Андрэй Краўчанка ў 2020-м правёў 10 сутак на Акрэсціна. Быў звольнены. Пазней разам з жонкай і маленькім дзіцем з'ехаў у Германію.

«Наша Ніва»: Вы казалі пра падпісантаў праўладнага ліста, якія вам цяпер пішуць.

Андрэй Краўчанка: Іх нямнога, некалькі чалавек. Імёны раскрываць не буду, бо я прыстойны чалавек. 

«НН»: Гэта топавыя спартоўцы?

АК: Так.

«НН»: Калі пачаліся гэтыя паведамленні?

АК: Літаральна тры дні таму. Не ад пачатку вайны, а калі людзі зразумелі, што курс пачаў моцна расці, што доступ на міжнародныя спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы закрываюць.

Некаторыя пісалі наконт праўладнага ліста: «Андрэй, нам пагражалі, нас прымушалі падпісаць, ты сам разумееш». За некаторых наогул падпісвалі, а яны і не ведалі.

«НН»: Чаго яны цяпер баяцца?

АК: Яны ж падпісвалі гэты ліст, каб працягнуць выступаць і застацца пры сваіх стыпендыях, інтэрнатах. Гэта ўсё забіраюць адразу [калі выказваешся супраць улады]. Нават мой прыклад паглядзіце. Цяпер яны пытаюцца, што ім рабіць, думаюць, як адсюль зваліць хутчэй, каб уладкавацца нармальна.

«НН»: З’ехаць, каб за іншую краіну выступаць?

АК: Так. Я адрэагаваў: хто падпісваў ліст за Лукашэнку, у яго і пытайцеся.

Фота Global Look Press

«НН»: Да тых, хто цяпер звяртаецца да вас, што адчуваеце? 

АК: Не шкада. У мяне змешаныя пачуцці, непрыязнасць, можа. Спартовец — гэта ж асоба, моцны чалавек, і калі табой кіруюць, як хочуць, павагі ніякай няма. У спартоўца заўсёды ёсць выбар, як паступіць. Мы [тыя, хто выказаўся супраць гвалту] выбралі такі шлях, мы ўсе ад гэтага пацярпелі. Гэтыя людзі падпісалі праўладны ліст, і цяпер пачынаюць мітусіцца.

Многія мае знаёмыя кажуць: «Ды не дапамагайце ім. Усё, што вы перацярпелі, няхай таксама праз гэта пройдуць». Не трэба так рабіць. Цяпер агульная бяда ў нас, трэба неяк гэту вайну спыняць, каб войскі нашы нікуды не ішлі. Таму нам усім трэба аб’ядноўвацца. А ўжо пасля ўсіх гэтых падзей будзем разбірацца.

«НН»: Тыя, хто непакоіцца пра сваю спартыўную будучыню, што пра вайну кажуць? 

АК: Цяпер жа шчыра ніхто не скажа. Будуць казаць тое, што выгадна, у прынцыпе як і раней рабілі. Калі ліст падпісвалі, яны казалі: «Там жа ў лісце нічога такога няма, ліст па-за палітыкай, каб можна далей было спортам займацца». Гэтак сама і цяпер будуць выкручвацца. 

Мне сёння аднакласніца напісала: «Што ж ты за Данбас так не заступаўся?» Чалавек быў супраць Лукашэнкі, быў за бчб — і цяпер за Пуціна. І такіх шмат, я зразумець не магу, чаму.

Мы ж спаборнічаем з хлопцамі з Украіны. Яны пішуць: «Як вашы спартоўцы могуць думаць, што мы самі бамбім сваіх людзей?»

Я з бацькам сваім не размаўляю. Ён у Маскве, прамыты Салаўёвым, Кісялёвым, Скабеевай. Ён сам вайсковец былы, таксама пачынае пра Данбас, пра НАТА. Я яму тлумачу: Украіна хоча нармальна жыць, таму і імкнецца ў Еўрасаюз. А Расія ў галечы і хоча, каб астатнія так таксама жылі.

«НН»: Спартоўцы ў вас пытаюцца, што ім рабіць. А што яны гатовы рабіць?

АК: Уцякаць. 

За ўнутраны чэмпіянат ніхто вялікія грошы плаціць не будзе. Тым больш сітуацыя такая, што давядзецца эканоміць. Ну, можа, будзе чэмпіянат Расіі, Казахстана і Беларусі. 

Мужчыны баяцца, што іх будуць прызываць на службу і давядзецца ісці ваяваць ні за што. Спартоўцы замацаваны ў КДБ, МУС, Пагранічным камітэце.

Я ім раю звярнуцца ў наш фонд салідарнасці, там падкажуць. Цяпер рэальна сітуацыя жудасная, таму нам трэба забыць усе крыўды на час, аб’яднацца.

Чытайце па тэме:

Здзекі ў Жодзіне з алімпійскага прызёра Краўчанкі: Пакуль вялі па калідорах у камеру, прымусілі прысядаць 400 разоў

«За кратамі сядзяць сапраўдныя героі»: сярэбраны прызёр Алімпіяды Андрэй Краўчанка абвясціў галадоўку

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру