Больш як на 1 млрд даляраў штогод. Беларусь уводзіць забарону на чыгуначны транзіт з Літвы нафтапрадуктаў і іншых грузаў
Беларусь уводзіць забарону на чыгуначны транзіт з Літвы для групы тавараў. Аб гэтым сёння заявіў журналістам прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз, піша БелТА.
Анатоль Глаз нагадаў, што «Літва забараніла транзіт беларускіх тавараў праз свае парты. Беларускі бок неаднаразова прапаноўваў кансультацыі для ўрэгулявання пытанняў у прававым полі, але Літва не пайшла на дыялог».
«Намі прынятае рашэнне аб забароне перавозак, якія ідуць з Літвы чыгуначным транспартам», — сказаў прэс-сакратар МЗС.
Пасля МЗС удакладніла, што рашэнне аб забароне транзіту з Літвы па чыгунцы шэрагу тавараў уступіць у сілу 7 лютага. Забарона закране нафтапрадукты, а таксама хімічныя і мінеральныя ўгнаенні, пагружаныя на станцыях Літоўскай чыгункі.
Па беларускай тэрыторыі такіх грузаў перавозіцца каля 1,5-1,6 млн тон на суму больш за 1 млрд даляраў ЗША штогод.
Таксама ў заяве адзначаецца:
«Са свайго боку ўрадам Беларусі выпрацаваныя ўсе неабходныя лагістычныя рашэнні па пераарыентацыі ўсіх сваіх грузавых плыняў, не толькі ўгнаенняў, у марскія парты дзяржаў, якія выконваюць свае абавязальніцтвы і з'яўляюцца надзейнымі партнёрамі для нашай краіны».
Трэба думаць, гаворка ідзе пра Расію.
Каментары