У мінскім Парку Чалюскінцаў 16 жніўня Грамадскае аб’яднанне па абароне жывёлаў «Эгіда» правяло акцыю, прысвечаную Міжнароднаму дню бяздомных жывёлаў.

Падчас акцыі валанцёры раздавалі беспрытульных сабак і катоў, расказвалі пра лёс выхаванцаў, якія трапілі ў гадавальнік «Фаўна горада», а таксама збіралі корм, ашыйнікі, посуд ды іншую матэрыяльную дапамогу.

Акцыя праходзіла шумна і весела.

Дзесяткі людзей падыходзілі і цікавіліся, чым можна дапамагчы жывёлам і як іх узяць дадому. Спевакі Аляксандра Кірсанава і Канстанцін Драпеза распавядалі пра сваіх сабак‑дварнякоў, якіх узялі падчас мінулых акцый. Бацька Максіма Мірнага Мікалай Мірны выбіраў сабе чатырохлапага сябра. Арганізатары толькі паспявалі тлумачыць новым гаспадарам лёс і асаблівасці гадунцоў.

Былі слёзы радасці і роспачы.

Плакала валанцёр, калі аддавала сваю любімую дварнячку Люсю новым гаспадарам. Плакаў хлопчык, якому бацькі не дазвалялі ўзяць сабаку дадому, а ён абдымаў беспрытульнага ды не хацеў адпускаць. Адно сабакі ды каты глядзелі разумнымі вачыма на людзей і чакалі на свайго новага гаспадара.

Настасся Шамрэй

Старшыня Грамадскага аб’яднання абароны жывёлаў «Эгіда» Наталля Белянова расказвае для «НН»:

У Беларусі пра існаванне Міжнароднага дня бяздомных жывёлаў даведаліся, напэўна, год таму. Калі нашае аб’яднанне «Эгіда» вырашыла адзначыць гэты дзень выхадам у горад. Мы выйшлі не проста пагутарыць аб праблемах, але і прывезлі каля 40 сабак, каб знайсці ім гаспадароў. Сення такія выхады ў горад сталі ўжо сістэматычнымі.

Праводзіць акцыі вельмі складана. Цяжка ўсё арганізаваць: жывёлы абавязкова мусяць быць з павадком, мець даведкі, аддаваць іх можна толькі паводле рэестру і з пашпартамі, а таксама цяжка прывесці ў месца правядзення акцыі сабак, людзей, клеткі, ваду і ежу. Таму звычайна мы пачынаем рыхтавацца за месяц і штодзень маем працу: ездзім, узгадняем, пішам, просім, перавозім.

Калі хто‑небудзь вырашыў, што ён гатовы ўзяць сабе жывёлу ў кватэру, пачніце з катэгорыі бяздомных. На сайце ёсць каталогі жывёлаў, дзе можна выбраць сабе ката, сабаку ці маленькага шчаня, а таксама задаць любое пытанне пра іх. Усе жывёлы абсалютна сацыялізаваныя: сабакі прывучаны да павадка і выгула, каты ходзяць у латок. Да таго ж, дварнякі — самыя надзейныя сябры.

Запісала НШ

Гэтаму шчанюку сёння пашанцавала - ён знайшоў гаспадароў

Гэтаму шчанюку сёння пашанцавала - ён знайшоў гаспадароў

"Забяры мяне дамоў"

"Забяры мяне дамоў"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0