Экс-дыпламат Павел Мацукевіч

Экс-дыпламат Павел Мацукевіч

Ці не збіраецца наша краіна эвакуіраваць сваё пасольства ў сувязі з рашэннем увядзення беларускіх войскаў на тэрыторыю Украіны і чаго чакаць у найбліжэйшай будучыні, расказаў «Салідарнасці» экс-дыпламат, старшы даследчык Цэнтра новых ідэй Павел Мацукевіч.

‒ За дзень да нападу Расіі на Украіну ўсе расійскія дыпламаты пакінулі краіну. Цяпер мы бачым масавы адʼезд беларускіх. Пра што гэта можа сведчыць?

‒ Я пакуль не бачыў навін аб тым, што Беларусь эвакуюе сваю амбасаду. На афіцыйным сайце пасольства Беларусі ва Украіне пакуль нічога пра гэта няма.

Сама па сабе эвакуацыя была б лагічнай, бо ў краіне ідзе вайна, і Кіеў абстрэльваецца. Пераважная большасць краін даўно эвакуявала сваіх дыпламатаў.

Ізноў жа адʼезд і эвакуацыя дыпламатаў не адбываецца таемна. Ёсць дыпламатычная працэдура: калі пасол пакідае краіну, у якой ён працуе, то пасольства абавязана праінфармаваць МЗС краіны, што ў гэты перыяд пасла не будзе і выконваць абавязкі часовага паверанага будзе нейкі дыпламат. Калі размова ідзе аб эвакуацыі, я думаю, была б адпаведная нота.

Гэта не тое, што схаваеш.

‒ Але калі выказаць здагадку, што такое рашэнне ўсё ж прынятае, ці азначае яно, што Беларусь плануе ваеннае ўварванне ва Украіну?

‒ Гэта можа быць, вядома, сімптомам.

Але, мне здаецца, гэта больш указвае на тое, што расейскія войскі плануюць штурм і бамбардзіроўку Кіева. І паколькі Лукашэнка — саюзнік Пуціна ў гэтай бруднай справе, беларускі бок можа ведаць больш, і гэта прымушае іх эвакуіраваць сваіх дыпламатаў.

Такое лёгка сабе ўявіць. Расейскія войскі наступаюць. Павольна, спыняюцца, цягнуць час, папаўняюць запасы, але так ці інакш надыходзяць. І, мяркуючы па тым, што гаворыць Пуцін, ён пакуль ад сваіх планаў па захопе Украіны не адмовіўся. Нават нягледзячы на тое, што вайна зацягваецца, колькасць ахвяр расце, гарады ператвараюцца ў руіны.

Гэта, відаць, у расейска-савецкай традыцыі — пракладаць дарогу да сваіх сумнеўных перамог трупамі і разбурэннямі.

Але не трэба забывацца, што амерыканцы ў Беларусі ўжо месяц як эвакуіравалі сваё пасольства. Відавочна, у мэтах бяспекі, мяркуючы, што канфлікт можа выйсці на тэрыторыю Беларусі. Яны прынялі гэтае рашэнне, хаця пакуль у самой Беларусі вайны няма.

‒ Лукашэнка да апошняга адхрышчваўся ад увядзення беларускіх войскаў ва Украіну. Нешта магло б яго зараз падштурхнуць змяніць гэтае рашэнне?

‒ Я не выключаю, што ў Беларусі будзе прынятае такое рашэнне і нейкі вайсковы кантынгент можа прыняць удзел у гэтай вайне на баку Расеі. Я проста лічу, што гэтае рашэнне ўжо нават не ў кампетэнцыі беларускіх уладаў.

Калі паступіць адпаведны загад з Крамля, Аляксандру Лукашэнку не застанецца нічога іншага, як гэты загад выканаць. Інакш на гэтым скончыцца ягоная палітычная карʼера як кіраўніка гэтай тэрыторыі, на якой і так ужо прысутнічаюць расейскія вайскоўцы.

Так, гэтага яму не хацелася б, гэта спалучана з рызыкамі дэстабілізацыі сацыяльна-палітычнага становішча, але ад яго гэта не залежыць.

‒ А наколькі Расея зацікаўлена ў прысутнасці беларускіх войскаў на тэрыторыі Украіны?

‒ Думаю, што цяперашняя роля, якую адыгрывае Беларусь, Крэмль пакуль што задавальняе. Наша краіна для Расіі ‒ плацдарм, назапашвальнік расійскіх войскаў, тэрыторыя, з якой вядзецца наступ і абстрэл Украіны (у прыватнасці, кірунак Чарнігаў-Кіеў), месца, дзе залізваюцца расійскія раны (тут лечаць, кормяць і пояць расійскіх вайскоўцаў). І другая роля ‒ гэта роля перамоўнай пляцоўкі.

У Расіі, на мой погляд, дастаткова пакуль уласных рэзерваў для вайны з Украінай. У іх ёсць разуменне, што ўдзел беларускіх вайскоўцаў у гэтай аперацыі можа дэстабілізаваць сітуацыю ў самой Беларусі. Гэта створыць значна больш праблемаў для расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі ў плане іх перамяшчэння, ратацыі, манеўраў.

Таму Крэмль задавальняе Лукашэнка як чалавек, які забяспечвае плацдарм, і прадстаўляе Беларусь як перамоўную пляцоўку. Хоць па факце наша краіна ‒ ніякая не пляцоўка ў сэнсе міратворчасці, гэта проста адрас, па якім адбываюцца гэтыя перамовы.

Але ўсё можа змяніцца. І гэта не ад нас залежыць. Тут мы пешка. І былі гэтай пешкай. Нават самыя сурʼёзныя беларускія чыноўнікі тыпу Макея жылі ў няведанні і лічылі, што мы праводзім вучэнні «Саюзная рашучасць-2022», што войскі сыдуць, як ён заяўляў, аж да апошняга танка і салдата. Але за шырмай гэтых вучэнняў рыхтавалася наступальная аперацыя, рыхтавалася ўварванне.

І ўвесь маштаб бедства для нас у тым, што калі б не Беларусь як плацдарм для гэтай аперацыі, то і вайны не было б у такім маштабе. Немагчымы быў бы гэты наступ на Кіеў. Максімум справа абмежавалася б толькі рэгіёнам Луганскай і Данецкай абласцей.

І кожны дзень вайны, ахвяры, разбурэнні ‒ гэта таксама ўсё на сумленні беларускіх уладаў.

Прынамсі, тыя ахвяры і разбурэнні, якія ідуць з тэрыторыі Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0