Пуцін падчас свайго звароту да расіян 21 лютага

Пуцін падчас свайго звароту да расіян 21 лютага

Палітолаг Валер Карбалевіч лічыць, што, як ні дзіўна, прызнанне «ДНР» і «ЛНР» Расіяй можа прывесці да спынення напружанасці, дээскалацыі і вяртання да таго статусу-кво, які быў да пачатку нагнятання сітуацыі.

«Расія вылучыла ўльтыматум і адмовіцца ад яго не магла, бо згубіла б твар. У сваю чаргу, Захад таксама не мог прыняць гэты ўльтыматум. Кампраміс быў немагчымы, Расія фактычна мусіла нешта здзейсніць, нейкі сілавы акт, нешта ў піку Захаду і Украіне.

Шмат казалі пра еўрапейскую вайну, напад на Кіеў ці нават захоп Кіева альбо ўсёй Украіны. А ў выніку ўсё можа абмежавацца прызнаннем «ДНР» і «ЛНР», ну і, магчыма, лакальнай аперацыяй вакол Данбаса, але без вялікай вайны.

Расія такім чынам выканае свае абяцанні, што «мы вам пакажам, калі не пойдзеце на наш ультыматум».

Што гэта мяняе: па-першае, усё можа нарэшце супакоіцца.

Па-другое, увядуць заходнія санкцыі, але, верагодна, не такія сур’ёзныя, якімі пагражаў Байдэн у выпадку паўнавартаснай вайны. 

Па-трэцяе, гэта канец Мінскіх пагадненняў. Іх перакрэсліваюць і здымаюць з парадку дня», — гаворыць палітолаг. 

Карбалевіч параўноўвае прызнанне «ДНР» і «ЛНР» з сітуацыяй у Прыднестроўі, з Абхазіяй і Паўднёвай Асеціяй. 

Але ж што будзе далей? На тэрыторыях «ДНР» і «ЛНР» адкрыта з’явяцца расійскія войскі?

«Калі Расія будзе ўспрымаць «ДНР» і «ЛНР» як незалежныя дзяржавы, то фармальна так, яны змогуць запрашаць да сябе войскі іншых дзяржаў, уступаць у арганізацыі кшталту АДКБ ці Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. 

З’яўленне «ДНР» і «ЛНР» у АДКБ я лічу малаверагодным — не падтрымаюць іншыя члены. А вось далучэнне да Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, то гэта цалкам рэальна», — мяркуе эксперт. 

Карбалевіч сумняецца, што цяпер Украіна будзе спрабаваць захапіць гэтыя тэрыторыі сілай і ініцыяваць канфлікт. Але мяркуе, што напружанне застанецца. 

«Пры гэтым Расія задаволіць свае амбіцыі. Таму прызнанне незалежнасці гэтых тэрыторый можа выратаваць ад вялікага канфлікту», — падкрэслівае ён.

Адначасова прызнанне Расіяй «ДНР» і «ЛНР» аддаляе Украіну ад уступлення ў НАТА. 

«Бо прымаць у НАТА краіну, якая ўвесь час знаходзіцца на мяжы вайны з ядзернай дзяржавай абсалютна непрымальна. НАТА не хоча вайны, асабліва з Расіяй, — кажа Валер Карбалевіч. — 

Акрамя таго, у НАТА ёсць пункт, што краіна, якая мае памежныя спрэчкі з суседам, не можа далучыцца. Ён не заўсёды выконваецца, у Турцыі і Грэцыі ёсць такія спрэчкі, але ж тут, думаю, у бліжэйшай будучыні не варта спадзявацца на членства Украіны ў НАТА».

Аналітык Аляксандр Класкоўскі параўноўвае сітуацыю з расійска-грузінскім канфліктам 2008 года.

«Масква тады прызнала два сепаратысцкія ўтварэнні, адарвала іх, але ў выніку адчапілася ад Тбілісі, — кажа Класкоўскі. — 

Такім чынам Расія гуляе на падвышэнне ставак і абвастрае сітуацыю. Найхутчэй, кіраўніцтва гэтых самаабвешчаных утварэнняў цяпер звернецца да Масквы з просьбай увесці войскі для абароны рускага насельніцтва. І на гэтых тэрыторыях расійскія войскі будуць цяпер ужо афіцыйна. 

