19-гадовая гамяльчанка зараз двойчы падумае, перш чым напісаць штосьці агіднае пра сваіх суперніц.

Дзяўчына прызнаная вінаватай у паклёпе на былых аднакласніц. Але да крымінальная адказнасці яе не прыцягнулі з‑за сканчэння тэрміна даўнасці.

Год таму ў Генпракуратуру РБ паступіла заява жыхаркі г. Гомеля, у якой яна ўказала, што ў 2006 годзе яе былая аднакласніца

на старонцы гомельскага сайта gomelchat.com стварыла анкету пад імёнамі «Шлюшки_Гомеля» і «шлюхиисподворотни», размясціўшы на ёй фатаздымкі траіх аднакласніц, іх імёны і нумары мабільных тэлефонаў.
Яна ўказала ў гэтай анкеце звесткі пра магчымасць аказання імі паслуг сэксуальнага характару. У далейшым яна неаднаразова перапісвалася з усімі, хто адгукаўся. Дзяўчатам пачалі паступаць званкі. Тады іх бацькі звярнуліся ў міліцыю, якая знайшла стваральніцу анкет.

У дачыненні да абвінавачанай была заведзеная крымінальная справа паводле артыкула 188 «Паклёп». Яна прызнала факт стварэння анкеты, але вінаватай сябе не прызнала: маўляў, проста пажартавала.

У заяве таксама было ўказана, што суд Чыгуначнага раёна г. Гомеля вынес апраўдальны прысуд ў адносінах да стваральніцы анкеты, а касацыйная калегія па крымінальных справах Гомельскага абласнога суда пакінула прысуд без зменаў.

Асноўным аргументам суда было тое, што інтэрнэт на момант разгляду справы ў судзе не з’яўляўся сродкам масавай інфармацыі.

Пасля ўважлівага разгляду матэрыялаў справы і дэталёвага аналізу нацыянальнага і замежнага заканадаўства Генпракуратурай РБ быў вынесены пратэст ў парадку нагляду, у якім прыведзеная аргументацыя неправамернасці судовых пастаноў.

Вярхоўны Суд РБ прызнаў рацыю Генпракуратуры і задаволіў пратэст, адмяніўшы прысуды суда Чыгуначнага раёна г. Гомеля і Гомельскага абласнога суда. Справа была перададзеная на новы разгляд.

У выніку рашэннем суда Чыгуначнага раёна г. Гомеля 19‑гадовая гамяльчанка прызнана вінаватай ў распаўсюдзе ў сеціве Інтэрнэт паклёпніцкай інфармацыі.
Аднак ад крымінальнай адказнасці яна была вызваленая ў сувязі са сканчэннем тэрміну даўнасці справы.

Артыкул 188 Крымінальнага кодэксу РБ «Паклёп» прадугледжвае пакаранне да 3 гадоў пазбаўлення свабоды.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?