Адвыклыя ад клявішаў пальцы, залацісты пачак кавы «Новая Бразылія», літары, якія мягка ўзьнікаюць на белым аркушы, які ня ўзяць у рукі. Пачак кавы з апошняй паездкі, ня так Бразылія зацікавіла, як упершыню ўбачанае на пачку менавіта кавы крыху архаічнае слова «джэзвэ». Карацей, кава для туркі. Яны па‑ранейшаму прадаюцца, не аспрэчыш, але дзе сёньня гатуюць каву ў джэзвэ? It’s time for coffee! — паўсюль надпісы‑заклікі, эспрэса, капучына, па‑ірляндзку. А вось на пачку для джэзвэ ўдакладненьне: агнёвая кава, ці кава для агню.

Нават ніякавата стала: агонь больш не патрэбны, хаця зь яго ўсё пачыналася. Кава і агонь — архаіка! Хлопцы знаёмяцца зь дзяўчатамі ў зразумелай бяз слоў рэкляме дзякуючы пачочку з растваральнай ice‑coffee, у яе парашок, у яго пляшачка з вадой. Горача ж! Няўжо пашкадаваць аб страчанай табою магчымасьці ў кафейні выпіць сапраўднай турэцкай з джэзвэ, з агню? Але мне досыць па скрынцы Стамбулу, ахвяраваць часам, і грашыма таксама, дзеля чужога, якое не цікавіць, не адпавядае табе? На халеру мне тая турэччына? Так, варта было абмежавацца адно пачкам для джэзвэ, бо ўласна кажучы я не аматар зусім той кавы, якую прыводжу з летніх паездак, нямецкі смак мне найболей адпавядае, нічога ня зробіш. А прыблізна аднолькавая грэцкая, міжземнаморская, балканская, турэцкая — кава дзеля зімовага настрою, дзеля ўзгадак. Кілішак сьлівовіцы, турачка гаркавай, хай з драбочкам солі, пена, балканская кружэлачка, а за вакном сьнег над Гарадніцай не спыняецца…

Уласна кажучы, паездка, гэта назіраньне, думаньне, назапашваньне падрабязнасьцяў. Вось, напрыклад, вершы на сьценах. Уявіць у Горадзе‑героі: «Народ, беларускі народ…» Альбо «Мы выйдзем шчыльнымі радамі…» Усе рукавікі на нагах адразу! А ў эўрапейскіх краінах усё нармальна, яшчэ зьбяруць творы гэтыя і кніжачкай асобнай, і падзеяй культурнай зробяць. І ў рукавікоў няма лішніх рук, каб паэтамі займацца, а не працай. Паездка — гэта прыслухоўваньне да тамтэйшай мовы, гэта спробы чытаць, разумець, прызвычайвацца да славянскіх слоў, сказаных інакш, марфемаў, выкарыстаных па‑свойму. Апынаешся выпадкова з чэхамі, мясцовая кабета‑гід, якую зваць Мілкай, пачынае распавядаць і ты ўсьведамляеш, што шмат разумееш, бо словы гіда нескладаныя: паглядзі сюды, павярні галаву туды. Люблю нашую славяншчыну, нашае славянскае моўнае мора!

Расейцы ў гэтым сэнсе нячулыя зусім, тупыя, можна сказаць. Ім адно хочацца, каб усе на словах іх любілі, каб гаварылі, што мясцовая мова вельмі падобная да расейскай… Калі падобная, дык чаму яны, расейцы ні бум‑бум і не спрабуюць нават пару слоў вывучыць? Але тупейшыя ў гэтым сэнсе, мабыць, ад усіх славянаў нашыя беларусы, толькі чакаюць, каб цар ці хто іншы абвясьціў: вашая мова дзеравенская, можна не вучыць, нават трэба! Рэскрыпт: нумар, пячатка, росчырк. І яны ўздыхаюць зноўку з палёгкай — «яшчэ раз пранесла!» Расейцы ня хочуць чужыя ведаць, лянуюцца або грэбуюць, беларусы — сваю. Брава!

Можна любіць ручныя млыны на каву, але не карыстацца імі, можна падабаць джэзвэ, але не адчуваць ранейшага смаку, не атрымліваць задавальненьня. Ці кава сёньня іншая хіба? Хаця яна лепшая адназначна. Ці можа турка засталася ў мінулым часе, музэйнай рэччу ўласнага жыцьця? Хіба штучна выклікаць натхненьне, пачаць маніпуляцыі з гатункамі кавы, памолам, вагой, ці ўвогуле моцна забытую па‑румынску згатаваць? Вельмі падабалася яна калісьці, якраз Чаўшэску грохнулі, наш Вялікі Мэханізм пачаў псавацца, гаргара Абрэвіятуры развальвацца, а я ўсё ня мог здаволіцца ёю, кавай па‑румынску менавіта. Уласна кажучы, гэта назвы маёй тагачаснай кнігі, якую я да сёньня не напісаў.

Так, напэўна я нядбайны што датычыць джэзвэ, бо мэта пісьменьніка, вядома, шукаць, ствараць, выдумляць новыя жанры, сэнсы, іншыя словы, правілы пісьма ўласныя, адметную пабудову, сваю гульню, карацей. А з кавай — суцэльны стандарт, нават па‑румынску ня хочацца даўно. Ты не адчуваеш смаку кавы з туркі, а некаму тэксты твае ня ў смак хіба што. Але штосьці прымушае ставіць стрэлку і націскаць: што да апошняга, пра «Катоў Картасара», за тры тыдні амаль тысяча чалавек гэта зрабілі. Калі стаіць лічыльнік, можна часам зьдзівіцца, пераканаўшыся: твае тэксты працягваюць чытаць менавіта як літаратурны дзёньнікі, словам — як кнігу, бо нават праз год і болей робяць гэта, адсоткаў пятнаццаць маіх эсэ прачыталі на сёньня па чатыры тысячы чалавек, не чакаў, дзякуй. Надрукаваць і распаўсюдзіць такі наклад — недарэчная думка.

Апошняе зьдзіўленьне: зазірнуў у інтэрнэт, трапіў на тры чыны прыгатаваньня кавы па‑румынску, пераканаўся, што сам рабіў яе зусім інакш, я піў няправільную каву па‑румынску. І атрымліваў задавальненьне, што цікава, як менавіта ад румынскай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?