Таксама важны момант, у якіх межах прызнаюцца «ДНР» і «ЛНР». Калі ў межах абласцей, то гэта таксама рэзка падвышае градус канфлікту і імавернасць узброенага сутыкнення. 

Аднак, хачу сказаць, што парадаксальным чынам гэты крок можа прывесці да дээскалацыі сітуацыі. Калі цяпер не разгарыцца вайна, то відавочна будзе, што Кіеву не трэба будзе выконваць Мінскія пагадненні, бо гэтыя тэрыторыі будуць успрымацца як адрэзаная луста. А апошнім часам увесь сэнс гэтай вялікай геапалітычнай гульні быў у тым, што Кіеў штурхалі да выканання Мінскіх пагадненняў у нявыгаднай для яго расійскай трактоўцы. 

А цяпер гэты ціск на Кіеў знікне і напружанасць можа знізіцца».

А як сітуацыя закране Беларусь? 

«Для Лукашэнкі ніякай прасторы для манеўру не засталося, слова не верабей, а ён жа паабяцаў пры неабходнасці прызнаць незалежнасць гэтых самаабвешчаных рэспублік. І, мяркую, Масква яго да гэтага прымусіць. І тое будзе ўдарам і па асабістым іміджы Лукашэнкі, ад якога і так амаль нічога не засталося.

Таксама гэта можа прывесці да новых санкцый Захаду як у дачыненні да Расіі, так і ў дачыненні да Беларусі. Прычым, Беларусь, як слабейшага хаўрусніка, Захад можа адлупцаваць узорна-паказальна, цяперашнія санкцыі пакажуцца кветачкамі», — тлумачыць эксперт.

Што тычыцца ўступлення Украіны ў НАТА, то нічога асабліва не зменіцца, мяркуе Класкоўскі.

«І раней Украіну не гарэлі жаданнем прымаць у НАТА. А цяпер, на маю думку, у еўрапейскіх сталіцах трохі напалоханыя пуцінскай гульнёй мускуламі і трымаюць у галаве думку, што ніякіх рухаў у бок уступлення Украіны ў НАТА лепш не рабіць. Зяленскі крыўдзіцца, але Еўропа будзе казаць, што Украіне яшчэ трэба выканаць шмат умоў і гэтак далей».

На думку Класкоўскага, прызнанне «ДНР» і «ЛНР» — частка прадуманай пакрокавай стратэгіі Расіі. 

«Звышзадача яе — «нахіліць» Захад, кажучы тэрміналогіяй Лукашэнкі, прымусіць выканаць хаця б частку ўльтыматуму, які быў вылучаны Расіяй. Гэтая стратэгія авантурная, у гістарычнай перспектыве Расія нічога не выйграе, але на сённяшні дзень гэта метадычныя дзеянні Пуціна, які, як і Лукашэнка, лічыць заходніх палітыкаў слабымі і мяркуе, што за кошт сваёй «крутасці» зможа дамагчыся свайго.

Падсумоўваючы: сітуацыя неадназначная. Расія дзейнічае насуперак нормам міжнароднага права, але, у выніку не выключана, што ў пэўнай ступені ўсе бакі ўздыхнуць з палёгкай. І гэта акажацца варыянтам для разрадкі сітуацыі», — кажа эксперт.

Чытайце таксама:

Пуцін заявіў пра прызнанне незалежнасці «ДНР» і «ЛНР»

На расійскай Радзе бяспекі абмеркавалі прызнанне «ДНР» і «ЛНР». Усе за, рашэнне будзе прынятае сёння

Еўрасаюз папярэдзіў Мінск, што ўдзел у агрэсіі супраць Украіны дарма яму не пройдзе

Ціханоўская і Латушка сумесна запатрабавалі вываду расійскіх войскаў з Беларусі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0