Шлейф непрыемнасцяў цягнецца за кіраўніком місіі АБСЕ ў Беларусі Гансам‑Ёханам Шмідтам. Ці застанецца офіс пасля яго сыходу?

 Пасол Шмідт (справа) аддаваў перавагу кантактам з лукашэнкаўцамі.На фота — з цяперашнім міністрам унутраных справаў Анатолем Куляшовым, photo.bymedia.net

Пасол Шмідт (справа) аддаваў перавагу кантактам з лукашэнкаўцамі.
На фота — з цяперашнім міністрам унутраных справаў Анатолем Куляшовым, photo.bymedia.net

Гэты дыпламат працуе ў Беларусі ад лютага 2008 года. Калі першы год да немца прыглядаліся, то цяпер не крытыкуе толькі лянівы. Дый сам Шмідт з зайздроснай перыядычнасцю трапляе ў розныя скандалы і непрыемныя сітуацыі. Пад крытыку трапляў у свой час і пасол Ганс‑Георг Вік. Але скандалы з паслом Шмідтам — не толькі палітычныя, але і асабістыя.

Яшчэ ў маі кіраўнік офіса падчас сустрэчы з лідэрам АГП Анатолем Лябедзькам сказаў, што Бюро не збіраецца разглядаць прапановы апазіцыі адносна зменаў у выбарчае заканадаўства. Будуць разгледжаныя толькі прапановы ўладаў.

Бюро па дэмакратыі і правах чалавека АБСЕ настойвае на тым, каб у склад выбарчых камісій уваходзілі прадстаўнікі розных палітычных сіл, быў зроблены жорсткі кантроль за датэрміновым галасаваннем, а назіральнікі мелі права пералічваць галасы. У прынцыпе, у праекце АДС прысутнічаюць гэтыя ж прапановы, аднак мінскі офіс рашуча іх адрынуў.

Уражанае кіраўніцтва АДС звярнулася да кіраўніка АБСЕ Доры Бакаяні і дырэктара БДІПЧ АБСЕ Янеза Ленарчыча адносна выказванняў Шмідта. Гэтае пытанне разглядалася на парламенцкай сесіі АБСЕ ў Літве, што праходзіла ў канцы чэрвеня.

Абурэнне выклікала таксама нядаўняе выказванне пасла Шмідта адносна таго, што ён не лічыць праблему выканання правоў чалавека ў Беларусі прыярытэтнай для мінскага офіса.

Ад гэтых словаў пасла скісла не толькі апазіцыя, але і некаторыя краіны АБСЕ. Прынамсі, ЗША. Увогуле, Штаты выступаюць за больш актыўнае развіццё адносінаў офіса з грамадзянскай супольнасцю.

Сам Шмідт у Літве рапартаваў, што задаволены працай прадстаўніцтва. Ён адзначыў, што за апошні час клімат працы офіса значна палепшаў. Тым не менш, афіцыйная беларуская дэлегацыя заявіла, што, увогуле, не бачыць сэнсу ў працягненні працы прадстаўніцтва АБСЕ ў краіне.

Не паспела скончыцца сесія, як у Мінску пачаўся новы скандал. Не быў працягнуты кантракт з кіроўцам офіса Сяргеем Гаранковым, які без нараканняў адпрацаваў на гэтым месцы дзевяць гадоў. Сяргей Гаранкоў звярнуўся са скаргай у цэнтральны офіс арганізацыі ў Вену. Стала зразумела, што ўнутры мінскага офіса таксама хапае разборак. У прыватнасці, яшчэ адна былая супрацоўніца звінаваціла пасла ў сэксуальных дамагальніцтвах. АБСЕ была вымушаная пачаць службовае расследаванне.

З Вены ў Мінск прыязджала адмысловая група. Ніякіх вынікаў яшчэ не абнародавана. Місія ў Мінску таксама каментароў не дае.

У адным з інтэрв’ю Сяргей Гаранкоў расказаў, што пасол Шмідт марыў стаць дарадцам Лукашэнкі, пра што неаднаразова паўтараў. Таксама ён паведаміў, што ў офісе атрымліваюць заробак два супрацоўнікі беларускага МЗС — Дзяніс Сідарэнка і Антон Шмыгаў. Аднак ці можа тое быць праўдай і ці можа такое ведаць шафёр? І, урэшце, чаму праца офісу была наладжаная такім чынам, што шафёр аказваўся ў курсе розных прыватных і палітычных праблемаў?

Апошняя гучная справа, у якой аказаўся замешаны пасол Шмідт — гэта запрашэнне ў Мінск з экспертызай па справе зняволення Мікалая Аўтуховіча нямецкага прафесара Марціна Фінке.

Апошнім часам кантакты беларускай апазіцыі з офісам АБСЕ зведзеныя да мінімуму.

На мінулым тыдні Анатоль Лябедзька быў вымушаны ехаць у Варшаву, каб сустрэцца з прадстаўнікамі АБСЕ ў справе змянення выбарчага заканадаўства. Па словах Лябедзькі, сустрэча адбылася праз тое, што атрымаць нейкую інфармацыю ў Мінску немагчыма.

«На жаль, вымушаны канстатаваць, што офіс АБСЕ перастаў быць генератарам нейкіх ідэй, ініцыятываў і прапановаў. Яго дзейнасць скукожылася да функцыі кулуарнага дарадцы беларускіх уладаў. Не больш за тое. Нейкія дробныя ініцыятывы, нейкія дробныя скандалы. І гэта ёсць выраджэнне офіса АБСЕ ў Беларусі», — заявіў Лябедзька.

Па нашых звестках, пасол Шмідт можа пакінуць сваю пасаду ўжо ў верасні. Аднак вялікае пытанне: ці застанецца офіс? Адміністрацыя Лукашэнкі напэўна хацела б давесці справу да яго ліквідацыі на той ці іншай падставе.

Зміцер Панкавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0