«Маладому настаўніку трэба плаціць са старту 1500 рублёў»

Дзмітрыю 34 гады, ён працуе настаўнікам гісторыі ў адной са сталічных школ. За снежань яго заробак склаў 1018 рублёў на рукі. З іх прыкладна 567 рублёў — гэта аклад.

«У гэтую суму ўваходзіць аклад, розныя надбаўкі, прэмія, — кажа мужчына. — Напрыклад, мне дадаюць да заробка 50 рублёў за тое, што я класны кіраўнік. Ці можна зарабіць больш? Складана сказаць. Многае цяпер залежыць ад адносін паміж настаўнікам і адміністрацыяй.

Фота носіць ілюстратыўны характар

Можна, вядома, падрыхтаваць алімпіядніка, але гэта адзін раз за навучальны год. Таксама можна ўдзельнічаць у конкурсах, і за гэта атрымліваць нейкі працэнт. Варыянт весці платныя гурткі і зарабляць на гэтым. У прынцыпе, можна зарабіць больш. Другое пытанне, наколькі яны эфектыўныя, гэтыя варыянты».

Нагрузка на настаўніка-прадметніка складае 36 гадзін на тыдзень разам з класным кіраўніцтвам. Яго абавязкі — гэта і навучальныя планы, і вядзенне класнага журнала, і запаўненне іншай дакументацыі, напрыклад, справаздачы па чвэрці.

«З гэтага года дадаўся яшчэ электронны журнал, але вяду яго па жаданні, таму што за гэта не плацяць, — расказвае педагог. — Ды і ў абавязкі настаўніка ён не ўваходзіць. Лічу, што спачатку трэба стварыць інфраструктуру, а потым уводзіць электронны журнал. Дарэчы, заробак паменшыўся, проста сталі плаціць мінімальную прэмію. Камісія не дае справаздачу, колькі, каму і за што».

У дзень заробку Дзмітрый дзеліць грошы напалову: першая частка — на жыццё, другая — на самаразвіццё. Хлопец жыве ў інтэрнаце кватэрнага тыпу разам з суседам. Таму за арэнду і камуналку плацяць па 35 рублёў.

Фота носіць ілюстратыўны характар

«На прадукты дзесьці 300 рублёў сыходзіць на мяне аднаго, — прыкідвае настаўнік. — А вось з самаразвіццём па-рознаму атрымліваецца — дакладна не скажу. Сюды ўваходзіць і набыццё кніг, і адукацыйныя курсы — прыкладна 200-300 рублёў за месяц трачу».

Што тычыцца іншых сфер жыцця, то настаўнік дазваляе сабе кафэ, а падарожнічае звычайна па Беларусі на веласіпедзе. На буйныя пакупкі ён стараецца адкладваць загадзя. Што ж тычыцца свайго жытла, то, па словах Дзмітрыя, назбіраць на яго з заробкам настаўніка амаль нерэальна.

«Заробак слабы. Але я лічу, што настаўніку трэба паказваць сваё майстэрства, а не толькі маліцца на грошы. Ёсць розныя магчымасці павышэння ўзроўню жыцця, — лічыць мужчына. — Калі адэкватна, думаю, што маладому настаўніку трэба плаціць са старту 1500 рублёў.

Павысіў катэгорыю да другой — 1800, да першай — 2200, атрымаў вышэйшую катэгорыю — 2800. Ёсць класнае кіраўніцтва — яшчэ 500 рублёў. Але гэта толькі мары.

У рэальнасці ж усе ведаюць, што праца настаўніка аплачваецца нізка. Адна гадзіна каштуе прыкладна 6 рублёў. Прычым, гэта гаворка не пра маладога настаўніка, а пра дасведчанага, з некалькімі катэгорыямі», — кажа Дзмітрый і дадае, што з той загрузкай, што цяпер ёсць, яго заробак павінен быць 4000 рублёў.

Фота носіць ілюстратыўны характар

«Адкладваць не магу, але, калі «выкіну» нейкае хобі, мабыць, атрымаецца»

Дваццацігадовая Таццяна таксама працуе ў Мінску. Яна выкладае беларускую і рускую мовы і літаратуры. Настаўнічае яна з трэцяга курса ўніверсітэта. Праўда, «вышку» дзяўчына не скончыла, але ў школу яе ўсё ж узялі. І вось два гады яна працуе.

У снежні мінулага года дзяўчына атрымала заробак 471 рубель і яшчэ аванс у 210 рублёў. Аклад з іх — 272 рублі.

«Гэта аклад, дзве прэміі, надомнікі, замены, надбаўка за працу ў сферы адукацыі і за дзяржаўную ўстанову, яшчэ вяртаюць крыху за метадычную літаратуру», — кажа дзяўчына.

Фота гераіні публікацыі

Па словах Таццяны, зарабіць больш яна можа, калі возьме класнае кіраўніцтва, але лічыць, што яно таго не каштуе.

«Цяпер у мяне 21 гадзіна, і гэта без замены, — расказвае яна. — Гэта далёка не максімальная нагрузка, якую можна атрымаць у школе, хутчэй, наадварот. Нашай адміністрацыі вельмі патрэбны вынік ад вучняў, таму настаўнікі часта застаюцца пасля сваіх заняткаў яшчэ на дадатковыя».

«Ніколі не можаш быць проста дома, работа заўсёды з табой: сшыткі, тэлефанаванні ад бацькоў і адміністрацыі, запаўненне электроннага журнала, які вядзецца разам з друкаваным, — расказвае яна. — Калі ты класны кіраўнік, то сюды можна яшчэ дадаць адказнасць за жыццё дзяцей, нават калі яны на летніх канікулах.

