«Сапраўды сітуацыя складаная. Бо заяўкі на візу паступаюць нон-стоп, іх вельмі шмат, кансулаты не спраўляюцца, колькасць супрацоўнікаў скарочаная яшчэ пасля 2020 года. Таму многія МЗС расстаўляюць прыярытэты, не выдаюць турыстычныя візы. Выдаюць візы толькі гуманітарныя, у надзвычайных выпадках, тым, хто палітычна рэпрэсаваны, — тлумачыць дарадца Ціханоўскай. — 

Літва цяпер будзе сканцэнтраваная на выдачы візаў тым, хто церпіць ад палітычнага пераследу. Калі вы адносіцеся да гэтай групы, вы можаце звярнуцца да праваабарончых арганізацый — да «Вясны», «Байсола», іншых ініцыятыў. Яны вам патлумачаць, што рабіць.

Калі казаць пра Эстонію. У Эстоніі не было рашэння пра нявыдачу візаў, але яны таксама вырашылі расстаўляць прыярытэты і не выдаваць візы ўсім. Яны выдаюць у першую чаргу візы гуманітарныя. Не было ў Эстоніі і рашэння па непрыманні беларускіх студэнтаў. Наадварот — там ёсць некалькі праграмаў, яны чакаюць студэнтаў.

У Польшчы таксама такая сітуацыя — выдаюць найперш візы гуманітарныя. Цяпер Польшча збольшага займаецца ўцекачамі з Украіны. І таму мы паднялі пытанне, ці магчыма, каб беларускіх грамадзян, якія знаходзіліся ва Украіне, успрымалі ў Польшчы гэтак сама, як і ўкраінцаў. Было абмеркаванне ў парламенце Польшчы, але пакуль што дадатак да законапраекта, які падтрымлівае беларусаў, не прайшоў. Мы напісалі ліст і папрасілі перагледзець.

Вы ўжо бачылі заяву Нямеччыны, што яна будзе прымаць уцекачоў з Беларусі. Таксама падтрымліваюць Славакія і іншыя краіны. Для студэнтаў адкрытая праграма Каліноўскага, універсітэты Латвіі і Румыніі чакаюць беларусаў».

Вячорка кажа, што для іх было нечаканым, што некаторыя МЗС аб'явілі пра змены правілаў. Святлана Ціханоўская сазванілася з міністрам замежных справаў Чэхіі, пагаварыла з амбасадарам Эстоніі, офіс правёў кансультацыі ў міністэрствах Літвы і Польшчы. Вячорка пагаварыў з амбасадарам Еўрапейскага Саюза Дзіркам Шубелем.

«Мы тлумачым, што Беларусь і Лукашэнка — гэта розныя рэчы. Палітыкі пачынаюць разумець розніцу. Яны скарэктуюць сваю палітыку. Мы кажам пра тое, каб дзверы адчыняліся для беларусаў і зачыняліся для рэжыму», — зазначае Франак Вячорка.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0