«Улады ўсё падзеляць паміж сабой». Палітолаг Шульман пра тое, як працуе прапаганда і чаму нельга быць «па-за палітыкай».
Вядомы расійскі палітолаг Кацярына Шульман разважае, хто самая лёгкая ахвяра прапаганды, дзе праходзіць мяжа паміж прапагандай і інфармацыйнай вайной і што будзе, калі людзі вырашаць больш не цікавіцца палітыкай. І хоць прыклады былі збольшага пра Расію, многае сугучна з сітуацыяй у Беларусі.
Гутарку запісала вядомая беларуская IT-кампанія Andersen People.
Прапаганда — гэта хлусня?
«Прапаганда адрозніваецца ад інфармацыі тым жа, чым рэклама ад інфармавання — гэта паведамленне, якое мае на мэце абудзіць вас да дзеяння.
Мэта рэкламы прымусіць вас нешта набыць, змяніць вашы спажывецкія паводзіны. Мэта прапаганды — часам, змяніць вашы паводзіны, але часцей — змяніць ваша меркаванне, для гэтага на вас уздзейнічаюць эмацыйна.
Так што прапаганда можа ўтрымліваць праўдзівыя факты, але яны будуць сфармуляваныя так, каб дасцягнуць галоўнай мэты — змяніць ваша меркаванне і вашы паводзіны.
Тэрмін «прапаганда» паходзіць ад каталіцкай царквы. Ёсць вядомае выказванне іезуіта, маўляў, дайце мне першыя шэсць гадоў дзіцяці, а пасля можаце яго забіраць — гэтага дастаткова, каб мець уплыў на ўсё астатняе жыццё.
У першапачатковым сэнсе прапаганда — гэта споведзь, такі расповед, які мае на мэце звярнуць вас у сваю веру. У прапагандыста ёсць свая вера, ён належыць да пэўнай партыі, пэўнага боку. Чаго няма ў прапагандзе, дык гэта дэманстрацыі двух бакоў.
Гэтым прапаганда адрозніваецца ад асветы, якая стараецца развіць у вучнях крытычнае мысленне — уменне параўноўваць, выбіраць, рабіць высновы.
Нічога з гэтага прапаганда па сваёй прыродзе не робіць і не павінна рабіць. У прапагандыста ёсць бок, ён на ім стаіць і ён хоча перацягнуць вас на гэты бок.
Прапаганда не абавязкова звязаная з дзяржавай. Для аўтарытарных дзяржаў характэрная інфармацыйная манаполія, вось што важна.
Я калісьці глядзела палітычныя плакаты Швейцарыі, прымеркаваныя да рэферэндума, дзе вырашалася, ці варта даць жанчынам права голасу. І кожны з бакоў праз плакаты прасоўваў сваю ідэю. Прапаганда гэта? Відавочна, перадвыбарчая агітацыя неразрыўна з ёй звязаная. Але калі ў кожнага з бакоў ёсць магчымасць даносіць сваю пазіцыю, гэта нармальна. Для аўтакратый жа характэрная манапалізацыя: мегафон толькі адзін, і ён у руках дзяржавы.
І дэмакратычныя, і таталітарныя рэжымы заснаваныя на ўдзеле народа. А вось прапаганда ў аўтарытарных краінах дэмабілізуе, людзі замінаюць уладам, яны іх разражняюць, ад іх толькі страты.
Сучасныя аўтакратыі яшчэ не ў стане пазбавіцца ад выбараў, але і не ў стане іх сумленна выйграць, таму ўвесь час трэба мець справу з выбарцамі, а гэта стамляе. І калі прыдумаюць, як замяніць іх ботамі, гэта будзе сапраўдным шчасцем для ўладаў.
Аўтарытарная прапаганда заўсёды дэмабілізуе, яна кажа: «Сядай, дружа, я табе раскажу казку — пра добрых нас і пра дрэнных ворагаў, і пра нашага правадыра, які ўсіх перамог. А ты слухай і сядзі дома. І не рабі нічога. Мы нават вынікі выбараў без цябе намалюем». У аўтарытарных краінах народ для ўладаў заўсёды здраднікі, асабліва людзі, маладзейшыя за 60 год».
Хто самая лёгкая ахвяра прапаганды?
«У пытаннях, у якіх мы не разбіраемся, мы ўсе ўдзячныя спажыўцы прапагандысцкай прадукцыі. Ну няма ў нас часу разбірацца ва ўсім, і мы будзем рады, калі нам проста і даступна ўсё патлумачаць. А прапаганда заўсёды такая і ёсць: простая, зразумелая, зручная, некаторыя кажуць — прымітыўная.
Калі ж справа даходзіць да таго, што нам блізка, да таго, у чым мы разбіраемся, у нас ужо ёсць сваё меркаванне, і мы не такія лёгкія ахвяры прапаганды. Па гэтай прычыне столькі высілкаў прапаганды накіраваныя на знешнепалітычную тэму.
Адкрыю страшэнную таямніцу — гэта нікога не хвалюе. Для большасці людзей гэта гульні розуму, проста карцінкі. Тэма настолькі для іх далёкая, што яны могуць сабе дазволіць верыць каму заўгодна.
Але ўсё ж такі ёсць найбольш схільныя да прапаганды людзі. У палітычнай псіхалогіі ёсць паняцце «аўтарытарная асоба», для якой характэрная аўтарытарная паслухмянасць (верыць ва ўсё, што кажа «аўтарытэт»), агрэсія (не ўспрымае меркаванне апанентаў), інтэлектуальная прастата і, што цікава, цікавасць да чужога сэксуальнага жыцця.
Калі пра гэта даведваешся, пачынаеш паўсюль гэта заўважаць. Такія людзі вельмі ахвотна асуджаюць чужыя норавы, іх абурае, што ў людзей па суседстве ўсё арганізавана інакш. Гэта спецыфічная фіксацыя на тым, хто гей ці не гей, добра гэта ці дрэнна, баба з мужыком няправільна камунікуюць, а там дзяцей няправільна робяць, — усё гэта прыкметы аўтарытарнай асобы. Прапаганда і фарміруе аўтарытарную асобу, і спажывае яе.
У інфармацыйным грамадстве стала зразумела, што меў на ўвазе Фрэнсіс Бэкан, які казаў: «Веды — гэта ўлада». Адукацыя ў адной са сфераў дапамагае вам разумець, адкуль бярэцца навуковая карціна свету, вы дастаткова недаверлівыя, бо ведаеце, што фактаў бывае шмат.
Другі фактар — разнастайны досвед. Людзі, якія бачаць перад вачыма адну і тую ж карцінку, нідзе не бываюць, трымаюцца адной працы, сустракаюцца з адным колам людзей, складана ўяўляюць, што жыццё можа быць іншым, для іх усё больш-менш уніфікавана, для іх характэрная нецярпімасць — не бачылі яны нічога.
Сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што разуменне і памяркоўнасць да людзей іншых поглядаў, нацыянальнасці, культуры з’яўляецца, калі ў асяроддзі з’яўляецца хоць адзін такі «іншы» чалавек.
А цяпер уявіце, калі ў чалавека разнастайны досвед, калі ён бачыў шмат людзей, якія ад яго адрозніваюцца, тады і ўзровень яго талерантнасці вышэйшы, да таго ж, гэта моцна развівае мозг. Калі сядзець на адным месцы ў скрыначцы, мозг прыгняетаецца, і разумовая прастата становіцца яшчэ прасцейшай.
І што цікава, пад такое апісанне падыходзіць не толькі просты чалавек, але і вялікія начальнікі, хоць, здавалася б. Але яны бачаць адных і тых жа людзей, у асноўным свой абслугоўваючы персанал, і такіх самых начальнікаў, як яны. Жывуць у скрыначцы, якая, праўда, пазалочаная. Але яны ходзяць аднымі і тымі ж маршрутамі, едуць па звыклых рэйках, змяніць якія немагчыма.
Самыя шчаслівыя людзі — сярэдняга даходу і свабодных прафесій. Грошай дастаткова, каб не клапаціцца пра заўтрашні дзень, можна вандраваць, хапае адукацыі зразумець, куды ты прыехаў, людзям без адукацыі і падарожжы не прыносяць радасці».
Чаму прапагандысты выкарыстоўваюць такую варожую мову?
«Гэтая агрэсіўная плынь павінна ўзбуджаць. Гэта бясплатныя эмоцыі. Прапаганда эфектыўна фарміруе меркаванне па пытаннях, якія для людзей не маюць значэння.
Ім паказваюць «Гульню тронаў», дзе трэба далучыцца да патрэбнай каманды, балець за нашых. І гэта нічога не каштуе.
Пры аўтарытарнай прапагандзе ад слухача патрабуецца маўклівая згода, чалавек не павінен супраціўляцца. Трэба стварыць уражанне, што праўды не знайсці, усе хлусяць. Трэба стварыць адчуванне разгубленасці, дэзарыентацыі і раздражнёнасці. І аўтарытарная мара, каб чалавек з гэтым белым шумам у галаве сядзеў і нікуды не выходзіў».
А дзе мяжа паміж прапагандай і інфармацыйнай вайной?
«Розніца ў тым, ці ёсць заклік да дзейнняў. Адна справа сказаць, што амерыканцы нашы ворагі, іншая — заклікаць пайсці да амбасады і закідаць яе бутэлькамі з запальваючай сумессю. «Радыё Ста халмоў», якое любяць прыводзіць у прыклад інфармацыйнай зброі, акурат займалася заклікамі, у выніку забівалі людзей.
Гісторыі пра распятых людзей — стары прапагандысцкі метад, які з’явіўся ў Першую сусветную вайну. Лічылася, што немцы гэта робяць у Бельгіі. Гэта былі не дзеці, а маладыя салдаты.
Паколькі гэта адпавядае базаваму хрысціянскаму сімвалу, гэта запамінаецца. Адзін раз такое пачуеш, ужо не забудзеш. Таму вобразы распятых людзей перыядычна ўзнікаюць у розных узброеных канфліктах».
Як палітыка можа разбурыць сем’і?
«Сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што тры пытанні часцей за ўсё разбураюць сем’і: грошы, побыт і палітычныя ці ідэалагічныя матывы. Так што гэта сур’ёзна.
Калі ў вас сапраўды розныя палітычныя погляды, гэта можа нават зрабіць немагчымым ваша сямейнае жыццё. Так што лепш загадзя пацікавіцца, якія ў чалавека палітычныя погляды.
Лепш жыць з тымі, хто вашы палітычныя погляды падзяляе. У выпадку са сваякамі ў веку, вы можаце не жыць разам. Тады мінімізацыя размоваў на небяспечную тэму сапраўды можа дапамагчы».
А што будзе, калі людзі перастануць цікавіцца палітыкай?
«Гэта і ёсць аўтарытарная мара, каб грамадзяне настолькі атупелі, што нават не цікавіліся б, як імі кіруюць.
Што такое палітыка? Гэта размеркаванне ўлады. Калі людзі не будуць цікавіцца палітыкай, гэта будзе падарунак для тых, хто і без таго мае ў сваіх руках неадэкватныя рэсурсы. Калі яшчэ ніхто не будзе на іх глядзець, не будзе іх абмяркоўваць, для іх проста настане свята.
Яны ўсё павырашаюць, падзеляць паміж сабой і не будуць вымушаныя, як цяпер, лічыцца з тым, што жывыя людзі жывуць побач з імі. Гэта шалёна небяспечна!
Павышэнне палітычнай культуры і пісьменнасці — наша мэта. Толькі тады грамадзяне маюць хоць нейкую надзею паглядзець, хто ў іх у кішэнях капаецца, у той час, як яны робяць выгляд людзей, якія не цікавяцца палітыкай. Небяспечна адцягваць увагу ад палітыкі».
Каментары