Здарылася чаканае: падчас турнэ па фермах і палетках Лукашэнка не вытрымаў і перайшоў да палітычных заяў.

У прыватнасці, ён без эківокаў пацвердзіў развагі экспертаў пра палітычны торг з Масквой, у прыватнасці што тычыцца падпісання дамовы пра КСАР АДКБ. «…Мы абавязкова падпішам, калі гэта будзе выгадна», — сказаў Лукашэнка, наведваючы 11 жніўня Нясвіжскі раён.

Заўважце: дакументы аб фармаванні КСАР — гэта не кот у мяху. Мінск даўно вывучыў кожную коску. Так што пасаж «калі гэта будзе выгадна» тычыцца не зместу пагаднення, а менавіта магчымых пернікаў.

І яшчэ адна красамоўная фраза — пераказ нефармальных гутарак з іншымі прэзідэнтамі на Ісык-Кулі: «Скажыце, што я мушу абараняць у вас і за што мусяць гінуць мае хлопцы? За тое, што Беларусь у Расіі на рынак не пускаюць? Ці за тое, што энергарэсурсы з Казахстана, Расіі па шалёных цэнах павінен купіць?».

Зразумела, гэта рытарычная фігура. Хацеў падкрэсліць, што ва ўмовах эканамічнай дыскрымінацыі, прэсінгу, на фоне гандлёвых войнаў класціся касцьмі за чужыя інтарэсы Беларусь не разгоніцца.

Але атрымалася двухсэнсоўна. Ну а калі раптам добра праплацяць — дык што, хай сабе хлопцы гінуць?

Хаця на практыцы беларускае начальства разлічвае атрымаць нейкія бонусы за згаворлівасць, а кідаць байцоў да чорта на рогі, канечне ж, не зацікаўленае. Лукашэнка падкрэсліў: нічога страшнага у тых КСАР няма, без маёй, маўляў, згоды нашы вайскоўцы нікуды не паедуць.

Думаецца, што насамрэч засцярога іншая: каб пад маркай тых КСАР у нейкую крытычную хвіліну не высадзілі дэсант у нас. Таму пытанне Мінск можа цягнуць даволі доўга. Па мадэлі прызнання/непрызнання Абхазіі з Паўднёвай Асеціяй.

Увогуле ж зараз зручны час набіваць цану. Увосень — сумесныя з расійцамі вялікія манеўры «Захад-2009» на беларускай тэрыторыі. Масква пэўна ж зацікаўлена хаця б такім чынам прадэманстраваць рытуальнае «братэрства па зброі». Дык няхай раскашэльваецца. А то ў нас уся саляра можа на жніво пайсці...

«Лукашэнка ў вайсковым плане не будзе рваць з Расіяй, — перакананы мінскі эксперт Аляксандр Алесін. — Проста адпаведныя дамоўленасці з Мінскам зараз будуць каштаваць Маскве даражэй».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?