Фота: БелТА

Фота: БелТА

Пра Украіну

Большасць пытанняў прэс-канферэнцыі, якая адбылася сёння, была прысвечаная сітуацыі вакол Украіны

Каментуючы размову паміж міністрамі абароны дзвюх краін, Уладзімір Макей запэўніў: «Пытанні абмяркоўваліся ў станоўчым ключы. Многае ўдалося растлумачыць для абодвух бакоў, перш за ўсё для ўкраінскага боку. З нашага боку прагучала, што ніхто не збіраецца нападаць». 

На пытанне аб колькасці расійскіх вайскоўцаў і колькасці тэхнікі, задзейнічанай у вучэннях, міністр адказаў коратка: «Усё, што адбываецца на тэрыторыі Беларусі, не парушае палажэнні Венскага дакумента ад 2011 года».

Ён заявіў, што пасля вучэнняў у Беларусі не застанецца ніводнага расійскага вайскоўца і ніводнай адзінкі баявой тэхнікі Расіі.

Што тычыцца баявых дзеянняў, Макей абверг чуткі пра напад з тэрыторыі Беларусі, аднак зрабіў агаворку, што правакацыі нельга выключыць.

Фота Міністэрства абароны

Фота Міністэрства абароны

Каментуючы публікацыі, у якіх называліся канкрэтныя даты нападу на Украіну, ён успомніў пра тое, што вайсковыя вучэнні «Захад — 2017» і «Захад — 2021» таксама суправаджаліся падобнымі заявамі.

У дадатак Макей заявіў, што Беларусь мае намер гандляваць, а не ваяваць з Украінай: «Лукашэнка казаў, што мы ніколі не прыедзем на танку, мы прыедзем туды на трактары».

Пра шматвектарную палітыку

Як заявіў міністр, прынцып шматвектарнай знешняй палітыкі застаецца актуальным і цяпер. Але канстатаваў, што ўзровень супрацоўніцтва з заходнімі краінамі знізіўся.

«Праблема ў неадэкватнай ацэнцы нашымі партнёрамі, што адбываецца ўнутры і вакол Беларусі. Калі я чытаю інфармацыю аб брыфінгу нейкага ананімнага прадстаўніка Дзярждэпа ЗША, заявы суседніх краін — Літвы, Латвіі, Польшчы, у мяне гэта выклікае здзіўленне.

Адбылася разгерметызацыя мазгавой абалонкі ў заходніх палітыкаў, у выніку чаго яны абсалютна неадэкватна ацэньваюць сітуацыю», — выказаў сваю ацэнку Уладзімір Макей.

Пра свабоду слова

Магчымасць задаць пытанне была прадстаўленая журналістцы «Народнай волі», якая прысутнічала на прэс-канферэнцыі. Марына Коктыш спытала, як можна выказваць альтэрнатыўныя пункты гледжання, калі ў краіне праблемы са свабодай слова.

«Не магу пагадзіцца са сцвярджэннем, што ў нас няма альтэрнатыўных пунктаў гледжання і свабоды слова, — адказаў Уладзімір Макей. — Свабода слова існавала заўсёды і, на жаль, у той сітуацыі (у 2020 годзе) многія злоўжывалі гэтым тэрмінам. Я маю на ўвазе і шэраг СМІ, і шэраг журналістаў. Некаторыя журналісты фактычна ператварыліся ў апазіцыйных ідэолагаў. Замест аб'ектыўнай падачы інфармацыі заняліся адкрытым ахайваннем улады, і больш за тое, удзельнічалі ў антыўрадавых дзеяннях».

Ён падкрэсліў, што не будзе ніякага дыялогу з тымі, хто праводзіць антыдзяржаўную палітыку, заклікае да санкцый і патрабуе аказаць ціск на Беларусь.

Характэрна, што, адказваючы на гэтае пытанне, кіраўнік МЗС выказаў згоду з Зянонам Пазняком, які лічыць, што «страшна далёкія яны ад народа»: «У апошні час мне падабаюцца заявы гэтага палітыка».

Уладзімір Макей палічыў патрэбным даць рэкамендацыю «Народнай Волі»: «Вы таксама праводзілі б нейкую выразную, пастаянную лінію, а то кідаецеся з боку ў бок, што не ёсць добра і не спрыяе таму, каб вы ўспрымаліся як выданне, якое з'яўляецца аб'ектыўным».

Журналістка заўважыла, што рэдакцыя імкнецца прадстаўляць права выказвацца прадстаўнікам розных пунктаў гледжання.

«Кан'юнктура памянялася, цяпер вы стараецеся даваць права выказвацца ўсім, — парыраваў Уладзімір Макей. — У 2020 годзе вы выразна занялі адпаведную пазіцыю. А да гэтага ў мяне была маса сустрэч з вашым галоўным рэдактарам, мы размаўлялі на шэраг тэм і мелі падобныя погляды, як павінна развівацца наша краіна ў будучыні. Але ў цэлым з-за кан'юнктурнай пазіцыі шэрагу СМІ, журналістаў мы атрымалі тую сітуацыю, якая мае месца цяпер».

Пра замену сцяга ў Дняпры

На мінулым тыдні ў Дняпры чырвона-зялёны сцяг быў заменены на бела-чырвона-белы. Мэр украінскага горада досыць рашуча выказаўся на гэты конт. Цяпер сітуацыю вымушаны быў каментаваць Уладзімір Макей.

