Імша памяці Скарыны ў Празе. Фота: фэйсбук Дзмітрыя Гурэвіча.

20 студзеня з удзелам cтаршыні Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі, біскупа Віцебскага Алега Буткевіча ў касцёле святога Андрэя Баболі ў Полацку адзначылі 500-годзе выдання Францішкам Скарынам «Малой падарожнай кніжыцы».

З гэтай нагоды ў родным горадзе першадрукара адбылася ўрачыстая цэлебрацыя, у якой разам з кіраўніком беларускага каталіцкага епіскапата маліліся святары лацінскага і ўсходняга абрадаў, полацкія парафіяне і госці.

Як паведамляе Catholicnews.by, у пастырскім слове да вернікаў біскуп Буткевіч адзначыў:

«Францішак Скарына з’яўляецца для нас прарокам; тым, хто ў сваім жыцці перадусім прагнуў жыць Божым словам і ім дзяліцца».

«Малая падарожная кніжыца» — гэта збор псалмоў і малітваў, выдадзены Францішкам Скарынам у 1522 годзе ў Вільні. Яна стала, фатычна, першым малітоўнікам на роднай мове для свецкіх вернікаў. Гэтае ўнікальнае выданне, як і многае з таго, што рабіў вялікі дзеяч Адраджэння, апярэдзіла свой час і з’яўляецца нацыянальным духоўным скарбам нашага народа.

Падобныя набажэнствы ў гэты дзень прайшлі таксама ў Мінску, Вільні, Празе, Падуі і Варшаве, а ў Літве 2022-ы год абвешчаны Годам Скарыны.

На імшы ў сталіцы Чэхіі, у базіліцы святых Пятра і Паўла, арцыбіскуп Прагі кардынал Дамінік Дука параўнаў Скарыну са стваральнікамі інтэрнэту і назваў яго вялікім еўрапейскім гуманістам, з якога павінны браць прыклад сучасныя еўрапейцы, якія забываюць, дзе іх карані.

«Скарына з Полацку, які вучыўся ў Кракаве і Падуі, працаваў у Празе і Вільні, гэта ўзор еўрапейца, які злучаў гэтыя гарады і рэгіёны, сказаў чэшскі прымас. А сваёй друкарскай дзейнасцю паўплываў не толькі на беларускую ці ўкраінскую мову, але і чэшскую. Кардынал Дука маліўся за беларусаў, каб памяталі пра свае карані і ведалі, куды яны ідуць, а таксама за тое, каб беларускія ўцекачы як мага хутчэй вярнуліся на радзіму», — напісаў у Фэйсбуку Дзмітрый Гурневіч. 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна