Мікіта Старажэнка, фота з яго старонкі УКантакце

Мікіта Старажэнка, фота з яго старонкі УКантакце

Пра затрыманне Старажэнкі стала вядома 2 лютага. Спачатку з’явілася інфармацыя, што былога следчага абвінавачваюць па частцы 3 артыкула 130 КК «Распальванне варожасці», пакаранне ад 5 да 12 гадоў.

Але ў той жа дзень ГУБАЗіК выклаў пакаяльнае відэа, у якім на твары Старажэнкі бачныя сляды, падобныя да слядоў збіцця.

Скрыншот з відэа, якое выклаў ГУБАЗіК

Скрыншот з відэа, якое выклаў ГУБАЗіК

У роліку былы следчы прызнаецца, што перадаў кантакты двух супрацоўнікаў ГУБАЗіК і намесніка начальніка СК па Мінску аднаму з пратэсных тэлеграм-каналаў. Таксама ГУБАЗіК паведаміў, што Старажэнку вінавацяць у махлярстве за супрацоўніцтва з фондамі салідарнасці і зборам грошай на пагашэнне доўгу за навучанне ў Акадэміі МУС.

Што вядома на сённяшні дзень?

Мікіта Старажэнка ўраджэнец Веткі, што на Гомельшчыне. Нарадзіўся ў 1993 годзе, пасля школы адвучыўся ў Акадэміі МУС.

Яшчэ падчас вучобы, у 2016 годзе, ён ажаніўся, пасля стаў бацькам. З 2017 года Старажэнка працаваў у Следчым камітэце: следчым у Партызанскім райаддзеле сталічнага СК.

Тут і далей фота з інстаграма Мікіты Старажэнкі

Тут і далей фота з інстаграма Мікіты Старажэнкі

Як кажуць блізкія знаёмыя Мікіты, чалавекам ён быў даволі закрытым, нават скрытным. Але вядома, што яшчэ да выбараў 2020 года ў Старажэнкі ўзнікалі канфлікты на працы. 

«За перыяд сваёй службы ў 3 гады па ім праводзіўся шэраг службовых праверак, пасля чаго яму паказалі на дзверы. Быў звольнены ў чэрвені 2020 года з абавязацельствам кампенсацыі выдаткаў на яго навучанне і выплат стыпендыі», — піша канал ГУБАЗ пра Старажэнку.

Знаёмыя пацвярджаюць, што праверкі ў дачыненні да Старажэнкі сапраўды праводзіліся, але падрабязнасці ён не расказваў. 

«Але вядома, што ён моцна сварыўся са сваім шэфам, аж да таго, што мог паслаць там кагосьці на працы», — кажуць знаёмыя Мікіты.

Што да звальнення, то тут знаходзяцца супярэчнасці таму, што сцвярджае ГУБАЗіК. Бо сам Мікіта казаў, што спрабаваў звольніцца яшчэ да выбараў, але не атрымалася.

Ён нават выкладваў у сваім інстаграме фота дакумента за подпісам Сяргея Паско, начальніка УСК па Мінску (той Паско, які пераблытаў «Белсат» і «БелаПАН», а таксама заяўляў, што СК хоча, каб дэманстранты, за якіх фонды аплацілі штрафы, заплацілі па-новаму).

Дык вось, у паперы Паско паведамляе Старажэнку, што рапарт апошняга аб звальненні, напісаны 22 ліпеня 2020, разгледжаны. Праведзеная праверка, якая не знайшла прычын, каб разарваць кантракт з ім. 

Наступную заяву на звальненне Старажэнка напісаў ужо пасля выбараў — 17 жніўня.

«Ён сказаў, што яго ўсё дастала, усё закалупала, што ён бачыць несправядлівасць. З сям’ёй не раіўся — проста паведаміў сваім, што звальняецца і на наступны дзень не пайшоў на працу», — кажа блізкі знаёмы Старажэнкі.

20 жніўня 2020 года Мікіту нарэшце звольнілі. Яго абавязалі сплаціць больш за 14 тысяч рублёў: кампенсаваць выдаткі за навучанне ў Акадэміі МУС. Прычым унесці грошы трэба было цягам двух месяцаў. 

Але Старажэнка змог разлічыцца. 

«На сплату пайшлі адкладзеныя грошы сям’і, можа чымсьці дапамаглі бацькі, — кажуць яго знаёмыя. — Вядома, што частку грошай дала яго жонка — каля 8 тысяч рублёў. Яна не была вельмі задаволеная тым, што адбывалася, прасіла Мікіту не звяртацца ні ў якія фонды, сядзець ціха. Ці сапраўды ён прасіў дапамогі ў фондаў невядома, Мікіта быў вельмі закрыты».

Паціху ў Мікіты пачыналіся праблемы ў сям’і, звязаныя нават не з грашыма, а са стасункамі з жонкай. Некаторыя знаёмыя кажуць, што мужчына быў падобны не толькі на вельмі закрытага, але і «вельмі дзіўнага чалавека». 

«У красавіку 2021 года Старажэнка адсядзеў 15 сутак «за непадпарадкаванне». Пасля гэтага ён моцна змяніўся, стаў яшчэ больш замкнёны і цяжкі характарам. Што стала прычынай гэтага невядома, пра тое, што адбывалася падчас адсідкі ён не расказваў», — кажуць знаёмыя.

У выніку жонка сышла ад яго, пазней яны развяліся. З ліпеня 2021 года яны канчаткова раз’ехаліся і перасталі падтрымліваць якія-небудзь стасункі, кантактавалі толькі на тэму выхавання дачкі.

У маі 2021 года Старажэнку, як і іншых былых сілавікоў, настроеных супраць улады, адмысловым указам пазбавілі вайсковых званняў. У тым жа спісе былі пазбаўленыя званняў экс-следчы Яўген Юшкевіч, былы падпалкоўнік ГУБАЗіК Аляксандр Азараў і іншыя.

Апошнім часам Мікіта Старажэнка працаваў юрыстам. Пра яго затрыманне сям’я даведалася ад калег, калі на працы Старажэнкі правялі ператрус.

Пасля родным патэлефанаваў адвакат, які паведаміў, што не можа расказаць падрабязнасці, бо даў падпіску аб неразгалошванні.

Але, па словах знаёмых Старажэнкі, таго сапраўды вінавацяць па частцы 3 артыкула 130 КК «распальванне варожасці, здейсненае групай асоб альбо якое пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека альбо іншыя цяжкія наступствы». Пакаранне — калонія на тэрмін ад пяці да дванаццаці гадоў.

Чытайце таксама: Да 19 гадоў калоніі асудзілі падпалкоўніка ваеннай разведкі. Ён можа быць датычны да гучных зліваў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
4