Капаць магілы на могілках альбо насіць труны з памерлымі — праца. Аб якой не мараць дзеці, а дарослыя, атрымаўшы яе, не хваляцца перад сябрамі і знаёмцамі. Аляксандр Голуб з Баранавічаў сем гадоў аддаў вайсковай службе, а потым стаў працаваць на могілках.

З прапаршчыкаў у далакопы

Капаць магілы на могілках альбо насіць труны з памерлымі — праца. Аб якой не мараць дзеці, а дарослыя, атрымаўшы яе, не хваляцца перад сябрамі і знаёмцамі. Вось і Аляксандр Голуб, паехаўшы за сваёй будучай жонкай у Баранавічы, не мог і падумаць, што трапіць у сферу рытуальных паслугаў. Ды і як такія думкі маглі з’явіцца ў галаве маладога перспектыўнага вайскоўца, які, ледзь паступіўшы на службу на баранавіцкую авіябазу, адразу апынуся на добрым рахунку і ў начальства, і ў калег. За сем гадоў ваеннай службы Аляксандр сабраў стос грамат і падзяк ад кіраўніцтва, атрымаў званне прапаршчыка і стаў начальнікам радыёлакацыйнай станцыі. Але на пачатку 2000-х гадоў, калі частку сталі расфарміроўваць, Аляксандру Голубу паведамілі, што ягоная пасада скарачаецца, і прапанавалі стаць тэхнікам па абслугоўванні самалётаў, фактычна простым механікам. З такой няўдзячнасцю прапаршчык Голуб мірыцца не стаў і вырашыў — трэба сыходзіць з войска.

«У той час мой брат ездзіў на працу ў Маскву і, дазнаўшыся, што я збіраюся сысці з войска, падтрымаў маё рашэнне, паабяцаўшы, што забярэ мяне з сабой у Расію, — згадвае Аляксандр Голуб. — Да майго ад’езду заставалася прыблізна паўгады, і, каб не сядзець дома, я пайшоў у цэнтр занятасці, дзе якраз набіралі работнікаў на могілкі».

Сваякі з такімі пераменамі доўга не маглі змірыцца, па першым часе дакаралі Сашу тым, што ён пакінуў службу ў войску. Але Аляксандр, зрабіўшы перапынак у сваіх «рытуальных» абавязках і з’ездзіўшы на паўгады ў Маскву, для сябе вырашыў, што застанецца працаваць на могілках. «Калі я прыйшоў сюды, работнікаў было мала, чалавек шэсць усяго, ды і тэхнікі зусім не было. Першыя два гады я працаваў далакопам, прыбіраў могілак, — прыгадвае Аляксандр. — Потым могілкі сталі развівацца, з простых прыбіральшчыкаў я перайшоў у рабочыя рытуальных паслугаў. Кола абавязкаў пашырылася: цяпер я павінен быў ездзіць на «вынасы» нябожчыкаў, забіраць целы з трупярні і ўсталёўваць помнікі».

Дзіцячыя страхі змяніў спакой

Як і ўсе дзеці, у свае хлапчукоўскія гады Аляксандр баяўся могілак, прычым асабліва палохалі яго чамусьці вясковыя могілкі. «У часы майго дзяцінства самая мяккая зямля ў вёсцы была каля могілак, — распавядае пра свае дзіцячыя фобіі Аляксандр Голуб. — Там звычайна выкопвалі вялізныя ямы, у які было зручна захоўваць бульбу. Я часта бавіў лета ў бабулі і, канечне, неаднойчы мне даводзілася ездзіць да гэтых ямаў. Дык вось колькі б разоў я не праязджаў каля могілак, варта было дрэву зашамацець альбо галінцы трэснуць, я ўвесь час уздрыгваў».

З узростам дзіцячыя страхі мінулі. Калі пачаў працаваць на могілках, Аляксандр ужо не палохаўся выгляду свежавыкапаных магілаў і сумных пахавальных працэсій, а ставіўся да ўсяго проста як да працы, якую трэба рабіць. «Калі капаеш, ніякага пачуцця страху, тым больш адчування таго, што стаіш на дне чужога долу, няма, — прызнаўся Аляксандр. — Адзінае, чаго баішся, — каб пясок не абваліўся ці каб цябе не накрыла бліжэйшым помнікам. Дарэчы, невялікія абвалы пяску перыядычна здараюцца, але такога, каб яны мелі вынікам смерць работнікаў, на шчасце, не было. Калі «адкапацца» чалавек яшчэ можа самастойна, то зняць з сябе магільную пліту складаней. Менавіта таму мы заўсёды працуем у пары, каб у выпадку чаго можна было дапамагчы свайму калегу».

