У Гомелі нарадзілася чарговая «Легенда зь пяску», а ў Заслаўі рыхтуюцца вылепіць 12 залатых апосталаў.

У дахрысьціянскія часы, кажа скульптар Гэнік Лойка, цмок на беларускіх землях уважаўся за нявінную істоту, дарма што забіраў у ахвяру найпрыгажэйшых жанчынаў. З гэтым тады не спрачаліся – так было трэба. Пасьля прыйшоў сьвяты Юр’я і забіў небараку. З таго часу – як беларусы атрымалі хрысьціянства – а разам зь ім акрэсьлены падзел на дабро і зло, цмок ператварыўся ў выразна адмоўнага пэрсанажа. У горадзе над Сажом удзельнікі плэнэру даводзілі адваротнае.

Прыехаўшы на месца, менчукі пабачылі першага цмока – МАЗ, што прывёз пясок, захрас у ім і, задраўшы нос у неба, пагрозьліва роў рухавіком. Арганізатарам выступіў гомельскі гісторык Яўген Малікаў. Ён дамовіўся зь мясцовай уладай наконт мерапрыемства, арганізаваў валанцёраў і зладзіў невялічкую культурную праграму, падчас якой сярод іншых выступіў і аўтар «НН» Сяргей Балахонаў.

Мясцовыя скульптары на чале зь Яняй Канавалавай ад пачатку прапанавалі сп.Лойку правесьці конкурс. У іх было сваё бачаньне наконт таго, што ў рамках плэнэру магло б паўстаць зь пяску – «прыгожы гатычны замак з ільвамі і грыфонамі». Аднак менчукі цьвёрда настойвалі на супольнай працы і ў выніку працавалі разам з валанцёрамі Малікава.

На другі дзень высьветлілася, што цмок выходзіць вышэйшы за азначаны раней памер – не ў адзін чалавечы рост, а ўдвая вышэйшы. На прэзэнтацыі кіраўнік праекту будзе «зайздросьціць» гамельчукам: «Прыехалі сюды рабіць цмока, а ён у вас ужо ёсьць – сам расьце зь пяску».

Гамельчукі пад’ялдыквалі: «Вы б яго цэмэнтам замацавалі, ці што, а то шкада... » На што Гэнік Лойка традыцыйна адказдаў: «Не пясок шкадуйце – шануйце культуру, мову, што рассыпаецца ў пясок, калі пра яе ня дбаць».

Згодна з легендай, кожны паважаючы сябе цмок мусіць мець іскрысты позірк, агністае дыханьне і сівы дым з вушэй. Стваральнікі гомельскага цмока абмежаваліся дымам з вушэй, а заміж іскраў зрабілі свайму цмоку люстэркавыя вочы, у якіх кожны, хто не збаяўся скамянець, мог пабачыць сваё адлюстраваньне.

Гомельскі плэнэр прайшоў, а Гэнік Лойка ўжо запрашае на новы: 24–25 жніўня ў Заслаўі паўстануць 12 залатых апосталаў. Галоўная ідэя гэтага плэнэру, тлумачыць ён, давесьці, што нацыя памятае пра свае сьвятыні: «Пясок рассыплецца і апосталы ізноў зьнікнуць, але мы пакажам, што мы памятаем пра іх і ня толькі пра іх».

Мяркуецца, што ўдзел у працы прымуць 12 маладых скульптараў. Патрэбная дапамога добраахвотнікаў. Г.Лойка будзе асаблівы рады бачыць сярод іх герояў сакавіка. Сачыце за рэклямай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?