Мінск—Петушкі. Менавiта па такiм жыццёвым маршруце аднойчы адправiўся Вiктар Васiльевiч Хадановiч i потым не пашкадаваў аб пераездзе ў вёску.

Удача стаць вяскоўцам

— Я правiльна зрабiў, мне пашанцавала, — мужчына адчыняе дзверы гаражоў, дзе стаяць дзве новенькiя iншамаркi. — Я ў сталiцы нiколi б так не жыў, як у вёсцы. Там зарабляў бы толькi на пражыццё i капейкi лiчыў, а тут працую шмат, але нi ў чым сабе не адмаўляю.

Сакрэт заможнасцi звычайнай сялянскай сям’i — у вялiкай падсобнай гаспадарцы. Летась, паводле статыстыкi Комсенiцкага сельскага Савета, муж i жонка Хадановiчы здалi дзяржаве амаль 32 тоны малака.

— Калi я толькi прыехаў у Петушкi, то заходзiў у хлеў i праз хвiлiну выскокваў адтуль, зацiснуўшы нос, — смяецца гаспадар. — А цяпер i не заўважаю гэтага паху…

Так, калiсьцi Валянцiна Аляксандраўна i Вiктар Васiльевiч пазнаёмiлiся ў Мiнску. Мужчына за тым часам працаваў у адмiнiстрацыйнай ахове партыйных будынкаў, i зусiм не меркаваў мяняць асфальт i гарадскiя выгоды на хлеў ды агарод. Але ўсё ж паехаў на радзiму маладой жонкi, дзе сужэнцы сталi працаваць у вясковай краме.

Яны заўсёды трымалi жывёлу i вырошчвалi бульбу, што давала магчымасць сям’i не бедаваць нават не ў самыя сытныя часiны. І нарэшце ў 1998 годзе муж з жонкай вырашылi кiнуць сталую працу i падацца на цяжкiя, але вольныя хлябы падсобнай гаспадаркi.

— Заробак у краме быў невялiкi, а праца нервовая, — проста тлумачыць тыя змены Хадановiч. — Дома спакайней, ды i зарабiць на ўласнай гаспадарцы, калi ёсць рукi i жаданне працаваць, можна болей.

Развод i кожнаму гектар

…Хата на ўскраiне Петушкоў, невялiкай i акуратнай вёсачкi. Традыцыйны палiсаднiк з кветкамi, цянiсты дворык. Усё па‑вясковаму сцiпла: няма нiякiх еўрарамонтаў i сучаснай пластмасы, толькi старая традыцыйная ўтульнасць.

Ад iншых хату адрознiвае бадай што спадарожнiкавая тэлевiзiйная антэна. Праўда, прагляд тэлепраграм абмяжоўваецца навiнамi для Вiктара Васiльевiча i адным серыялам для яго жонкi: часу нестае на адпачынак, тым больш у сезон.

Хадановiчы жывуць i працуюць нiбыта на хутары: суседзяў няма, навокал — гаспадарчыя пабудовы, сховiшчы для бульбы i збожжа, хлявы i палеткi. Валянцiна Аляксандраўна паказвае яшчэ адну сямейную ўласнасць: валун, выцягнуты з агарода на ўскраiну дарогi.

— Я мяркую пачысцiць вялiзны камень i напiсаць на iм лозунг: «Любiце працу!», — усмiхаецца гаспадыня.

Гаспадарка Хадановiчаў — як невялiкi калгас. Аснова дабрабыту — 6 кароў: штодзень сям’я здае да 150 лiтраў малака. Потым яшчэ дзясятак‑другi свiней i бульба, якой летась прадалi 14 тон.

Сям’я апрацоўвае цэлыя зямельныя плантацыi.

— Вы не паверыце, мы аднойчы развялiся дзеля гектара зямлi, — усмiхаецца Вiктар Васiльевiч. — У пачатку 1990‑х гадоў вясковай сям’i давалi толькi па гектары зямлi, а нам не хапала гэтага. Тады мы афiцыйна разышлiся, i атрымалi кожны па гектары. А калi гэта стала неактуальна, зноў пажанiлiся. Праўда, святкуем ранейшы дзень вяселля, бо новы быў нiбыта несапраўдны, фiктыўны.

Сочы як войска

— Я тры гады раблю справаздачнасць i разлiчваю наш заробак у месяц, — паведамiў гаспадар. — Спачатку мы зараблялi штомесяц па 1 мiльёне 470 тысяч рублёў, на другi год — 1,530 мiльёна, а летась атрымалася 1,880 мiльёна рублёў. Нядрэнна, цi не так?

— Грошы маем, але ўсё працай зароблена! — усплёсквае рукамi Валянцiна Аляксандраўна. — Людзi часта бачаць толькi вынiк, а ў спякоту нiкому даiць кароў не хочацца. Нiхто не глядзiць, колькi тут працы.

Ранiцай пад’ём — а 4‑й гадзiне, увесь дзень у гаспадарчых клопатах, спакой прыходзiць толькi пасля 23 гадзiн.

— Калi ўвечары ледзь жывы ўвалiшся ў хату, мiжволi мяркуеш, што трэба плюнуць i кiнуць усё гэта, — прызнаецца Вiктар Васiльевiч. — Нават з жонкай палаемся: маўляў, давай усё здадзiм i зажывём спакойна. Але ранiцай прачнешся, адпачнеш — i пайшоў наноў…

Задавальненне ад жыцця — новыя аўтамабiлi i гарадская кватэра, куды мяркуецца пераехаць блiжэй да цывiлiзацыi на схiле жыцця. Што ўбачылi ў вiтрыне i захацелася, можна набыць. Не мяхамi, вядома ж, але пачаставацца можна.