Крыўдна, калі цябе лічаць п’яніцам

Сярод абывацеляў існуе думка, што ўсе працаўнікі могілак — алкаголікі, якія капаюць дол, каб зарабіць сабе на бутэльку. Аляксандра такія выказванні крыўдзяць і абураюць.

«Людзі лічаць, што могілкі — гэта апошняе месца, куды ідуць працаваць алкаголікі, якія не могуць нідзе працаўладкавацца. Так і суседзі мае гавораць, і нават некаторыя сваякі, — бядуе Аляксандр Голуб. — Непрыемна, калі на цябе вешаюць ярлык. І самае крыўднае тое, што нават калі ты сам не п’еш і людзі пра гэта ведаюць, змяніць іх думку ўсё адно нельга, бо ты ў іх вачах хутчэй з’яўляецца выключэннем, чым правілам».

Канечне, як і ў любым калектыве, сярод работнікаў могілак ёсць такія, якія любяць прыкласціся да пляшкі, але, па прызнанні Аляксандра, на працы такія людзі доўга не затрымліваюцца. Сам жа ён да алкаголю ставіцца спакойна, можа выпіць у кампаніі сваякоў і сяброў па святах. А вось п’яніцы выклікаюць у яго негатыўныя эмоцыі. «Асабліва злуе, калі ты робіш сваю справу, а які-небудзь падвыпіўшы кліент альбо сваяк спрабуе табе ўказаць, што і як трэба рабіць, — прызнаецца Аляксандр. — Стрымліваць сябе ў такіх сітуацыях больш чым складана».

Карпаратыўная этыка

Дарэчы, на могілках ёсць свае негалосныя правілы, якія ягоныя работнікі выконваюць абавязкова. Так, напрыклад, падчас пахавання, каб абмеркаваць паміж сабой якія-небудзь прафесійныя пытанні, работнікі адыходзяць ад месца пахавання, даючы магчымасць сваякам спакойна развітацца. Акрамя таго, нягледзячы на тое, што гумар суправаджае прадстаўнікоў гэтай прафесіі ўвесь час, падчас працэдуры яны паводзяць сябе стрымана і сур’ёзна, не дазваляюць сабе адпускаць недарэчныя ў такія выпадках жарты нават у коле сяброў.

На выезды рабочыя рытуальных паслуг накіроўваюцца выключна ў чорных касцюмах і пры гальштуках.

«Гэта наша рабочая вопратка, — адкрываючы шафу з касцюмамі, распавядае Аляксандр Голуб. — Тут у нас поўны камплект: і кашуля, і гальштук, і пантофлі ёсць. Касцюмы набылі гады два-тры таму, яны куплены за кошт прадпрыемства. І кіраўніцтва патрабуе, каб мы апраналі іх на кожны выезд».

Выдаткі прафесіі

Суправаджаць труну з памерлым — праца не столькі непрыемная, колькі цяжкая. Вынас труны праз вузкія дзвярныя праёмы, а таксама пад’ём і спуск з верхніх паверхаў патрабуюць вялікіх фізічных высілкаў. Плюс работа на адкрытым паветры пры любых, нават самых складаных умовах надвор’я. Аднак ёсць рэчы, якія вымагаюць і аграмаднага запасу душэўных сіл. «Самае непрыемнае — забіраць памерлага з моргу, — прызнаецца Аляксандр. — Часцей за ўсё абавязкі гэты на сябе бяруць сваякі, мы ж прыязджаем у морг пераважна па неапазнаныя трупы. Нярэдка іх целы, перад тым як знойдуць, ляжаць доўга, таму глядзець на такія трупы, а тым больш перакладваць іх у труны — не самы прыемны занятак». Ёсць яшчэ адна малапрыемная працэдура — эксгумацыя (даставанне трупа з месца пахавання). Людзі, якія гэта робяць, павінны мець моцныя нервы і нярэдка такія ж моцныя страўнікі. Аляксандр, паводле ягонага ўласнага прызнання, да эксгумацыі яшчэ «не дарос». «Працэдура эксгумацыі праводзіцца ў нас вельмі рэдка, — распавядае Аляксандр Голуб. — У мяне была магчымасць прыняць у ёй удзел, але я адмовіўся. І не таму што баяўся начных жахаў, яны, на шчасце, мяне не турбуюць. Проста мая нервовая сістэма, хаця і моцная, але не да такой ступені, каб назіраць за тым, як выкопваюць памерлага».

