Траецкае прадмесце. Фота: mazzzur / depositphotos.com

Фантомны боль

Не будзем у чарговы раз паглыбляцца ў гісторыю — проста канстатуем, што ад таго старога Мінска сёння мала што засталося. Усяго пару разрозненых участкаў — Верхні горад, Камсамольская з Рэвалюцыйнай, Траецкае і Ракаўскае прадмесці… Усё астатняе бязлітасна знесена, а прастора, у большасці выпадкаў, забудаваная. Больш за тое, тэрыторыю цэнтра перарэзалі дзве транспартныя артэрыі — менавіта на іх скрыжаванні і здарылася надзвычайнае здарэнне.

У рэйтынгу тыповых для асвечанага мінчука комплексаў адсутнасць паўнавартаснага Старога горада — ледзь не № 1. Выпраўляючыся на выходныя ў Прагу, Вільню ці Львоў (а гэтыя туры нязменна карысталіся папулярнасцю), мы з зайздрасцю ўспаміналі, што і ў нас было такое — пакуль камунякі ўсё не разбурылі…

Фантомны боль не сціхае да гэтага часу. Грандыёзныя планы па «выпраўленні горадабудаўнічых памылак мінулага» з'яўляюцца з зайздроснай рэгулярнасцю. Архітэктар Уладзімір Папруга гадоў з 15 таму нават распрацаваў цэлую канцэпцыю, галоўнае новаўвядзенне якой — ператварэнне старога Мінска ледзь не ў суцэльную пешаходную зону. Праект, вядома, паклалі пад сукно, але яго рэінкарнацыя не прымусіла сябе чакаць.

Аўтары нядаўняй петыцыі прапануюць пусціць асноўны трафік у абыход гістарычнага цэнтра, завузіць ранейшую магістраль на Багдановіча, узнавіць цэлыя кварталы і нават вуліцы гістарычнай забудовы… Увогуле, планаў — свет.

Горадабудаўнікі памыляюцца адзін раз

І гэтыя планы чымсьці нагадваюць грандыёзныя задумы горадабудаўнічых авангардыстаў першай паловы ХХ стагоддзя. Праўда, Ле Карбюзье і таварышы заклікалі пазбавіцца ад «старызны» дзеля сучаснай забудовы і планіроўкі. Тут жа ўсё з дакладнасцю да наадварот.

Былі часы (прычым адносна нядаўна), калі вузкія вулачкі ў Мінску бязлітасна зносіліся ў імя шырокіх праспектаў. Цяпер нам прапануюць пракруціць адваротную аперацыю.

Пры гэтым не задумваючыся пра многія дэталі. Хоць урбаністычная рэвалюцыя ў цэнтры Мінска, відавочна, прывядзе да парушэння замацаванага для многіх ладу жыцця. Тых, хто жыве ў Старым горадзе, ездзіць туды на працу, арганізаваў там бізнэс (а для многіх бізнэсаў наяўнасць пад'езду проста неабходная) — або проста кожны дзень перасякае транзітам.

Улічваючы цяперашні трафік, пераарыентацыя транспартных плыняў наўрад ці пройдзе бязбольна. І Першае кольца, на якое спадзяюцца аўтары петыцыі, цалкам сітуацыю не выратуе. Шлях на машыне з Зялёнага Лугу ў Малінаўку будзе займаць ужо не 20 хвілін, як цяпер.

Што ні кажы, у чымсьці прагматыкі мелі рацыю: усе гэтыя старыя вулачкі — сапраўдны галаўны боль для гарадскіх уладаў і нязручнасць для простых грамадзян. Бо горад — не музей, а асяроддзе для жыцця.

І для таго, каб трываць такія нязручнасці, добра б мець матывацыю. Не толькі патрыятычную (што само сабой зразумела), але і эканамічную.

Прыхільнікі пешаходнага цэнтра гэта разумеюць. У тых гарадах, якія яны ставяць у прыклад, па такіх вулачках без працы сноўдаюцца натоўпы турыстаў. Але адкуль яны ў нас могуць узяцца ў прамысловым маштабе, пакуль незразумела.

Да таго ж, рамантыкі ўпарта не хочуць разумець аднаго. Для паспяховай рэалізацыі буйных горадабудаўнічых праектаў неабходныя як мінімум два рэсурсы: па-першае, шмат мазгоў, а па-другое — шмат грошай. Наўрад ці зараз у нашай дзяржавы і таго, і другога з запасам.

Як паказвае практыка, паслядоўна ўвасабляць маштабныя і комплексныя задумы ў нас не надта атрымліваецца. Скажам, спроба перасяліць ладную частку мінчукоў у гарады-спадарожнікі даўно буксуе — нягледзячы на пастаянную ўвагу да тэмы.

