Публікуем вытрымкі з лістоў, атрыманых яшчэ да пачатку суда.
Пра самыя масавыя канцэрты, на якіх быў
У нас тут штодня музычныя раніцы — кліпаў 10 з 6:00 да 9:00 паказваюць. Можа, нават 15, ніколі не лічыў. Бяда, што выбар невялікі (магчыма, усё, што з бясплатнага доступу), таму кожны кліп ужо ведаеш на памяць.
Стаў згадваць, на якіх самых масавых канцэртах я быў. На першым месцы і па антуражы, і па масавасці, канечне, «Акіян Эльзы» на Майдане. Але самае смешнае, што на другім — канцэрт «Серабро» ў Маскве. У 2012 годзе ў Расіі былі прэзідэнцкія выбары, і я паехаў у якасці журналіста-назіральніка. Ну і пайшоў на агітацыйны канцэрт мільярдэра Прохарава ў САК «Алімпійскі». Аказалася, што гэта канцэрт «Серабро» з кароткімі палітычнымі ўстаўкамі. На дармовы канцэрт сабралася нямерана малалетак! Ніколі не чуў такой колькасці захопленага віскату адначасова. На трэцім месцы, відаць, той самы «Акіян Эльзы» — на «Лідбіры» ў нейкім годзе. Але з Майданам складана параўнаць.
Пра беларускі футбол
Радуюся за беларускіх футбалістаў, якія ў пошуках грошай разбягаюцца па еўрапейскіх чэмпіянатах. Яблонскі, Клімовіч, Паўлючэнка — афігенныя прыклады. Дакладна лепш за Чычкана з Уфой і Лапцева з пердзівам [першым дывізіёнам]. Гэта ж былі некалі часы, калі ў адной толькі Расіі чалавек 20 гуляла!
Кожны год закідваў сабе ў закладкі старонку з [футбольнымі] табліцамі Дашкевіча [размова пра Сяргея Дашкевіча, спартыўнага журналіста, прэс-сакратара БАТЭ]. А цяпер застаецца закідваць газету пад нары.
Для мяне стала нечаканасцю сітуацыйная сацыялогія — з дзясяткаў чалавек, з якімі тут сядзеў, футболам цікавіліся чалавек 6-7, не больш. Няма з кім футбол абмяркоўваць. Цяпер у камеры ніводнага чалавека, хто б хоць браў «Прэсбол» пачытаць! Карацей, цяпер разумею, што беларускім футболам сапраўды мала хто цікавіцца. Сто чалавек на стадыёне — справядлівая сітуацыя. Можа, пакаленне Лісаковічаў і астатніх нешта зменіць.
Пра густы ў літаратуры
Вельмі люблю, калі складваецца такая сітуацыя, што мае хобі/прыярытэты трапляюць у агульныя трэнды. Дакументальна-гістарычныя кнігі з асалодай чытаю, колькі сябе памятаю. І цяпер яны нарэшце набралі мегапапулярнасць! Таксама не разумею, у чым кайф ад класічнай літаратуры ў 2022 годзе. Лепш пачытаю сучасных скандынаўскіх журналістаў пра ісламскія краіны ці пірацтва, а не Рэмарка ці Драйзера.
Пра надвор'е і падарожжы
Як у вас успрымаецца сёлетняя зіма? Як на мой густ, дык адна з самых цёплых за ўсё жыццё. Ніколі я настолькі пільна не адсочваў прагноз надвор’я. Мінімум разоў дзесяць на дзень бачыш, што абяцаюць. І неяк так атрымалася, што ніжэй за -10 не апускалася ні разу.
Памятаю тыя бласлаўлёныя часы, калі праз маразы адмянялі ўрокі ў школе. Хоць я ў тыя часы яшчэ нават быў выдатнікам, мала што прыносіла мне столькі шчасця, як адмена ўрокаў.
Вось чаго я пакуль так і не ацаніў — зімовых падарожжаў з холаду ў холад. Знаходзяцца ж тыя, хто ў студзені-лютым адпраўляюцца ў Швецыю-Нарвегію. Вось каб у спёку, дык афігенна крута. Гляджу па сусветным прагнозе надвор’я — Гавана +27, Рыа +29.
Гляджу «Арла і рэшку» ўжо па трэцім коле, прымяраюся да будучых падарожжаў. Спадзяюся, так і складзецца.
Калі ласка, не забывайцеся падтрымліваць нашаніўцаў
Адрас для лістоў: 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. СІЗА №1
Марціновіч Ягор Аляксандравіч
Скурко Андрэй Генадзевіч.