Расійскія кіраўнікі заяўляюць пра намер весці дыялог з суседняй краінай у абыход палітычных інстытутаў. Піша Фёдар Лук’янаў.

Засяроджаны Дзмітры Мядзведзеў – увесь у чорным на фоне марской прасторы і вартавых караблёў – глядацкі вобраз падабраны пад сігнал, які расійскі прэзідэнт накіраваў свайму ўкраінскаму калегу. Каментатараў, падаецца, нават больш уразіў не змест паслання, сам сабою крайне нетыповы для практыкі міждзяржаўных адносінаў, а тэрміны ягонага агучвання. Жнівеньскае зацішша – дзіўны час для такога жорсткага дэмаршу.

Усю глыбіню крамлёўскай задумы пакуль не зразумець, але нязвыклы выбар даты і стылістыкі, відаць па ўсім, мае на мэце падкрэсліць значнасць гэтага кроку.

Зроблена заяўка на якасны перагляд курсу адносна Украіны, і адсутнасць фармальнай нагоды мае на мэце прадэманстраваць – гэта не спантанная рэакцыя, а прадуманае дзеянне.

Найбольш распаўсюджаная інтэрпрэтацыя – Расія ўключылася ў ўкраінскую выбарчую кампанію, якая ўступіць у актыўную фазу адразу пасля заканчэння сезону адпачынкаў. Але расійскі ўдзел будзе адрознівацца ад мадэлі 2004 году. Адкрытая стаўка на канкрэтнага кандыдата скончылася пяць гадоў таму такім канфузам, што паўтараць гэты досвед было б мазахізмам. Цяпер

пытанне фармулюецца больш маштабна – хто б ні перамог у студзені, новы прэзідэнт павінен адразу ўлічваць рамкавыя ўмовы, пазначаныя Масквой ў доўгім пераліку.

Спіс і форма прэтэнзіяў Мядзведзева да Юшчанкі, безумоўна, выходзіць па‑за межы таго, што кіраўнік адной суверэннай дзяржавы мог бы адрасаваць кіраўніку іншай суверэннай дзяржавы і не парушыць пры гэтым прынцыпаў карэктнасці.

Каб зразумець сутнасць новага падыходу,

варта звярнуць увагу на наяўныя і ў пасланні Віктару Юшчанку, і ў відэаблогу згадкі гутарак прэзідэнта Расіі з патрыярхам Кірылам, які толькі што наведаў Украіну.
Паездка кіраўніка Расійскай праваслаўнай царквы паказала, што
ў Расіі з’явіўся новы грамадскі дзеяч, які пераўзыходзіць прадстаўнікоў свецкіх уладаў па палітычным калібры і дыпламатычным майстэрстве.
Спалучэнне такту і зычлівай ветлівасці з цвёрдасцю ідэйных пазіцый, якое прадэманстраваў Кірыл падчас гутарак з украінскімі палітыкамі, а таксама ягоны зварот да вернікаў з заклікамі адзінства і прымірэння – праявы «мяккай» сілы, у адсутнасці якой здаўна дакаралі Маскву.

Уражанне толькі ўзмацнілася ўчора, калі прэс‑служба патрыярхіі распаўсюдзіла лісты падзякі патрыярха да ягоных украінскіх суразмоўцаў, у тым ліку да прэзідэнта Віктара Юшчанкі. Кірыл не толькі дзякуе ўкраінскаму лідэру за аказаную ўвагу і спрыянне ў ажыццяўленні візіту, але і адзначае, што «не зважаючы на ўсе цяжкасці, Украіна паспяхова ўмацоўвае сваю дзяржаўнасць». «Боскае блаславенне хай будзе з народам цудоўнай Украіны, ягонай уладай, воінствам і з усімі намі», – заключае патрыярх.

На першы погляд, прадстаяцель РПЦ рэзка кантрастуе з прэзідэнтам Расіі (той фактычна абвінавачвае ўкраінскае «воінства» у забойстве расійскіх міратворцаў у Паўднёвай Асеціі), аднак насамрэч супярэчнасці няма, бо ў аўтараў двух пасланняў прэзідэнту Украіны зусім розны статус.

Агульнае палягае ў тым, што

абодва расійскія кіраўнікі – духоўны і свецкі – заяўляюць пра намер весці дыялог з суседняй краінай у абыход палітычных інстытутаў.

Дзмітры Мядзведзеў апелюе наўпрост да ўкраінскага народа, у рэзкай форме дае зразумець, што кантакты з палітычнай элітай Украіны непрадуктыўныя. Уласна, сімвалічны сэнс самога рашэння не накіроўваць у Кіеў расійскага пасла таксама палягае ў гэтым – абнізіць да тэхнічнага ўзровень афіцыйных адносінаў.

Спроба расійскіх уладаў пабудаваць адносіны з Украінай «знізу», актывуючы тамтэйшы ўнутраны рэсурс, у прынцыпе вытлумачальная.

Але пачынаючы «вялікую гульню», варта чакаць аналагічнага адказу –

Кіеву лёгка перавесці яе ў плоскасць «айчына ў небяспецы» з усімі вынікаючымі ўнутранымі і замежнымі наступствамі. Тады і высветліцца, ці вернай была расійская ацэнка сітуацыі ў украінскім грамадстве і разлік на наўпроставы да яго зварот.

Фёдар Лук’янаў — галоўны рэдактар часопіса «Россия в глобальной политике». Палітычны аналітык малодшага пакалення, блізкі да кола прагматыкаў у атачэнні Мядзведзева. Ягоны артыкул падаецца тут у нязначным скарачэнні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?