Меркаванні

«Грэх Каіна». Як Масква страціла цяпер ужо і ўкраінскіх праваслаўных Маскоўскага патрыярхата

Як раней, украінскія прыходы РПЦ больш жыць не будуць. «Мы лічылі вас бацькам, але вы аказаліся горшы за айчыма», — гаворыцца ў звароце праваслаўных святароў.

Фота: АР.

Украіна — адна з кананічных тэрыторый Маскоўскага патрыярхата. Гэта месца, дзе знаходзяцца важныя для Рускай царквы аб’екты, у тым ліку тры вялікія манастыры — Кіева-Пячэрская, Святагорская і Пачаеўская лаўры. Натуральна, што ва ўмовах вайны ўкраінскія вернікі чакалі падтрымкі ад кіраўніка сваёй царквы, то бок ад патрыярха Кірыла. Але яны атрымалі зусім іншую рэакцыю.

Хутка будзе месяц, як ідзе ўкраінская вайна, але ж за ўвесь гэты час Кірыл не сказаў ні слова спачування ўкраінскаму народу. Калі сачыць па яго публічных выступах, глава Маскоўскага патрыярхата нібыта не бачыць ахвяр расійскіх войскаў у Кіеве, Харкаве, Марыупалі, Бучы, Ірпені і шматлікіх іншых гарадах, якія, часам здаецца, захопнік хоча сцерці з зямлі. Замест гэтага Кірыл паўтарае наратыў пра пакуты жыхароў Данбаса — але ж яго паства жыве не толькі там.

Уладзімір Пуцін зразумела прадэманстраваў у сваіх прамовах, што ён не верыць у дзяржаўнасць Украіны, і Кірыл падтаквае яму. Ён робіць гэта, калі паўтарае ў сваіх пропаведзях ідэю пра «брацкія» рускі і ўкраінскі народы. Патрыярха, відаць, не турбуе, што адзін з гэтых народаў пайшоў са зброяй на іншы і проста цяпер бязлітасна бамбіць гарады. Ці гэта, на думку Кірыла, робяць нейкія міфічныя антырасійскія сілы? Хіба не тыя, ад якіх расійская армія метадычна зачышчае праз бамбёжкі мірныя гарады?

Яшчэ адзін нечаканы тэзіс ад Кірыла — ідэя пра тое, што Данбасу зараз навязваюць нейкія непрымальныя каштоўнасці. Напрыклад, 6 сакавіка патрыярх паведаміў, што вернікі Данбаса пакутавалі праз тое, нібыта яны не жадаюць прымаць заходнія каштоўнасці накшталт гей-парадаў.

Але гэта ўсё гасне ў параўнанні з жэстам, які патрыярх зрабіў 13 сакавіка. Пасля нядзельнай службы ён падарыў ікону Аўгустоўскай Божай Маці Віктару Золатаву, кіраўніку Расгвардыі, і дабраславіў яго на служэнне Айчыне. Нагадаем, што Расгвардыя — актыўны ўдзельнік вайны ва Украіне з расійскага боку.

Яшчэ адзін важны момант: у сваім публічным выступе ад 21 лютага, за некалькі дзён да нападу на Украіну, Пуцін згадаў Украінскую праваслаўную царкву Маскоўскага патрыярхата. Па яго словах, у Кіеве нібыта рыхтавалі расправу над гэтай царквой. Пуцін спасылаўся на законы, што нібыта ўшчамляюць правы вернікаў Маскоўскага патрыярхата, і фактычна выкарыстаў царкоўны раскол як адно з апраўданняў уварвання ва Украіну.

Як рэагуе ўкраінскае праваслаўе

Кіраўнік УПЦ Маскоўскага патрыярхата, мітрапаліт Ануфрый, у першы ж дзень нападу Расіі рэзка яго асудзіў. Ён назваў гэтую вайну паўтарэннем граху біблейскага Каіна — то бок братазабойствам.

З самага пачатку ўварвання ўсё больш клірыкаў УПЦ МП прыбягаюць да важнага жэста — адмаўляюцца згадваць (памінаць) імя патрыярха Кірыла за богаслужэннем. Рэч тым, што памінанне імя галоўнага епіскапа царквы (якім для РПЦ з’яўляецца Кірыл) — гэта сімвал малітоўнага адзінства ўсіх вернікаў, што належаць да гэтай царквы. Адпаведна, калі недзе такога епіскапа не памінаюць, калі за яго не моляцца, можна гаварыць пра крок у кірунку царкоўнага раскола.

Сёння як мінімум ў 19 з больш чым 50 епархій УПЦ МП не памінаюць Кірыла на богаслужэннях. Цікава, што ўжо праз тры дні пасля пачатку вайны гэта перасталі рабіць нават частка святароў Кіева-Пячэрскай Лаўры — адной з найбольш значных апор Рускай праваслаўнай царквы ва Украіне. За яе прыкладам пайшла і Пачаеўская лаўра — іншая цвярдыня прамаскоўскага праваслаўя.

Гэта толькі тыя епархіі, кіраўнікі якіх афіцыйна дазволілі сваім святарам не памінаць Кірыла. Ёсць даныя, што і ў іншых епархіях ёсць святары, што адмаўляюцца памінаць Кірыла, і кіраўніцтва УПЦ МП ніяк на гэта не рэагуе.

Ды і самі ўкраінскія святары выказваюцца пра маскоўскага патрыярха не надта пахвальна. Намеснік кіраўніка аддзела знешніх царкоўных зносін УПЦ МП, святар Мікалай Данілевіч характарызуе дзеянні Кірыла так: «Увогуле заявы і дзеянні патрыярха Кірыла, і яго ацэнка расійска-ўкраінскай вайны, і нападу на Украіну, і адкрытага ўварвання ва Украіну, яна, мякка кажучы, дзіўная, а дакладней, абсалютна неадэкватная. І яго заявы выклікалі люты супраціў. Неразуменне, непрыманне і супраціў».

У пачатку сакавіка ў сеціве з'явіўся відэазварот украінскіх святароў да патрыярха Кірыла і мітрапаліта Ануфрыя. Ролік даўжынёй у восем з паловай хвілін змяшчае заклік да мітрапаліта аб выхадзе з РПЦ. Аўтары звароту сведчаць, што яны спынілі памінаць Кірыла падчас службаў, і каментуюць яго маўчанне ў адказ на расійскую агрэсію: «Мы лічылі вас бацькам, але вы аказаліся горшы за айчыма». На сёння відэа мае ўжо больш за 200 тысяч праглядаў.

Вернікі іншых тэрыторый, падначаленых РПЦ, таксама дыстанцыруюцца ад рыторыкі пра «дэнацыфікацыю». 1 сакавіка з'явіўся адкрыты ліст дзясяткаў святароў Маскоўскага патрыярхата з заклікам да неадкладнага спынення вайны і прымірэння паміж расійскім і ўкраінскім народамі.

Нават сусветныя праваслаўныя лідары асудзілі дзеянні Кірыла. З адпаведнымі заявамі выступілі патрыярх Александрыйскі Феадор ІІ, патрыярх Румынскі Даніэль, кіраўнік праваслаўнай царквы Фінляндыі архіепіскап Леў і мітрапаліт Польскай праваслаўнай царквы Сава.

Да маскоўскага патрыярха звярнулася Сусветная рада цэркваў — уплывовая міжнародная арганізацыя, у якую ўваходзіць і РПЦ. Святар Іаан Саўка, выканаўчы абавязкаў генсакратара Савета, у лісце да Кірыла папрасіў таго «ўмяшацца і стаць пасярэднікам паміж прадстаўнікамі ўлады, каб спыніць гэтую вайну». Патрыярх у адказ напісаў таму пра сілы, што «адкрыта заяўляюць пра свае варожыя намеры да Расіі», якія нібыта шчыльна наблізіліся да яе межаў.