І крызіс, і сацыяльная няроўнасць

Здавалася б, каго-каго, а работнікаў могілак крызісныя з’явы сусветнай эканомікі закрануць не могуць. Людзі паміраюць, і, нягледзячы на крызіс хаваць іх трэба. Але, як выявілася, ягоны водгалас дакаціўся і да могілак Русіна, хаця тут уплыў крызісу менш адчувальны. У прыватнасці, ён негатыўна адбіўся на колькасці замоваў на ўсталяванне помнікаў. «Яшчэ на пачатку мінулага году у нас было больш за сто замоў, — бядуе Аляксандр. — Мы не паспявалі ўсё рабіць, таму запрашалі, што называецца, людзей са стараны. На пачатку гэтага году ў нас было ўсяго 30-40 замоваў. Верагодна, у сувязі з крызісам у людзей проста няма грошай на помнікі».

Сацыяльная няроўнасць паміж людзьмі на могілках не мае такога значэння, як у свеце жывых людзей. Аднак у нейкай ступені яна існуе і тут, хаця ўстанаўліваюць гэтую няроўнасць не тыя, хто тут знайшой спакой, а іх сваякі. «Людзі па звычцы лічаць, што калі над магілай стаіць дарагі помнік, то памерлы пры жыцці быў вельмі забяспечаным чалавекам альбо такімі былі ягоная сваякі, — тлумачыць Аляксандр Голуб. — Але насамрэч усё значна складаней.

Бывае, што людзі бедныя прадаюць машыны і кватэры, каб аддаць апошнюю даніну памяці памерламу і ўсталяваць на магіле штосьці грандыёзнае, а багацеі замаўляюць самыя танныя помнікі.

Усё залежыць ад адносінаў паміж сваякамі. Бываюць сітуацыі, калі магілу яшчэ не паспелі засыпаць, а сваякі ўжо пачынаюць спадчыну дзяліць. Магчыма, таму людзі яшчэ пры жыцці пачынаюць замаўляць сабе месца на могілках альбо выбіваць уласныя імёны, баючыся, што пасля смерці ніхто пра гэта не паклапоціцца». Такое стаўленне да памерлых Аляксандр Голуб лічыць недапушчальным. Ён перакананы, што менавіта праз арганізацыю пахаванняў і ўсталяванне помнікаў чалавек паказвае сваё стаўленне да памерлага. Больш за тое, ён лічыць, што дагляд за магіламі — абавязак, які павінны выконваць усе без вынятку, бо тым самым яны аддаюць даніну павагі тым, хто ім дарагі.

Гледзячы смерці ў твар, не думаючы пра яе

Аляксандр Голуб — адзін з тых людзей, якім неаднойчы даводзілася зазіраць у твар смерці. І справа нават не ў тым, што ён ужо некалькі гадоў працуе ў месцы, дзе яе прысутнасці адчуваецца найбольш востра. А ў тым, што двойчы, па ягоным уласным прызнанні, Аляксандр апынаўся ў сітуацыі, калі ягонае жыццё вісела на валаску. «Я жыў у вёсцы ў Стаўбцоўскім раёне і штодзень ездзіў у школу у Стоўбцы. У 7-8-м класе я вяртаўся дахаты з бульбы. Выйшаў з цягніка і стаяў насупраць чыгункі. Мне вельмі хацелася дахаты хутчэй трапіць, і я ўжо гатовы быў ступіць на пераход, але чамусьці раптам спыніўся. Побач са мной стаяла маладая сям’я. Сужэнцы сталі пераходзіць шляхі, і тут іх дзіця вырвалася і пабегла. Менавіта ў гэты момант праходзіў цягнік і дзіця загінула. Я быў у шоку. Прыйшоў дахаты і стаў пытаць у сябе: чаму я тады спыніўся? Я ж мог сам пайсці, не паглядзець па баках і загінуць.

Ці яшчэ быў выпадак. Я ехаў на матацыкле і на адным кавалку дарогі быў невялікі выгін. Цёмна было, і менавіта на гэтым выгіне ў мяне перасталі працаваць фары. Я падкруціў падсветку — гляджу, ужо лячу па іншым баку дарогі, а насустрач мне аўтобус. Як я выкруціўся, да гэтага часу не разумею. Напэўна, усё-ткі ёсць вышэйшая сіла, якая мяне беражэ».

Нягледзячы на гэта, думкі пра смерць Аляксандра не наведваюць. «Я не думаю пра смерць і не баюся яе, — прызнаецца Аляксандр. — Мяне цікавіць жыццё і галоўная мэта гэтага жыцця — вырасціць сына, даць яму добрую адукацыю, мець якую сёння проста неабходна. Мне не важна, якую прафесію выбера мой сын, галоўнае, каб яна яму падабалася».

Людміла Сцяцко, Intex-press

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0