Ілюстрацыі да сваіх допісаў фігурант крымінальнай справы знаходзіў проста ў інтэрнэце, паведамляла МУС. На яго старонцы можна было ўбачыць фота, відэа і тэксты, дзе падтрымліваюцца ідэі Трэцяга рэйха, а таксама іншых рэжымаў, якія сімпатызавалі Гітлеру.

Цікавасць да нацысцкай ідэалогіі ў жыхара Віцебска з’явілася яшчэ ў юнацтве, з 16 год ён стаў збіраць матэрыялы для сваёй калекцыі, якую пачаў публікаваць у сацсетках з 2018 года. Да фота нацыстаў ён дадаваў допісы пра іх гераізм, былі ў яго і выявы калабарантаў, напрыклад, арміі Уласава. 

Мужчына не меў праблем з законам, раней не быў судзімы. З адукацыі ў яго — скончаная сярэдняя школа. Апошнія гады жыў у Расіі, перабраўся туды на заробкі.

Свае погляды ён не хаваў і там — хадзіў у кепцы з эмблемай адной з дывізій СС, якая займалася аховай канцлагераў. Затрымалі яго, калі ён прыехаў на радзіму.

У віцебскай кватэры, у сваім пакоі, фігурант крымінальнай справы зрабіў тэматычную сцяну памяці, дзе віселі партрэты Гітлера і Гімлера, сцяжок са свастыкай.

Справай займаліся аператыўнікі ГУБАЗіК, якія ў інтэрв’ю газеце «На страже» сцвярджаюць, што былі ў затрыманага і ўкраінскі, і беларускі сцягі, аднак у ілюстрацыі да матэрыялу гэтыя «знаходкі» не дэманструюцца, у адрозненне ад свастыкі, партрэтаў нацыстаў. 

Цікава, што да 2021 года дзейнасць абвінавачанага не была ў полі зроку праваахоўнікаў, хоць яго допісы былі адкрытыя, збіралі нямала лайкаў.

Тры гады ён выкладваў допісы, якія ўсхваляюць нацызм, назбірался больш за 130 публікацый, а прыйшлі за ім летась. У жніўні 2021-га ягоная старонка была прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Вядома, што фігурант быў знаёмы з віцебскімі скінхэдамі, але не знайшоў з імі агульнай мовы, трымаўся асобна ад усіх.

Як родныя рэагавалі на ягоныя погляды? Маці асуджала, бабуля, як убачыла ў пакоі партрэты нацыстаў, перастала прыходзіць у госці. Прадзед мужчыны ваяваў супраць немцаў.

У сваю абарону затрыманы спрабаваў казаць, што выкладваў у сацсеткі інфармацыю з адкрытых крыніц, таксама сцвярджаў, што проста захоўваў інфармацыю, нікому яе не дасылаў, а значыць, па яго логіцы, не займаўся распаўсюджваннем.

Адзначым, што па законе пераследуецца не толькі размяшчэнне такой інфармацыі ў сацсетках, а нават рэпост такіх допісаў. І паколькі інфармацыя працягвае знаходзіцца ў адкрытым доступе, няважна, колькі год таму была публікацыя ці рэпост, лічыцца, што яна ўсё яшчэ даступная шырокаму колу.

Спачатку дзеянні жыхара Віцебска кваліфікавалі як распальванне варожасці на нацыянальнай глебе (арт. 130 КК), раней менавіта па гэтым артыкуле прыцягвалі да адказнасці прыхільнікаў нацысцкай ідэалогіі.

Аднак летась у крымінальным кодэксе з’явіўся новы артыкул — 130-1, які прадугледжвае адказнасць за рэабілітацыю нацызму. Гэтая справа стала першай у Беларусі, расследаваннем займацца Генеральная пракуратура. Абвінавачанаму пагражае штраф, або арышт, або «хімія» да 5 год, або пазбаўленне свабоды на той жа тэрмін. 

Паводле сілавікоў, прыхільнікі нацызму нячаста трапляюць у поле іх зроку. Адзін з прыкладаў — справа Станіслава Ганчарова, які ваяваў на Данбасе, яго судзілі, у тым ліку, за распальванне варожасці на нацыянальнай глебе. 

Чытайце яшчэ:

У Віцебску вынеслі жорсткі прысуд Тэрор-машыне

Тры гады ў калоніі ўзмоцненага рэжыму: вынесены прысуд «бацюшку са свастыкай»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0