28 сакавіка пракуратура Брэсцкай вобласці расказала аб перадачы ў суд крымінальнай справы супраць 30-гадовага мясцовага жыхара П. Паводле ведамства, з 29 снежня па 30 красавіка 2021 года П. публікаваў у «Вікіпедыі» і на сайце Міжнароднага таварыства правоў чалавека (ISHR) «заведама ілжывыя звесткі» аб працы беларускай міліцыі і органаў улады.

Акрамя таго, ён «перадаў заведама ілжывыя звесткі аб датычнасці органаў улады Беларусі да забойства ў кастрычніку 2004 года журналісткі Веранікі Чаркасавай, а таксама да катаванняў і забойстваў людзей». Следства кваліфікавала гэта як дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь (артыкул 369-1 КК).

Як распавялі «Медыязоне» крыніцы ў супольнасці вікіпедыстаў, гаворка можа ісці пра рэдактара з нікам Pr12402. Аднайменны акаўнт у Твітары належыць карыстальніку па імені Павел Пернікаў.

Pr12402 рэдагуе Вікіпедыю з 25 жніўня 2014 года. За сем гадоў ён унёс больш за 84 тысячы правак. Увосень 2021 года ўладальнік гэтага акаўнта рэдагаваў артыкулы, прысвечаныя беларускім СМІ, затрыманаму журналісту «Камсамольскай праўды ў Беларусі» Генадзю Мажэйку, журналістцы «Тутбай» Кацярыне Барысевіч, гуртам IQ48 і «Ляпіс Трубяцкі».

28 снежня 2021 года яго уліковы запіс быў заблакаваны, у якасці прычыны блакавання паказаны «Захоп уліковага запісу/ўзлом пароля».

За дзень да блакавання, 27 снежня, у некалькі артыкулаў «Вікіпедыі» на «тарашкевіцы» з акаўнта Pr12402 былі ўнесеныя шэсць правак. Усе яны былі зробленыя з 17:10 да 17:52.

Напрыклад, з артыкула пра Аляксандра Лукашэнку знік абзац аб уведзеных супраць яго персанальных санкцыях, з артыкула пра Вераніку Цапкала — згадка пра ўзнагароджанне прэміямі імя Льва Копелева і Фрыца Цокліха, а з артыкула пра Марыю Калеснікаву — раздзел аб міжнароднай рэакцыі на яе затрыманне.

Артыкул «Свабода слова ў Беларусі» страціў амаль увесь раздзел аб падзеях 2020-2021 гадоў, а ў артыкуле пад назвай «Рэжым Лукашэнкі» прапаў абзац аб рэзалюцыі кангрэса ЗША з асуджэннем фальсіфікацый на выбарах, рэпрэсій супраць мірных дэманстрантаў і прызнаннем рэжыму нелегітымным. У артыкуле «Cпіс загінулых падчас акцый пратэстаў у 2020 і 2021 гадах» цалкам знік раздзел «Рэакцыі».

У той жа дзень з 13:19 па 13:56 Pr12402 унёс чатыры праўкі і ў рускамоўную «Вікіпедыю».

З артыкула пра Марыю Калеснікаву ён выдаліў згадкі аб яе статусе палітвязня, аб узмацненні жорсткасці санкцый супраць Беларусі пасля абвяшчэння прысуду апазіцыянерцы і аб прызыве пасла ЗША у АБСЕ да вызвалення Калеснікавай.

З артыкула пра Лукашэнку прыбраў абзац аб тым, што ён утрымлівае ўладу даўжэй за ўсіх дзеючых кіраўнікоў дзяржаў у Еўразіі (акрамя манархаў і вышэйшага кіраўніка Ірана), і словы пра «аўтарытарны рэжым кіравання».

З артыкула «Цэнзура ў Беларусі» зніклі згадкі пра законы 2020—2021 гадоў, якія абмяжоўваюць свабоду слова, і шматлікія факты ціску на незалежныя СМІ: забароны, блакаванні, адмовы ад друку і распаўсюджвання, папярэджанні, а таксама крымінальныя справы супраць работнікаў медыя і забойства ў 2004 годзе журналісткі газеты «Салідарнасць» Веранікі Чаркасавай.

Усе праўкі, унесеныя ад імя Pr12402, былі амаль адразу адмененыя, а арыгінальныя версіі старонак — адноўленыя. «Адразу зразумела, што нешта здарылася. Таму яго і заблакавалі», — тлумачыць беларускі вікіпедыст Максім Л.

