Суд пачаўся з жартаў ад нашых хлопцаў.
— У зале прысутнічаюць прадстаўнікі СМІ? — спытала сакратар «суда».
Ягор: Так.
Андрэй: У клетцы.
Усе ўсміхнуліся, уключна з работнікамі суда.
У залу суда гэтым разам прапусцілі толькі 7 чалавек, а не 12, «у сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй».
— А мінулым разам было больш, абураліся людзі, сітуацыя за дзень змянілася?
— Это вы меня спрашіваете? — апраўдваўся міліцыянт.
Нашаніўцаў судзяць па эканамічным артыкуле за аплату камунальных паслуг па тарыфах для фізічных, а не юрыдычных асоб. Ім пагражае да пяці гадоў зняволення.
Першы день суда быў 28 лютага.
На пасяджэнні «Мінскэнерга» адклікала іск да Марціновіча і Скурко і прэтэнзій да іх больш не мае. Шкоду, нібыта нанесеную камунальнікам, Ягор Марціновіч і Андрэй Скурко кампенсавалі ў поўным аб’ёме.
Крымінальную справу супраць галоўнага рэдактара «Нашай нівы» Ягора Марціновіча і кіраўніка аддзела маркетынгу і рэкламы Андрэя Скурко сілавікі завялі паводле ч. 2 арт. 216 Крымінальнага кодэкса (прычыненне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу, учыненае групай асобаў па папярэдняй змове або ў буйным памеры).
Праваабаронцы прызналі Марціновіча і Скурко палітвязнямі, а іх справу — палітычна матываванай.