Выйшла з друку кніга Сяргея Навумчыка «Сем гадоў адраджэньня, альбо Фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988–1995)», якая распавядае пра каляпс Савецкага Саюзу і першыя гады беларускай незалежнасьці. Гэта кніга пра тое, як Беларусь у пачатку 1990-х мела шанец пайсьці эўрапейскім шляхам і як падзеі 1994–1995 гадоў паставілі на гэтым шанцы крыж. Чацьвертая хваля беларускага адраджэньня пачалася ў 1988 годзе стварэньнем БНФ і скончылася Ганебным рэфэрэндумам 1995 г.

Аўтар дэталёва апісвае гісторыю Народнага Фронту – першага пасьля савецкіх часоў грамадзкага руху, які пачаўся ініцыятывай зьнізу – і дзейнасьць фракцыі БНФ у Вярхоўным Савеце, унікальны пэрыяд, калі голас беларусаў гучаў з парлямэнцкай трыьуны. С.Навумчык палемізуе зь сёньняшнім кіраўніцтвам краіны, якое ў змрочных фарбах падае сьвітанак беларускай незалежнасьці. «У кнізе Сяргея Навумчыка адлюстравана наша рацыя, наша беларуская праўда і наша змаганьне», – напісаў у прадмове да кнігі Зянон Пазьняк.

Замовіць кнігу можна ў незалежных распаўсюднікаў.

Навумчык Сяргей. Сем гадоў адраджэньня альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988–1995). Варшава–Прага, 2006. – 140 с. Наклад 1 000 асобнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0