А аднавіць гістарычны цэнтр — гэта вам не новыя Шабаны пабудаваць, але толькі за кальцавой. Гэта ў сто разоў складаней.

Да таго ж, Стары горад — гэта заўсёды яшчэ і атмасфера. Яе немагчыма стварыць пстрыкам пальцаў, проста аднавіўшы ў матэрыяле муляжы старых дамоў.

Атмасфера гэтая ў нас дзе-нідзе яшчэ захавалася. Скажам, у ранейшых мястэчках — такіх, як Іўе або Гальшаны. Але гэта толькі пакуль. Бяздумныя «аграрамонты» паступова яе забіваюць. Ды і самі дамкі, не ўключаныя ў Дзяржаўны спіс спадчыны, знікаюць адзін за адным.

Каб іх захаваць, зусім неабавязкова мяняць звыклыя маршруты сотняў тысяч.

Даваць ацэнку тым горадабудаўнічым ініцыятывам, якія спарадзілі цяперашні статус-кво, позна і бессэнсоўна. Так, гэта сапраўды памылка. Але горадабудаўнікі, як і сапёры, памыляюцца адзін раз. Не думаю, што сёння ёсць магчымасць гэтую памылку выправіць. Нават пры самым спрыяльным збегу абставін.

Галоўнае — вывучыць урокі

Чым небяспечныя пражэкты па адраджэнні старога Мінска? Здавалася б, нічым: шанцаў на іх ажыццяўленне нуль, а памарыць ніколі не шкодна.

Але пры гэтым яны адцягваюць увагу ад тых праектаў па захаванні спадчыны Мінска, якія ўсё яшчэ можна ажыццявіць. Па-першае, гэта забытае ўсімі Замчышча — аб'ект, важнейшага за які проста не адшукаць. Па-другое — тыя ацалелыя «закуткі», якія апускаюць нас у розныя перыяды мінулага.

І калі з Замчышчам пакуль прыйдзецца пачакаць — дзяржава наўрад ці знойдзе на яго грошы, — то больш лакальныя ініцыятывы цалкам маюць шанцы на поспех. Вядома, пры пэўнай настойлівасці.

Напрыклад, Паўночны завулак — астравок драўлянага Мінска пачатку ХХ стагоддзя, нейкім цудам захаваўся пасярод гіперурбанізаванага мегаполіса. Аб'ект невялікі, не надта дарагі — і патэнцыйна цікавы, калі добра падаць. Але ніякіх канкрэтных планаў па яго ператварэнні ў турыстычную зону да гэтага часу не агучана. Што там будзе далей, пакуль незразумела.

Ход гісторыі наўрад ці можна павярнуць назад. Што, аднак, зусім не перашкаджае здабываць з яе ўрокі на будучыню.

Адзін з найважнейшых — стаўленне да асяродкавай забудовы. Гэта значыць, не да выбітных помнікаў, а да звычайных дамкоў, якія, у сваёй сукупнасці, і ствараюць так любімую намі атмасферу.

Другі ўрок, які нам важна вынесці, — своечасовае ўсведамленне значнасці архітэктуры і асяроддзя як аб'екта спадчыны. Яшчэ зусім нядаўна кварталы Асмалоўкі ў такой якасці нікім не ўспрымаліся: маўляў, таксама мне даўніна… Але ўжо сёння толькі нямногія сумняюцца ў тым, што гэта культурная каштоўнасць. Такая эвалюцыя ўспрымання адбылася дзякуючы намаганням групкі энтузіястаў. Прычым вельмі своечасова — планы па зносе Асмалоўкі ўжо маячылі на гарызонце.

Наступны феномен, які варта загадзя ўключыць у тое ж поле «спадчыны», — савецкі мадэрнізм 70-ых — 80-ых. Тут таксама галоўнае паспець. Важна, каб культурная каштоўнасць гэтых аб'ектаў стала аксіёмай яшчэ да яе фактычнага знішчэння ў ходзе рамонтаў.

А то потым прыйдзецца шкадаваць, як цяпер мы шкадуем пра тую жа Нямігу.

Чытайце таксама:

Рашэнне аб чарговай «будоўлі стагоддзя» нярэдка носіць палітычны, а не практычны характар. Чаму абвал пуцеправода на Нямізе быў непазбежным

 Кіраўнік Мінска расказаў, якім будзе новы мост праз Нямігу

«Абвал моста на Нямізе — намёк на тое, што можна зрабіць горад лепшым і ўтульнейшым» — эксперт

Што вядома пра мост на Нямізе, які абрынуўся гэтай ноччу

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?