Бразыльскія легіянэры «Дынама» радуюцца перамозе у прынцыповым матчы супраць БАТЭ.

Фота Юліі Дарашкевіч

Дынама-Менск – БАТЭ 4:2.

На Захадзе самая прынцыповая гульня нацыянальнага футбольнага чэмпіянату атрымала назву гранд-клясыка. У Гішпаніі такім матчам ёсьць двубой паміж «Рэалам» і «Барсэлёнай», у Ангельшчыне – матч «Манчэстэр Юнайтэд» – «Чэлсы», у Італіі – «Ювэнтус» – «Мілян». Нават у нашых паўднёвых суседзяў ёсьць сваё гранд-клясыка: гульня «Дынама» (Кіеў) – «Шахтар» (Данецк).

У Беларусі на месца такога матчу можа прэтэндаваць двубой менскага «Дынама» і барысаўскага БАТЭ – двух найлепшых айчынных клюбаў. БАТЭ дало беларускаму футболу двух самых пасьпяховых гульцоў – Аляксандра Глеба і Віталя Кутузава. Іншыя зборнікі амаль усе прайшлі праз «Дынама». Каманды падобныя тым, што ў іх належным чынам пастаўлена праца з таленавітай моладзьдзю. І ў адной, і ў другой камандзе штогод зьяўляецца маладая зорка, якая празь нейкі час пачынае гуляць за галоўную каманду краіны. Розьніць клюбы толькі пазыцыя кіраўніцтва камандаў да трэнерскага корпусу: Анатоль Капскі (БАТЭ) дае «коўчам» час на стварэньне баяздольнага клюбу, а экспрэсіўны Юры Чыж («Дынама») звык рубіць з пляча, мяняючы як пальчаткі аднаго трэнэра за другім. У траўні пасьля няўдалага пачатку сэзону ўкраінца Аляксандра Рабаканя зьмяніў расеец Аляксей Пятрушын. Дынамаўскія фаны сьмяюцца: колькі пратрымаецца ў штурвала клюбу Пятрушын – тры месяцы, чатыры?

Цікавасьць да пятнічнага матчу на стадыёне «Дынама» падагравала і тое, што толькі гэтыя каманды, пасьля сыходу з дыстанцыі салігорскага «Шахтара» і менскага МТЗ-РІПА, засталіся прадстаўляць Беларусь у эўракубках.

У першым крузе каманды разышліся баявой нічыёй – 2:2, і БАТЭ было настроена на рэванш.

Асноўныя склады клюбаў не зьдзівілі. У барысаўцаў адсутнічаў хіба траўмаваны апорны паўабаронца Ермаковіч. Страта гэтага стрыжнявога гульца цэнтра поля й стала вырашальнай у матчы. БАТЭ так і не змагло знайсьці яму паўнавартаснай замены. Абарона клюбу нагадвала прахадны двор, варта было бачыць зь якой лёгкасьцю на 16-й хвіліне малады форвард «Дынама» Леанід Ковель адправіў мяч у барысаўскія брамы. Прайшло яшчэ дзесяць хвілінаў, і бразыльскі легіянэр менчукоў Марсіё скарыстаўся мітусьнёй абаронцаў і падвоіў лік.

Трэнэр БАТЭ Ігар Крывушэнка, відаць, ня змог у антракце знайсьці для сваіх хлопцаў патрэбных словаў – ужо на 49-ай хвіліне другі бразыльскі легіянэр «Дынама» Эду элегантным ударам зрабіў лік буйным, а на 53-й усюдыісны Ковель папросту непрыстойным – 4:0.

Шляхам заменаў барысаўцы ўзьвінцілі тэмп, і гэта дало плён. Рэзэрвіст гасьцей Жаўнерчык па неверагоднай траекторыі паслаў мяч за каўнер Артура Ляська. Падалося, што «дынамаўцы» папросту сталі. Барысаўскія хвалі атак адна за адной насоўваліся на «дынамаўскія» вароты. За такім тэмпам не пасьпяваў арбітар Сяргей Шмолік. Ён, як Валянцін Іваноў на мундыялі, пачаў сьвяціць перад футбалістамі жоўтыя карткі, а менчук Цішкевіч, што зьявіўся на полі ўсяго на некалькі хвілінаў, убачыў перад сабой чырвоную.

За пятнаццаць хвілін да канца сустрэчы Дзьмітры Молаш з пэнальці зрабіў лік 4:2. Гледачам падалося, што яшчэ крыху і БАТЭ адыграецца, і шанцы сапраўды былі! Шмолік не назначыў відавочнага пэнальці, а Дзьмітры Платонаў выходзіў адзін на адзін з брамнікам.

Пасьля сустрэчы менчукі скарацілі разрыў ад лідэра да аднаго пункту, а на вяршыні табліцы, пасьля сэнсацыйнага пройгрышу «Дарыды», засталося БАТЭ.

У чацьвер абедзьве каманды чакаюць выпрабаваньні ў Кубку ЎЭФА. І ў БАТЭ, і ў «Дынама» добрыя шанцы трапіць у наступны раўнд.

А пры канцы месяца нас зноў чакаюць матчы лідэраў чэмпіянату. 31 ліпеня БАТЭ згуляе з «Дарыдай», а менчукі ў гасьцях зь мінулагоднім чэмпіёнам – «Шахтарам».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?