«Праект 1906» пагаварыў з Вадзімам Іосубам, эканамістам і старшым аналітыкам «Альпары Еўразія».

Вадзім Іосуб

Вадзім Іосуб

«Забарона продажу валюты ў Беларусі цалкам магчымая. Пры якіх умовах? А іх ужо дастаткова, за выключэннем аднаго нюанса. Тлумачу: наконт Расіі было адначасовае рашэнне ЕС і ЗША, якія замарозілі актывы расійскага Цэнтрабанка і спынілі пастаўкі наяўных даляраў і еўра ў краіну, — кажа Іосуб. —

Што тычыцца Беларусі, то аналагічнае рашэнне прынятае і аформленае ЕС: замарозіць актывы Нацбанка і спыніць пастаўкі наяўных еўра ў Беларусь. ЗША такое ж рашэнне прынялі, але пакуль не аформілі юрыдычна. І калі ЗША гэта зробяць, калі далучацца ўсе краіны «Вялікай сямёркі», беларускі Цэнтрабанк згубіць доступ да ўсіх сваіх валютных рэзерваў за выключэннем юаня.

І тады могуць быць уведзеныя абмежаванні ў самой Беларусі для грамадзян. Яны не абавязкова будуць дубляваць расійскія, але цалкам верагодна, што абмежаванні на куплю валюты ці зняцце яе з рахункаў непазбежныя.

Ці дапамогуць такія меры ўтрымацца беларускаму рублю? Не, ніяк».

Але да чаго прывядуць абмежаванні па продажы валюты насельніцтву?

«Такія меры прывядуць да множнасці валютных курсаў. Сёння мы ўжо бачым множнасць: розныя курсы на біржы (каля 3,3 рубля за даляр) і ў банку (3,9 рубля). Розніца каля 20%. У выпадку забароны на продаж нейкі валютны рынак усё роўна застанецца — і, хутчэй за ўсё, гэта будзе чорны рынак, дзе курсы будуць адрознівацца яшчэ больш,

— тлумачыць аналітык. — У такой сітуацыі беларусы проста не змогуць купіць валюту ў банку, а чорны рынак будзе звязаны з дадатковымі рызыкамі: банальна будзе небяспека нарвацца на супрацоўніка праваахоўных органаў, што скончыцца канфіскацыяй грошай і адміністратыўкай ці нават крыміналкай. Людзі будуць вымушаныя вырашаць, ці не набываць валюту ўвогуле, ці набываць з рук, рызыкуючы.

У такіх умовах, мяркую, тым, хто не мае лішніх грошай, прасцей будзе адмовіцца ад пошуку валюты — нічога крытычнага не здарыцца, калі чалавек не зможа купіць сто даляраў раз на месяц. Крытычным будзе тое, што заробкі будуць паніжацца, тавары даражэць, шмат людзей будуць губляць як даходы, так і працу. На гэтым фоне большасці будзе ў прынцыпе не да набыцця валюты — адстунасць даляра стане найменшай з праблем».

Чаму важна, што ў Беларусь забаранілі пастаўляць наяўныя еўра?

«Гэта ўплывае на магчымасць купіць еўра ў абменніках, на магчымасць атрымаць рахунак у наяўных. Гэта прывядзе да дэфіцыту наяўных еўра: іх немагчыма будзе купіць у абменніку, нельга зняць з рахунку, проста таму, што фізічна не будзе банкнот.

І на чорным рынку еўра таксама будзе даражаць.

Але я б не акцэнтаваў тут усё на еўра, бо, мяркую, пытанне вельмі кароткага часу, калі тое ж рашэнне будзе прынятае і ў дачыненні да даляра», — падкрэслівае Вадзім Іосуб.

Ці стрымліваецца сёння курс даляра і еўра ў Беларусі штучна?

«Трэба паглядзець, па якіх курсах валюту прадаюць банкі і ці ёсць яна ў наяўнасці па гэтых курсах. Калі купіць нельга, то курс заніжаны», — тлумачыць Іосуб.

Ён мяркуе, што калі сённяшняя сітуацыя (не скончыцца вайна, новыя санкцыі) будзе працягвацца далей, то валюты ў Беларусі проста не будзе:

«І тады ўжо будзе без розніцы, які курс. На чорным рынку курс палезе ўверх, а іншага рынку проста не будзе».

Даваць нейкія канкрэтныя прагнозы аналітык не рызыкуе:

«Нават на заўтра прагназаваць штосьці не магу. Бо трэба разумець, што немагчымыя прагнозы ў сённяшняй сітуацыі ў эканоміцы, пры беспрэцэдэнтным аб'ёме санкцый.

Ніводная краіна ў гісторыі не трапляла пад такія санкцыі, як Расія, а, значыць, і Беларусь. І тут санкцыі ўводзіліся не паступова, як у выпадку з Іранам, а амаль імгненна. Адпаведна, нельга паглядзець гістарычныя прыклады, як краіны на гэта рэагавалі. Сёння няма адказаў на пытанні, колькі ў выніку будзе каштаваць валюта, якая будзе інфляцыя, колькі будзе беспрацоўных. Адзінае, што зразумела: курс будзе расці, беспрацоўе будзе расці. Кірунак зразумелы, а колькасна апісаць яго немагчыма».

Як адчуе санкцыі звычайны беларус? Што да іх чалавеку сярэдняга веку, умоўнаму работнку завода, які не набывае айфоны, імпартную вопратку, тэхніку, не ездзіць за мяжу?

«Ён таксама адчуе санкцыі, калі завод закрыецца і яго выставяць на вуліцу. А калі завод закрыецца, залежыць ад канкрэтнага прадпрыемства: нехта паспеў купіць імпартнае абсталяванне ці сыравіну, нехта не.

Таму кагосьці, умоўна кажучы, звольняць заўтра, а кагосьці праз месяц, — кажа Іосуб. — Ці ёсць іншы варыянт: не звольняць, але заробак будзе меншы, у кагосьці ў два разы, у кагосьці ў тры.

Лёс ва ўсіх будзе розны, але санкцыі адчуюць амаль усе. Можа быць ўяўленне, што не ўсе ж нашы прадпрыемствы завязаныя на імпарт ці экспарт. Але трэба разумець, што каб вырасціць беларускі хлеб, на палі патрэбная замежная хімія. І амаль у любой вытворчасці ёсць замежны імпарт. Хтосьці пратрымаецца даўжэй, хтосьці — не. Але большасць насельніцтва, нават тыя, хто нічым не цікавіцца, адчуюць усё на сваіх кішэнях», — падсумоўвае Вадзім Іосуб.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0