Лідэр Руху за Свабоду Аляксадр Мілінкевіч запатрабаваў адстаўкі прэм’ер‑міністра Сяргея Сідорскага. Цяпер у найбліжэйшы час старшыні Саўміна, здаецца, няма пра што турбавацца.

У інтэрв’ю інтэрнет‑выданню «Мы» Аляксандр Мілінкевіч заявіў, што апошнія падзеі, звязаныя з прыняццем і хуткай адменай пастановы Савета міністраў №991, прадэманстравалі некампетэнтнасць беларускага ўраду.

На думку экс‑кандыдата ў прэзідэнты, улады чарговы раз прадэманстравалі сваю бездапаможнасць у барацьбе з эканамічным крызісам. Мілінкевіч мяркуе, што неабходна сфармаваць новы ўрад, здольны правесці ў краіне эканамічныя рэформы.

Калі ў Лукашэнкі і быў намер адправіць Сяргея Сідорскага ў адстаўку, то цяпер кіраўнік дзяржавы гэтага напэўна не зробіць, каб гэта не выглядала, што ён быццам прыслухаўся да патрабаванняў апазіцыі.

Так што, на бліжэйшыя тыдні (а то і месяцы) Сідорскі атрымаў імунітэт ад звальнення. На наш погляд, за такую паслугу, прэм’ер‑міністр, як мінімум, павінен праставіць Аляксандру Мілінкевічу скрыню добрага каньяка.

Зрэшты, кіраўнік Руху за Свабоду таксама не застаўся ні з чым. Трэба меркаваць, у сённяшняй сітуацыі заява пра адстаўку Сяргея Сідорскага дадала Аляксандру Мілінкевічу балаў у вачах выбарцаў.

Ян Буян, Салідарнасць

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0