Мітрапаліт Віленскі і Літоўскі Інакентый, які таксама падпарадкоўваецца РПЦ, таксама выступіў за мір. Ён рашуча асудзіў вайну Расіі ва Украіне і адзначыў, што ў Літве не згодныя з выказваннямі патрыярха Кірыла наконт гэтай вайны.

Што чакае у такіх умовах РПЦ ва Украіне?

Сярод вернікаў гучаць як галасы за аўтакефалію, то бок самастойнае існаванне ад РПЦ, так і заклікі не прымаць такіх важных рашэнняў у напружаных абставінах.

Варта памятаць, што ва Украіне ўжо ёсць свая аўтакефальная царква — ПЦУ (Праваслаўная царква Украіны). Яе самастойнасць прызнаная найвялікшай у свеце праваслаўнай царквой— Канстанцінопальскім патрыярхатам, а таксама Александрыйскай, Кіпрскай і Эладскай праваслаўнымі цэрквамі. Магчыма, пераход украінскіх прыходаў РПЦ у склад ПЦУ быў бы тэхнічна лягчэйшым рашэннем, чым заснаванне новай царквы. 

І гэты пераход ужо ідзе. Некалькі дзён таму стала вядома пра тое, што ў ПЦУ перайшлі мужчынскі Васкрасенскі Наваафонскі манастыр у Львове і прыход Свята-Пакроўскага храма ў Чырвонаградзе.

Сама ПЦУ таксама спрыяе гэтай кансалідацыі вакол сябе. Яе кіраўнік, мітрапаліт Епіфаній, адзначыў на адной з пропаведзяў: «Кожны з вас на сваім месцы ў той ці іншай абшчыне можа зрабіць вельмі карысную справу: прыняць рашэнне аб далучэнні да Праваслаўнай царквы Украіны».

Зразумела адно: так, як раней, украінскія прыходы РПЦ больш жыць не будуць. Расійскія бамбардзіроўкі знішчаюць храмы РПЦ, у захопленых храмах акупанты ладзяць агнявыя пазіцыі, і вернікі Маскоўскага патрыярхата пакутуюць ад вайны гэтак жа, як і астатнія грамадзяне Украіны.

 «Пазваніў папрасіць лекаў ад ванітаў, падумалі — у палоне, а аказалася, што мые рускія танкі ад парэшткаў», — сваякі беларускага салдата

Марыупаль: як Расія сцірае з зямлі самы прарасійскі горад Украіны

Каментары

Бондарава абрынулася на музей Янкі Купалы і мастака Сушу14

Бондарава абрынулася на музей Янкі Купалы і мастака Сушу

Усе навіны →
Усе навіны

Агенты ГРУ Мішкін і Чапіга, якія атруцілі Скрыпалёў, вярбуюць людзей для дыверсій у Еўропе4

Прэтэндэнт у прэзідэнты Аляксандр Хіжняк расказаў, што трапіў у 2020 годзе ў «Чорную кнігу»3

Ва Узброеных сілах заявілі, што распрацавалі аналаг Starlink для беларускай арміі13

Бізнэсоўца з Гомеля судзяць па абвінавачанні ў здрадзе дзяржаве і абразе Лукашэнкі

92-гадовая жанчына штотыдзень абедае ў замку ўжо 37 гадоў

Зяленскі: Перамір'е магчыма, калі Украіну запросяць у NATO7

Паліцыя зноў разагнала мітынг у цэнтры Тбілісі

Што вядома пра беларуса Віктара Павелку, якога ў Польшчы падазраюць у арганізацыі нападаў на расійскіх апазіцыянераў7

Што свет думае пра вайну ва Украіне цяпер? Карта пазіцый краін1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Бондарава абрынулася на музей Янкі Купалы і мастака Сушу14

Бондарава абрынулася на музей Янкі Купалы і мастака Сушу

Галоўнае
Усе навіны →