Фота: Міністэрства абароны Беларусі. Носіць ілюстрацыйны характар

Фота: Міністэрства абароны Беларусі. Носіць ілюстрацыйны характар

Позвы атрымалі афіцэры розных вайсковых спецыяльнасцяў, нам вядома пра некалькі выпадкаў. Правесці ў войску агулам прапануецца 25 дзён. Зборы будуць і на палігонах, і ў Ваеннай акадэміі. 

«Гэта можа быць звязана з вучэннямі. Сэнс у тым, што амаль усе ваенныя часці ў Беларусі ў скарочанай камплектацыі: 50-70%. Укамплектаваных на 100% часцей няма. Адпаведна, часці трэба даўкамплектоўваць за кошт рэзервістаў», — тлумачыць «Нашай Ніве» дзеючы ваенны. 

«Каго менавіта выклічуць на цяперашнія зборы, не маючы перад вачыма папер, сказаць цяжка: спіс спецыяльнасцяў можа быць даволі шырокі, — адзначае наш суразмоўца. — У гэтым, як правіла, ламаюць голавы і супрацоўнікі ваенкаматаў, бо гэта залежыць ад мноства фактараў: званняў (шараговец, прапаршчык, афіцэр), спецыяльнасцяў, узросту, часу ад апошняга выкліку, графіку збораў. Вельмі складана. І ў гэтых выкліках можа не быць нічога экстраардынарнага — усё можа ісці па плане. 

Адзінае, што было б справядліва пра такое інфармаваць публічна, каб выклікі не былі для людзей нечаканасцю, асабліва на фоне агрэсіі Расіі супраць Украіны і меркаванай ролі Беларусі ў гэтым». 

«Што тычыцца Ваеннай акадэміі, то ў лютым там традыцыйна пачынаецца перападрыхтоўка рэзервістаў. Цікава, што сёлета будуць перападрыхтоўваць па спецыяльнасці «ваенны журналіст», — дадаў інфармаваны выкладчык. — Раней у войску былі падраздзяленні кшталту інфармацыйна-псіхалагічнай барацьбы, укамплектаваныя савецкай тэхнікай — тыпаграфіямі, напрыклад, ад якіх усе пляваліся. Цяпер ламачча прыбралі, пастаўляюць новыя рухомыя цэнтры са спадарожнікавым інтэрнэтам. Будуць наборы на перападрыхтоўку». 

Чытайце таксама: 

Калі Расія нападзе на Украіну з беларускай тэрыторыі, ці будуць украінцы біць па Беларусі?

Пётра Рудкоўскі: У Беларусі армія вялікая ў колькасным плане, але пры гэтым самая бедная пасля малдаўскай

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0