— Можна, але ў нас такi ўзрост, што асаблiва нiчога i не хочацца, прынамсi з прысмакаў, — шчыра кажа Валянцiна Аляксандраўна. — Ды мы часта i харчуемся на хаду. У сенакос не было часу нi гатаваць, нi есцi.

У той час, калi гараджане з’язджаюць на адпачынак i на курортах пачынаецца высокi сезон, у Петушках, як i паўсюдна ў вёсцы, надыходзiць самая гарачая пара: збожжа, салома, бульба.

Водпуск ля мора Хадановiчам не свецiць: у iх круглы год няма нi выхаднога, нi прахаднога. Можа, iм i па кiшэнi якiя‑небудзь Канары, але кiнуць гаспадарку немагчыма.

— А нам i не хочацца, калi шчыра, — прызнаецца Вiктар Васiльевiч. — Я аднойчы ў жыццi паехаў па пуцёўцы ў Сочы, дык днi ў календары выкрэслiваў, нiбыта ў войску. Не мог дачакацца, каб збегчы дадому! Там жа проста невыноснае гультайства!

Карова i трактар — кармiльцы

— Крызiс? — перапытвае Вiктар Васiльевiч у адказ на актуальнае пытанне. — Мяса i бульба па‑ранейшаму карыстаюцца попытам. Адчулi бадай што ў новых патрабаваннях да малака: яны цяпер такiя ж, як i да калгаснага. Тэмпература малака не павiнна быць вышэйшай за 10 градусаў. Таму даводзiцца падымацца на гадзiну раней, даiць i потым ахалоджваць малако калодзежнай вадой, тэмпература якой 7 градусаў.

Хадановiчы, па словах старшынi Комсенiцкага сельскага Савета Аляксея Рыбакова, першымi з гаспадароў справiлiся з такiмi сур’ёзнымi патрабаваннямi. Гаспадары кажуць, што дзяржава добра ставiцца да прыватных падворкаў. Цану на малако i датацыi пакiнулi ранейшымi, нягледзячы на крызiсныя з’явы. Ды i грошы за малако выплачваюць своечасова.

Але ад сёлета давядзецца плацiць падаткi з падсобнай гаспадаркi.

— З даходу звыш за 500 базавых велiчынь трэба аддаць 12 %, — паведамiў iнфармацыйна падкаваны Вiктар Васiльевiч. — Мы б i болей плацiлi, калi б дзяржава нам давала працоўны стаж.

Стаж — гэта самая вялiкая праблема для вяскоўцаў, якiя займаюцца толькi падсобнай гаспадаркай i жывуць з яе. Вiктар Васiльевiч кажа, што часта чытае ў газетах пра намеры Урада даць такiм гаспадарам, як ён i жонка, стаж за iх працу, але праблема так пакуль i не вырашана.

Яшчэ адно важнае пытанне — тэхнiка. Натуральна, што Хадановiчы апрацоўваюць зямлю i даглядаюць жывёлу не голымi рукамi, а з дапамогай тэхнiкi. Даiльны апарат, старэнькi трактар, нават невялiкi камбайн. Усе гэтыя агрэгаты набытыя калiсьцi ў сельскiх гаспадарак i адпрацавалi шмат гадоў.

— Я ўзяў бы льготны крэдыт на развiццё падсобнай гаспадаркi, як плануе Урад, пад 5 % гадавых, — кажа Вiктар Васiльевiч. — Для таго, каб набыць новы трактар. Таму што трактар i карова заўсёды пракормяць вяскоўца. Альбо калi б з завода давалi гаспадарам тэхнiку ў лiзiнг, напрыклад — з рэкамендацыi мясцовай улады. Вось тады падсобных гаспадарак у нас дакладна паболела б.

Не катарга, але ўпартая праца

Пад смачны ягадны кампот i шыкоўныя цукеркi добра весцi размову пра магчымасцi бязбеднага жыцця ў вёсцы.

— Я памятаю 1970‑я гады, калi стаў тут працаваць, — узгадаў старшыня сельскага Савета Аляксей Рыбакоў. — Тады таксама з неба не падала: лiчы, яшчэ толькi пачалi вяскоўцам даваць за працу грошы. Але кожны, хто хацеў, мог набыць тэлевiзар i халадзiльнiк. Можна было грошы сабраць, калi працаваць. I што самае важнае, працаваць штодзённа. Кожны дзень узнiмацца на золку i забыцца пра лiшняе спiртное.

— Так, мы памочнiкаў наймаем толькi зрэдку, таму што часцей трэба iх самiх пасвiць, — падхоплiвае гаспадар. — А наконт нашай працы, дык не падумайце, што гэта катарга. Проста вясковая праца сапраўды павiнна быць упартай: штодня станавiся i рабi, што б нi здарылася. Але ў горадзе такiх магчымасцяў зарабiць няма, нават на падпрацоўках.

— I не забудзьцеся, што мы любiм сваю працу, — сказала Валянцiна Аляксандраўна. — Я ў горадзе i жыць не здолела б. Тут у нас здаровае жыццё на зямлi, чыстыя паветра i ежа. I каровы часам лепей за людзей: яны разумныя iстоты i добра разумеюць чалавечую мову. Так што працу i родныя Петушкi не кiнем, пакуль будуць сiлы i здароўе.

Iлона Iванова, Круглянскi раён, Звязда

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0