Фота Сье Хуанцзі / Сіньхуа.
Паводле інфармацыі агенцтва, Сі Цзіньпін такім чынам хоча ўмацаваць свой аўтарытэт напярэдадні пачатку трэцяга тэрміну на чале Кітая.
Падчас нядаўняй размовы з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным кіраўнік КНР Сі Цзіньпін мог папрасіць яго «не ўрывацца» ва Украіну падчас Алімпійскіх гульняў у Пекіне, якія пройдуць з 4 па 20 лютага. Пра гэта паведамляе Bloomberg са спасылкай на неназванага дыпламата ў сталіцы Кітая.
Паводле інфармацыі крыніцы, кітайскі лідар імкнецца ўмацаваць свой аўтарытэт як унутры краіны, так і ў свеце напярэдадні пачатку свайго трэцяга тэрміну на пасадзе, І крызіс у Еўропе — «апошняе, што яму трэба».
Як піша Bloomberg, менавіта ў сувязі з гэтым замежнапалітычнае ведамства Кітая 14 студзеня нагадала, што ўсе краіны абавязаныя выконваць рэзалюцыю ААН аб алімпійскім перамір'і, якое ў старажытныя часы пачынала дзейнічаць за сем дзён да пачатку гульняў і мусіць доўжыцца сем дзён пасля заканчэння Паралімпійскіх гульняў. У 2022 годзе гэта часовы прамежак з 28 студзеня па 20 сакавіка.
Ваенныя аналітыкі меркавалі, што вясной, у распуціцу, перасоўванне войскаў ускладняецца. Многае паказвала, што Расія падрыхтавала сілы для атакі зімою.
Чытайце таксама: Дзярждэп: Для Аляксандра Лукашэнкі і людзей, якія трымаюць яго ва ўладзе, надышоў «момант, калі трэба вырашаць»
Пра пагрозу новага ўварвання Расеі ва Украіну заходнія разведкі загаварылі ў лістападзе, пасля таго як Масква сабрала на межах з Украінай вялікія сілы. На сёння яна працягвае перакідаць дадатковыя часці з Далёкага Усходу.
Дадатковую трывогу ва Украіне і свеце выклікала інфармацыя аб правядзенні беларуска-расійскіх вучэнняў уздоўж паўночнай мяжы Украіны. Мінабароны Беларусі назвала мэтай вучэнняў ацэнку гатовасці сіл Саюзнай дзяржавы да абароны межаў.
У прыватнасці, у Беларусі, сярод іншага, разгорнутыя 12 расейскіх знішчальнікаў Су-35 і проціракетныя сістэмы С-400.
Заяўлена, што першая частка вучэнняў пройдзе да 9 лютага, другая — 10—20 лютага.
Жыхары Брэсцкай і Гомельскай абласцей Беларусі паведамляюць аб прысутнасці расійскіх вайскоўцаў і тэхнікі каля розных населеных пунктах. Акрамя таго, паведамляецца аб перамяшчэнні расійскай ваеннай тэхнікі па чыгунцы Масква-Мінск-Брэст. Дзясяткі фатаграфій і пастоў пра гэта з'явіліся ў сацыяльных сетках і тэлеграм-каналах. У тэлеграм-канале чыгуначнікаў прайшла інфармацыя, што з Расіі ў Беларусь прыбудзе 200 вайсковых эшалонаў з жывой сілай і тэхнікай, чаго ніколі не бывала раней.