«Мы неадкладна выклікалі амбасадара Украіны ў МЗС Беларусі, уручылі ноту пратэсту. Наш пасол накіраваў адпаведную ноту ў МЗС Украіны. Ён спрабаваў выйсці на мэра Дняпра, але той адмовіўся ад кантактаў. Усе гэтыя дні вялі актыўную працу над тым, каб аднавіць статус-кво. У нашым запасе быў набор вельмі сур'ёзных мер. Я рады, што нам іх да канца не давялося выкарыстоўваць. Мне перадалі фатаграфію з Дняпра: усе сцягі нацыянальных меншасцяў замененыя на ўкраінскія сцягі», — сказаў міністр.

Ён дадаў, што сёння, 16 лютага, у яго адбудзецца сустрэча з паслом Украіны ў Беларусі.

Пра місію АБСЕ і запрашэнне на рэферэндум

«Адпаведны дакумент не накладвае абавязальніцтваў запрашаць БДІПЧ АБСЕ на рэферэндум. Але некалькі месяцаў таму мы прапрацоўвалі гэтае пытанне з контрагентамі, якія прадстаўляюць краіны АБСЕ. Мы прапанавалі прыехаць у Беларусь і з'ехаць адсюль з запрашэннем. Нам было сказана, што гэта не тое пытанне, якое можа прынесці нам як палітыкам дывідэнды. Пазней мы кантактавалі з кіраўніцтвам БДІПЧ — яны не маюць намеру ўдзельнічаць у назіранні за рэферэндумам», — паведаміў Уладзімір Макей.

Цяпер кіраўнік МЗС не бачыць сэнсу кантактаваць па гэтым пытанні з арганізацыяй.

Пра калій

«Існуе шэраг дамоўленасцяў аб перавалцы грузаў праз расійскія парты. Гэтая праца працягваецца. Зразумела, што не аднадзённы працэс. Выхад на максімальна магчымы вынік запатрабуе пэўнага часу, фінансавых сродкаў, намаганняў. Цяпер нашы спецыялісты шчыльна займаюцца пытаннямі.

Паверце, гэта не казкі, не паветраныя замкі. Вядзецца канкрэтная праца, каб задзейнічаць расійскія парты», — паведаміў Уладзімір Макей.

Таксама ён выказаў упэўненасць, што сітуацыя на заходнім кірунку нармалізуецца.

Пра санкцыі

«Была створаная адпаведная група, якая ацэньвае ўплыў санкцый і санкцыйных мер і выпрацоўвае адэкватныя меры рэагавання. Мы працуем над тым, каб звычайныя грамадзяне не адчулі санкцыйнага ўплыву», — запэўніў кіраўнік МЗС.

Ён прызнаў, што гэта складана і згадаў як публічныя, так і непублічныя кантакты з рознымі краінамі.

Пра міграцыйны крызіс

Кіраўнік МЗС у чарговы раз абверг, што крызіс быў арганізаваны беларускім бокам і пашкадаваў аб спыненні шэрагу інфраструктурных праектаў на заходняй мяжы Беларусі.

Па яго даных, у транспартна-лагістычным цэнтры ў Брузгах знаходзяцца больш за 700 мігрантаў, з якіх 270 — дзеці.

«Было абяцанае вылучэнне каля мільёна даляраў на вырашэнне праблемы, але грошай мы так і не ўбачылі», — паскардзіўся міністр.

Пра сустрэчу Лукашэнкі і Пуціна

«Падчас такіх сустрэч абмяркоўваюцца любыя тэмы і пытанні», — адзначыў міністр замежных спраў.

Ён выказаў упэўненасць, што будуць закранутыя тэмы бяспекі, эканамічнага ўзаемадзеяння, санкцыйнага ціску з боку заходніх краін.

Пра Борыс і Пачобута

Журналісты ўзнялі пытанне аб ходзе расследавання і стане здароўя двух прадстаўнікоў Саюза палякаў Беларусі — Андрэя Пачобута і Анжалікі Борыс, якія знаходзяцца за кратамі і прызнаныя палітвязнямі.

Андрэй Пачобут

Андрэй Пачобут

Уладзімір Макей спаслаўся на інфармацыю праваахоўных органаў, па якой «стану іх здароўя нічога не пагражае».

Ён заявіў, што Пачобут и Борыс былі затрыманыя за парушэнне нормаў беларускага заканадаўства, і іх лёс будзе вырашацца ва ўстаноўленым парадку. А МЗС не мае права ўмешвацца ў дзейнасць судовых органаў.

У той жа час ён нагадаў, што па лініі спецслужбаў існавалі дамоўленасці, і раней трое прадстаўнікоў Саюза палякаў Беларусі былі вызваленыя.

Пра адкрыццё аўтамабільнага злучэння з Расіяй

«Мы пастаянна падымаем пра гэта пытанне і лічым, што яно даўно магло бы быць вырашанае, — паведаміў кіраўнік МЗС. — Але нашы калегі спасылаюцца на складаную эпідэміялагічную абстаноўку».

Макей таксама нагадаў, што адкрытае авіяцыйнае і чыгуначнае злучэнне паміж дзвюма краінамі.

Міністр выказаў надзею, што пытанне з аўтамабільным транспартам будзе ўсё ж вырашанае.

Пра сына і яго пазіцыю

У канцы прэс-канферэнцыі да Уладзіміра Макея паступіла асабістае пытанне — пра сына, які звольніўся з МЗС і публічна выказаўся з нагоды падзей у 2020 годзе.

Віталь Макей

Віталь Макей

«Сітуацыя, звязаная з падзеямі 2020 года, была вельмі складанай, і палітызаваная атмасфера пакінула адбітак на асобных сем’ях, правяла водападзел паміж блізкімі людзьмі, — прызнаў кіраўнік МЗС. — Што тычыцца маіх асабістых стасункаў, я не хачу распаўсюджваць інфармацыю. Гэта мае асабістыя праблемы, з якімі я буду жыць і спраўляцца сам».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0