БАТЭ перамог «Вентспілс» з лікам 2:1, але па суме двух матчаў (2:2) у наступны раўнд праходзіць латвійскі клуб.
Матч 3-га кваліфікацыйнага раўнду Лігі чэмпіёнаў прайшоў у Барысаве ў сераду, 5 жніўня.
Пачалася гульня надзвычай аптымістычна. БАТЭ першыя хвілін сем сядзеў на варотах «Вентспілса» і, здавалася, што два мячы нам гарантавана. Так яно і сталася ў выніку, але…
На 14-й хвіліне беларусы атрымалі халодны душ.
Пасля падачы чарговага вуглавога латвійцы выйшлі наперад – 1:0. Вызначыўся Ігар Цыгырлаш.
Цяпер БАТЭ, каб выйсці ў наступны этап, трэба было забіваць тры мячы.
На 43-й хвіліне лік зраўняў – зноў пасля розыгрышу вуглавога – Сяргей Крывец. 1:1.
Другі тайм таксама пачаўся аптымістычна для беларускіх заўзятараў. Той жа Крывец пасля фантастычнана правалу «Вентспілса» ў абароне вывеў беларусаў наперад – 2:1.
Здавалася, што забіць адзін гол – раз плюнуць. Госці ледзь ссоўвалі ногі па полі, прынамсі на чужой палове.
Як не трапіў у вароты праз хвіліну пасля свайго выхаду на поле Максім Скавыш на 75-й хвіліне? Загадка.
БАТЭ не здолела паставіць тлустую кропку ў гульні. Нягледзячы нават на тое, што суддзя Аляксандр Тудар дадаў пяць хвілін. Амаль усе нашыя атакі гасіў галкіпер гасцей Андрэй Паўлаў.
2:1.
У Вентспілсе латышы выйгралі 1:0, такім чынам агульны лік 2:2, але за кошт мяча забітага ў гасцях
у плей-оф кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў выходзіць «Вентспілс».
Што праўда, БАТЭ паспрабуе прабіцца ў групавы турнір Лігі Еўропы праз плей-оф кваліфікацыі.
Лёсаванне – 7 жніўня, у пятніцу. Матчы 20 і 27 жніўня.