Цягам гэтага тыдня моладзь з Беларусі, Украіны, Польшчы й Нямеччыны ладзіць сустрэчу ў Чарнігаве ў межах міжнароднага праекту «Дыялёгі з суседзямі».

З беларускага боку арганізатарам мерапрыемства выступае Грамадзянская Ініцыятыва «Гомельскі Дэмакратычны Форум». Са словаў яе каардынатара, Пятра Кузьняцова, галоўнымі мэтамі праекту зьяўляюцца ўсталяваньне стасункаў паміж моладзьзю краінаў Усходняе й Цэнтральнае Эўропы, а таксама навучаньне грамадскіх лідэраў дысцыплінам, карысным дзеля іхняй дзейнасьці.

Зь ягоных словаў, у гэтым годзе, такой дамінуючай тэмай стаўся уплыў Чарнобыльскае аварыі на жыцьцё простых людзей краінаў Усходняе Эўропы. Цягам тыдню ўдзельнікі праекту абмяркуюць балючыя пытаньні, зьвязаныя з наступствамі найвялікшае тэхнагеннае катастрофы, з вучонымі‑экспертамі, журналістамі, а таксама жыхарамі забруджаных тэрыторыяў – самасёламі.

Аднак гэтым «Дыялёгі с Суседзямі» ў Чарнігаве не абмяжуюцца. Таксама пройдуць навучальныя сэмінары па тэмах «Сучасная журналістыка як спосаб вырашэньня грамадскіх праблемаў», ды «Як пабудаваць эфектыўны недзяржаўны праект». Арганізатары мяркуюць, што веды па гэтых дысцыплінах будуць карыснымі дзеля паўсядзённае дзейнасьці актыўнай моладзі.

Да таго ж, адбудуцца дзьве абзорныя экскурсіі: на Чарнобыльскую АЭС і ў Кіеў.

Сёлета ў сустрэчы бяруць удзел каля 40 маладзёнаў з чатырох краінаў, 10 зь іх – з Беларусі. Ёьць удзельнікі з Гомеля, Рэчыцы, Пінску, Салігорску, Горадні.

Праект «Дыялёгі з Суседзямі» распачаўся ў 2007 годзе з сустрэчы ў Беластоку. Спроба зладзіць мерапрыемства на тэрыторыі Беларусі скончылася скандалам: польскія госьці былі дэпартаваныя з забаронай на ўезд у Беларусь цягам 5 год, а сам сэмінар спынены сілавымі службамі. З тых пор асноўныя сустрэчы ладзяцца па‑за межамі нашае краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?