта не прыцягвала да сябе такой пільнай увагі з боку сілавых структур, як у гэты раз.

Як толькі ў Петрыкаве судна падышло да берагу, на прычале з’явілася адразу восем чалавек. Чацвёра з іх у міліцэйскай форме, яшчэ чацвёра — у цывільным.
Адзін прадставіўся працаўніком пракуратуры, іншыя не назвалі сябе. На пытанне, чым абавязаны візіту такой дэлегацыі, яны адказалі, што напярэдадні ў рыбакоў зніклі дарагія снасці і мабільныя тэлефоны, вядзецца пошук злачынцаў. На мой погляд, гэта была падстава, каб агледзець яхту, і я сам запрасіў іх на борт, паказаў пабудаванае сваімі рукамі судна, мяркуючы, што, убачыўшы вынік маёй працы і прадмет адмысловага гонару, яны не стануць падазраваць творчага чалавека ў крадзяжы нейкіх снасцяў.
Не ўбачыўшы нічога падазронага, яны загаварылі пра мой вымпел, завучы яго сцягам, і настойліва рэкамендавалі зняць. Маўляў, у грамадстве неадназначнае стаўленне да бел-чырвона-белай расфарбоўкі і іх абавязак — прадухіліць магчымыя канфлікты.
Прыйшлося растлумачыць гасцям, што гэта не сцяг, які вызначае прыналежнасць дзяржавы, а ўсяго толькі вымпел — асабісты знак уладальніка судна. Мне падабаецца менавіта такая расфарбоўка. Раней на Прыпяці даводзілася сустракаць плаўсродкі, на якіх дзеля жарту раздзімаўся пірацкі сцяг, але ніхто не прад’яўляў да іх гаспадароў прэтэнзій, хоць такая сімволіка прапагандуе рамантыку разбою і гвалту.

Распавёў гасцям пра марскія і рачныя традыцыі. Сцяг і вымпел паднімаецца з узыходам сонца, а спускаецца з яго заходам. А паколькі свяціла ў той момант знаходзілася ў зеніце, то пра заўчасны спуск майго знака не магло быць і гаворкі. Ды і гонар не дазваляў… На беразе адпачывалі жыхары Петрыкава, з цікаўнасцю назіраўшыя за тым, што адбывалася на яхце.

А яшчэ мае «госці» цікавіліся, чаму на борце яхты слова «Сакавiк», што яно азначае.
Ды проста мне падабаецца беларуская назва гэтага першага вясновага месяца. Куды прыемней гучыць, чым «март».

Увогуле, госці аблізня з'елі, а праз некалькі гадзін міліцыянеры вярнуліся, і афіцэр працягнуў угаворваць мяне ўсё-ткі зняць вымпел, цікавіўся наяўнасцю на судне забароненай літаратуры. Але гутарка скончылася нічым. Скажу проста, такая навязлівасць да чалавека, які мірна вандруе, грамадзяніна сваёй краіны, мяне ўразіла. Зусім нядаўна па запрашэнні беларускай дыяспары мне даводзілася бываць у ЗША. І, адпраўляючыся на шпацыр, я спрабаваў узяць з сабой пашпарт, на выпадак праверкі дакументаў. Але сябры ўгаварылі пакінуць яго ў гасцініцы. Маўляў, страціш, тады праблем не абярэшся.

— Як жа без пашпарту, а раптам па дарозе паліцыянты захочуць праверыць дакументы? — не суцішаўся я. Супакоілі. Кажуць, калі ты нічога не парушаеш, паліцыянт да цябе сам ніколі не падыдзе: закон забараняе без пільнай патрэбы турбаваць чалавека.

Даведка

Яўген Шатохін нарадзіўся ў Пінску, скончыў Харкаўскі мастацка-прамысловы інстытут, пасля вучобы з’ехаў працаваць на Поўнач. У горад дзяцінства вярнуўся прызнаным майстрам графікі, сябрам Саюза мастакоў СССР, заснаваў тут дзіцячую школу выяўленчага мастацтва, працяглы час працаваў яе дырэктарам. Шмат падарожнічае. Яго выставы штогод праходзяць у Францыі, Нямеччыне, Польшчы, Бельгіі. З’яўляецца Ганаровым грамадзянінам французскага горада Альбэрне. У 2004 году Беларускі звяз мастакоў узнагародзіў Яўгена Шатохіна медалём «За заслугі ў выяўленчым мастацтве».

Вечерний Брест

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0