Беларускі саюз мастакоў не мае дачынення да вырабу адкрытай у Брэсце скульптурнай кампазіцыі, прысвечанай гісторыі горада, заявіў у інтэрв’ю БелаПАН першы намеснік старшыні грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз мастакоў» Рыгор Сітніца.
Разам з тым на прэс‑канферэнцыі 15 ліпеня ў Брэсце старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Палышанкаў паведаміў, што фігуры «адліваюць у Мінску на ліцейным двары саюза мастакоў і скульптараў Рэспублікі Беларусь», пра што праінфармавалі СМІ.
Помнік быў адкрыты 25 ліпеня ў рамках святкавання 990‑годдзя Брэста. Гэта трох’ярусны манумент з граніту і бронзы. На ніжнім ярусе размешчана 12 бронзавых шыльдаў. Яны ўтвораць сімвалічны гадзіннік, які нібыта адмярае ход часу. На шыльдах коратка апісаныя найбольш значныя падзеі з 990‑гадовай гісторыі горада. Вышэй размешчаны шэсць бронзавых фігур: тры гістарычныя — Вітаўт, Радзівіл Чорны і князь уладзіміра‑валынскі Уладзімір Васількавіч і тры зборныя выявы — маці, салдата і летапісца. Над імі ўзвышаецца фігура анёла‑захавальніка горада. Скульптурная кампазіцыя распрацавана брэсцкім скульптарам Аляксеем Паўлючуком.
Як паведамлялася раней, на шыльдах помніка спецыялісты налічылі 75 арфаграфічных памылак.
Яны былі выяўленыя ў надпісах да адкрыцця скульптурнай кампазіцыі. Падчас прыёму аб’екта дзяржаўная камісія зафіксавала гэтыя памылкі.
Як сказаў БелаПАН начальнік вытворчасці ТАА «Ліцейны двор» (вёска Узляны, Пухавіцкі раён, Мінская вобласць) Яраслаў Парахневіч, фігуры і шыльды для помніка адлітыя на іх прадпрыемстве.
«У тэксты шыльдаў, дзе былі выяўлены памылкі, вырашана найбліжэйшым часам унесці адпаведныя змены, — сказаў ён. — Разам з тым я хачу звярнуць увагу на тое, што наша прадпрыемства адліло шыльды ў адпаведнасці з тэкстамі, якія даў заказчык».