Ён называе вандальныя праўкі «звычайнай забаўкай нейкіх не вельмі нармальных, напэўна, людзей». Вікіпедыст кажа, што выдаленне цэлых абзацаў, а тым больш раздзелаў, адразу кідаецца ў вочы, таму «разумныя вандалы» дадаюць у артыкул прыкладна такі ж аб'ём тэксту, які выдалілі. «Удзельнікі могуць нават не звярнуць на гэта ўвагі: «Ну, там, коску паправіў». А там, на самай справе, паўартыкула замененыя наборам знакаў», — распавядае ён.

— У гэтым няма ніякага сэнсу. Бываюць людзі, якія думаюць, што яны шкодзяць. Ім дастаўляе задавальненне нашкодзіць. Хто-небудзь думае, што насамрэч можа выдаліць частку артыкула. Але гэта немагчыма. Гэта проста бессэнсоўнае трызненне. Альбо чалавек не разумее, альбо [дзейнічае] у надзеі, што гэта не будзе заўважанае — разважае Максім пра матывы вандалаў.

Па словах вікіпедыста, падобнае адбываецца штодня і «прыбіраецца за секунды». Але ў выпадку са снежаньскімі праўкамі артыкулаў пра беларускую палітыку і прэсу ён упэўнены, што іх уносіў не сам Pr12402, а зламыснік, які атрымаў доступ да ўліковага запісу рэдактара.

— Калі проста чалавек прыйшоў і за дзесяць хвілін павыдаляў вялікія кавалкі ў некалькіх артыкулах, то зразумела, што ён нешта робіць дрэннае. Чалавек, у якога не адна праўка, у якога 80 з чымсьці тысяч правак — ён такога рабіць не будзе» — рэзюмуе Максім.

***

У Фэйсбуку Павел Пернікаў называе сябе членам праўлення Міжнароднага таварыства правоў чалавека (МТПЧ), даследчыкам гульні Football Manager, рэдактарам wiiu.pro і менеджарам мінскай групы Bristeil. Акрамя таго, Пернікаў — адміністратар форуму, прысвечанага творчасці гурта Bee Gees.

У 2020-2021 гадах Пернікаў актыўна рэпосціў матэрыялы пра пераслед незалежных беларускіх выданняў — газеты «Новы час», Hrodna.life, Intex-Press, «Брэсцкай газеты» і іншых.

Апошні запіс у яго ў Фэйсбуку датаваны 17 верасня 2021 года, гэта рэпост тэксту аб працы беларускіх журналістаў ва ўмовах вымушанай рэлакацыі; апошні рэпост у Твітары зроблены 26 кастрычніка.

На Change.org Пернікаў падпісваў петыцыі за вызваленне ксяндза Уладзіслава Лазара і супраць забудовы на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Макаёнка ў Мінску; акрамя таго, ён даваў спасылку на зварот да выдаўцоў серыі гульняў Pokemon з просьбай перакласці іх на рускую мову.

У 2013 годзе, будучы студэнтам БрДУ, Пернікаў удзельнічаў у конкурсе студэнцкіх работ, прысвечаных 20-годдзю Сусветнай канферэнцыі па правах чалавека, і атрымаў дыплом Прадстаўніцтва ААН у Беларусі.

Аб цырымоніі ўзнагароджання студэнт распавёў у нататцы для партала «Віртуальны Брэст» і падпісаўся: «Пернікаў П. А., пераможца конкурсу, член праўлення РГААПЧ». Хутчэй за ўсё, аўтар меў на ўвазе Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне абароны правоў чалавека, якое зарэгістраванае ў Беларусі як секцыя Міжнароднага таварыства правоў чалавека. У якасці кантакту РГААПЧ на сайце Інстытута парламентарызму і прадпрымальніцтва паказаная пошта карыстальніка з імем pr12402.

У верасні наступнага года Пернікаў, мяркуючы па фатаграфіі ў Фэйсбуку, наведваў Раду Еўропы ў складзе моладзевай дэлегацыі.

На сайце Міжнароднага таварыства правоў чалавека яго імем падпісаныя нататкі аб семінары ў Брэсце і аб школе «юных праваабаронцаў»; у 2019 годзе ён склаў справаздачу пра круглы стол па праблеме дэзінфармацыі ў медыя; акрамя таго, Пернікаў быў у ліку беларускіх праваабаронцаў, якія выступілі з заявай «аб расавай дыскрымінацыі ў ЗША» пасля забойства Джорджа Флойда. У апошніх публікацыях Пернікаў пазначаны як кіраўнік прэс-цэнтра БС МАПЧ.

Раней паведамлялася, што супраць рэдактара «Вікіпедыі» Марка Бернштэйна заведзеная крымінальная справа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
3