Святлана Алексіевіч: Чырвоны чалавек зноў падняўся і дае нам бой. Спадзяюся, апошні
Нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч расказвае пра тое, навошта Пуціну вайна, чаму ўдзел у ёй Беларусі — здрада, і што будзе з Украінай далей, у інтэрв'ю Deutsche Welle.
Апошнія тыдні Святлана Алексіевіч уважліва сачыла за тым, што адбываецца ва Украіне, але яшчэ літаральна ўчора не магла сабе ўявіць, што пачнецца вайна і рэальныя баявыя дзеянні.
На пачатку лютага яна дыскутавала з пісьменніцай Гертай Мюлер і пераконвала яе, што «Пуцін не вар'ят» і не можа так зрабіць. «Аказваецца, можа», — са шкадаваннем кажа нобелеўская лаўрэатка.
DW: у вас ёсць разуменне — навошта Пуціну вайна?
Святлана Алексіевіч: Думаю, ён адчувае сябе Месіяй. Рэдкі чалавек можа застацца ва ўладзе так доўга і выстаяць перад яе спакусай, як, напрыклад, здолела Ангела Меркель.
Пасля двух тэрмінаў пачынаецца адрыў чалавека ад рэальнасці, ён жыве ва ўласнай прасторы, якая выбудоўваецца з кавалкаў зносін са сваім асяроддзем. А такія людзі ў асноўным маюць зносіны з сілавікамі.
Аляксандра Дугіна ў 1990-я, у часы дэмакратыі, лічылі маргіналам. А сёння гэта прыдворны філосаф Пуціна.
— Сёння Уладзімір Зяленскі звяртаўся не толькі да ўкраінскага народа, але і да расіян: заклікаў пратэставаць супраць вайны. Як думаеце, Расія прачнецца?
— У мяне вялікія сумневы. Магчыма, толькі калі з'явяцца першыя труны. Чамусьці здаецца, што загінулых будзе шмат. Расійскаму народу патрэбны час. У яго цяпер нейкая анемія, ён быццам у летаргічным сне ад таго, што перажыў, ад таго, што многае не прагаворана ў грамадстве.
А гэта так важна. Немцы гавораць і гавораць пра нацызм, хоць столькі гадоў прайшло. Ужо некаторыя нават выступаюць супраць: «Колькі можна каяцца?» А яны каюцца і каюцца, паколькі, напэўна, не давяраюць чалавечай прыродзе. І гэта дае плён: у гэтым грамадстве прыемна жыць, улада знаходзіцца ў руках у разумнай большасці.
Хутчэй, людзі выйдуць і будуць пратэставаць у Германіі, Партугаліі, Іспаніі. Наконт расіян — не ведаю. З беларусамі больш зразумела: выйсці на вуліцу цяпер — значыць трапіць у турму, дзе з людзей жорстка здзекуюцца.
Святлана Алексіевіч мяркуе, што сёння пуцінская Расія прадстаўляе сабой абражаную прыніжаную імперыю, а такія дзяржавы здольныя на страшныя дзеянні. Прыклад таму — нацысцкая Германія 1930-х гадоў.
— Тое, што мы сёння назіраем, — гэта 1930-я гады, калі да ўлады ў Германіі прыйшоў чалавек і сказаў: «Я падыму вас з каленяў, мы будзем вялікай дзяржавай». Пачынаў ён сапраўды гэтак жа: вяртаў «свае» зямлі — Судэты, тэрыторыю Польшчы. А потым пайшоў заваёўваць ўвесь свет. Па-мойму, так пачынаецца фашызм.
Цалкам зразумела, што Пуцін не спыніцца на бамбёжках Украіны, напэўна, будуць акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі, пачнецца доўгая партызанская вайна. Бо ўкраінцы не тыя людзі, якіх можна проста разагнаць. Але яны не хацелі ваяваць і ўвесь час шукалі шляхі для перамоваў па Данбасе. Цяпер многія гатовыя абараняць сваю Радзіму.
У цэлым, у мяне сёння нават не хапае слоў, каб зразумець тое, што адбылося, і выразна пракаментаваць. Дарэчы, вырашыла, што кніга пра Беларусь не будзе заканчвацца толькі нашымі праблемамі. У ёй будзе выхад на вайну, на тое, што адбываецца. Што «чырвоны чалавек» не памёр — ён зноў падняўся і зноў дае нам бой. Спадзяюся, апошні.
На думку Святланы Алексіевіч, Лукашэнка ўсведамляе, што знаходзіцца ва ўладзе Пуціна, але ён не можа не падтрымаць Расію ў гэтай кампаніі: для яго гэта адзіны спосаб захаваць уладу і выжыць палітычна.
— Не думаю, што ён хоча ўдзельнічаць у вайне з украінцамі. Але ён будзе пастаўлены перад фактам. Яго абмыюць крывёю, як ён сам абмыў сваіх сілавікоў. Гэты прынцып ўсюды дзейнічае аднолькава.
Яны ж не жывуць па законах дыпламатыі, грамадзянскай супольнасці. Гэта ўсё — не хочацца прамаўляць гэтыя словы — бандыцкія паняцці.
Калі я слухала лекцыю Пуціна пра памылкі Леніна, у мяне ўзнікла пытанне: дзе ён нахапаўся гэтай няпраўды, гэтых паўведаў, якія яму ўнушыла непісьменнае асяроддзе? Быццам Украіна — гэта неспадзяваная краіна з больш чым 40 мільёнамі жыхароў. Хоць за сябе і сваю свабоду яна ваявала яшчэ з Кацярынай Другой.
— Украінцы сталі ворагамі з Расіяй калі не на стагоддзі, то дакладна на дзесяцігоддзі. Як у гэтай сітуацыі не пасварыць украінцаў і беларусаў, калі расійскія войскі прыйшлі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі?
— Пра гэта павінен думаць Лукашэнка, калі ён называе сябе галоўнакамандуючым. Інакш гэтая развярэджаная рана надоўга застанецца ў гісторыі.
Украінцы апошнім часам перанеслі столькі выпрабаванняў і панеслі шмат ахвяр. Для іх удар ад Беларусі — гэта як удар у спіну, здрада.
Нядаўна я глядзела рэпартаж журналістаў, якія гаварылі з людзьмі, якія жывуць на беларуска-ўкраінскай мяжы. «Што вы? Беларусы — нашы браты, яны ніколі не будуць у нас страляць», — сказалі ўкраінцы. І вельмі падобна адказвалі беларусы: «А што нам зрабілі ўкраінцы? Нічога».
Простыя людзі разумнейшыя за палітыкаў. Сёння нашыя грамадствы абагналі іх.
Украінцы вельмі горды народ — я ўсё дзяцінства правяла сярод іх. Што б яны цяпер ні рабілі — хадзілі па вуліцах, размаўлялі адзін з адным — над імі цяпер вайна. Але нават вайной гэта нельга назваць — гэта здрада, калі браты раптам усаджваюць у спіну нож.
Я не думала, што сама апынуся на вайне, калі ўвесь час разглядала яе з боку, нават калі была ў Афганістане. А цяпер мы на вайне. Страшна ўявіць сабе, што будзе з людзьмі, якія будуць ваяваць. Яны ж думалі жыць у будучыні, а не ў мінулым…
Каментары