У рамках кампаніі «Будзьма» адбудзецца першая прэзентацыя новай кнігі з серыі «Кнігарня «Наша Ніва» — «Рэспубліка супраць аўтакратыі. Рэч Паспалітая і Расія ў 1686—1697 гадах». Адбудзецца яна амаль на курорце. Мы маем на ўвазе сталіцу Паазер’я — Глыбокае.

Кніга гісторыка Анджэя Сулімы‑Камінскага «Рэспубліка супраць аўтакратыі. Рэч Паспалітая і Расія ў 1686—1697 гадах» апавядае пра перыяд зацішша, калі нічога не мянялася на ўсходзе Еўропы. Але то было зацішша перад бурай, калі адны бяздарна гублялі шанцы, а другія паслядоўна рыхтавалі змену ў балансе сілаў. Прафесар Джорджтаўнскага універсітэту Суліма‑Камінскі — адзін з самых аўтарытэтных спецыялістаў па гісторыі Рэчы Паспалітай. Ягоная кніга бліскуча тлумачыць механізм функцыянавання дзяржавы палякаў, беларусаў, украінцаў, літоўцаў — сакрэт яе стойкасці, дзякуючы якому яна стагоддзямі вытрымлівала націск мацнейшых суседзяў.

Таксама можна будзе азнаёміцца з новай кнігай Алега Латышонка «Нацыянальнасць — беларус». Прыедзе і рэкламная прадукцыя кампаніі «Будзьма». Гэтая ініцыятыва мае на мэце з’яднаць беларусаў, абудзіць пачуццё нацыянальнай салідарнасці.

Запрашаем усіх глыбачан, жыхароў рэгіёну і курортнікаў. Сустрэча пройдзе 7 жніўня, у пятніцу, па адрасе Глыбокае, вул.Мінская, 8‑1. Даведкі праз тэл. (029) 545‑20‑36.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0