У нашай школе па 28-34 чалавекі ў класах, таму казаць пра індывідуальны падыход да кожнага, як таго жадаюць бацькі, — нельга. Яшчэ павінна быць падпіска на розныя часопісы, напрыклад, «Настаўніцкая газета», газета «Рэспубліка» і іншыя, якія пыляцца ў нас дзесьці на балконе».

Калі параўноўваць аклад Таццяны за 2020 і 2021, то за апошні год ён стаў на 10 рублёў большы.

«Я ўзяла частку працы дадому, не адмаўляюся ад замен. Хаця іх і ставяць у апошні момант. Ды так, што планаваць дзень немагчыма», — кажа настаўніца.

Што тычыцца выдаткаў, то дзяўчына яшчэ жыве з бацкамі, таму ні арэнды кватэры, ні выдаткаў на камуналку ў яе няма. Але нават у такім варыянце Таццянінай зарплаты хапае толькі на базавыя рэчы.

«Я актыўна займаюся спортам, таму адразу мінус 160 рублёў за фігурнае катанне і 70 рублёў за расцяжку і чырлідынг, — расказвае дзяўчына. — Яшчэ я вельмі люблю вывучаць розныя мовы, цяпер узялася за польскую — 132 рублі — гэта за цэлы месяц. Праязны — мінус 47 рублёў. Усё астатняе застаецца на ежу. Ніколі не снедаю, такая звычка, абед — у школе, там даволі танна ўсё. А вячэра ўжо калі як.

Дзякуй богу, што я яшчэ жыву з бацькамі, дазволіць сабе з’ехаць пакуль не магу.

Калі казаць пра адзенне, напрыклад, у маёй шафе шмат строгіх касцюмаў і спадніц. Тут усё зразумела — гэта дрэс-код. Але наўрад ці хтосьці будзе хадзіць у адных штанах больш за два гады, таму, вось, набыла новыя — 46 рублёў.

Таксама раз на два месяцы магу наведаць кіно, розныя майстар-класы, схадзіць да ўрача. Вандрую па Беларусі ў вольны дзень. Нейкія «вялікія падарожжы» яшчэ магу здзейсніць толькі за кошт бацькоў, на жаль».

Відавочна, што на аплату асобнай кватэры настаўніцы Таццяне з такім заробкам не хопіць. Нават з аплатай камуналкі ёй будзе складана.

«Амаль усе маладыя настаўніцы, каго я ведаю, жывуць са сваімі хлопцамі, якія і плацяць за такія рэчы. Або працуюць яшчэ рэпетытарамі, або ўвогуле не па спецыяльнасці. Адкладваць не магу, але калі «выкіну» нейкае хобі, мабыць, атрымаецца», — кажа дзяўчына.

Таццяна спадзяецца, што, калі скончыць універсітэт і здасць «на катэгорыю», будзе атрымліваць большы заробак.

«Мне было б дастаткова 1400 рублёў у месяц. То-бок крыху больш за 500 даляраў», — лічыць Таццяна.

«З таго часу, як я пачала зарабляць, мяне здзіўляюць цэны практычна на ўсё»

Анастасіі 21 год, яна працуе настаўніцай рускай і беларускай літаратуры, і таксама ў Мінску. Дзяўчына прыйшла працаваць у лютым мінулага года, калі яшчэ была студэнткай, а ў чэрвені ўжо атрымала дыплом. Яе заробак за снежань з улікам бальнічнага склаў 700 рублёў.

Фота гераіні публікацыі

«Даплаты ідуць за маладога спецыяліста — 100 рублёў, выплачваюцца прэміі, могуць налічваць грошы за метадычную літаратуру, — пералічвае дзяўчына. — Зарабіць больш магчыма, калі актыўна ўдзельнічаць у жыцці школы. Напрыклад, у навукова-практычных канферэнцыях, розных мерапрыемствах».

Па словах Анастасіі, нагрузка для яе невялікая: яна працуе ў сваё задавальненне. Кажа, што спецыяльна першапачаткова адмовілася ад класнага кіраўніцтва.

«Натуральна, гэта не адмяняе таго факта, што праца складаная. У кожнай школе свае патрабаванні. На жаль, заробак нестабільны, так што ён можа як вырасці, так і зменшыцца, — адзначае маладая спецыялістка. — У мяне стала трошкі больш гадзін у новым навучальным годзе, таму і заробак павысіўся.

Калі казаць пра выдаткі, то атрымліваецца так: за камуналку — 30-50 рублёў на дваіх, жыву я ў аднапакаёвай кватэры з маладым чалавекам. За арэнду кватэры — 250 рублёў (гэтую суму мы дзелім на дваіх). На ежу сыходзіць 200-250 рублёў, праязны — 30 рублёў. Калі казаць пра адзенне, то тут я не лічыла так. Але з таго часу, як я пачала зарабляць, мяне здзіўляюць цэны практычна на ўсё».

Як кажа дзяўчына, нягледзячы на тое, што яна не галадае, грошай не хапае ні на паездкі ў іншыя краіны, ні на добры тэлефон.

«Тут на дапамогу прыходзіць растэрміноўка. Калі стрымліваць свае «хацелкі», то пражыць на тыя грошы, што я зарабляю, можна, але хацелася б дастойнай аплаты працы, — лічыць яна. — Вядома, я адкладваю, але без асаблівага энтузіязму. Аб набыцці жытла і гаворкі быць не можа. Як? Дзе ўзяць з гэтага заробку грошы?»

Настаўніца мяркуе, што ёй для нармальнага жыцця было б дастаткова 1500 рублёў. Для яе гэтая сума цалкам адэкватная для працы ў сферы адукацыі.

Чытайце таксама: «Прэмію яму плацяць найбольшую». Ваенрукі ў школах: што яны робяць і за чым (кім) сочаць

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?