Пачаўся прыём заявак на ўдзел у сёмым Рэспубліканскім турысцкім конкурсе «Пазнай Беларусь».
Конкурс «Пазнай Беларусь» праводзіцца штогод з 2002 года. Яго арганізатарамі выступаюць Міністэрства спорту і турызму Беларусі, РУП « Нацыянальнае агенцтва па турызме», рэдакцыя газеты «Туризм и отдых».
Мэта конкурсу — спрыяць развіццю ўнутранага і ўязнога турызму ў Беларусі, кансалідаваць намаганні дзяржаўных органаў, арганізацый і ўсіх, хто працуе ў сферы айчыннага турбізнесу, а таксама заахвоціць дасягненні ў справе развіцця турыстычнай індустрыі.
Як паведаміў БелаПАН начальнік аддзела маркетынгу і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнага агенцтва па турызме Валерый Болдыраў, да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца прадстаўнікі індустрыі турызму і грамадзяне Беларусі. Прыём заявак працягнецца да 9 кастрычніка. Анкеты можна запоўніць тут.
Сёлета ў конкурсе прадугледжана 11 намінацый, некаторыя з іх абноўленыя ў параўнанні з мінулым годам. Намінацыя «Я пазнаю Беларусь», разлічаная на грамадзян Беларусі, прапануе абноўлены пералік турыстычных славутых мясцін.
Перамогу ў намінацыі атрымае той удзельнік, хто наведае найбольшую колькасць аб’ектаў з пераліку, які размешчаны на сайце Нацыянальнага агенцтва па турызме.
Новаўвядзеннем конкурсу, разлічаным на фізічных асоб, таксама стане намінацыя «Лепшая канцэпцыя брэнда краіны».
Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў адбудзецца 28 кастрычніка ў межах выставы «Турбізнес‑2009» у павільёне «Белэкспа» Лаўрэаты конкурсу стануць уладальнікамі памятных знакаў і дыпломаў. Пераможца ў намінацыі «Я пазнаю Беларуcь» акрамя гэтага атрымае тур на выхадныя дні ад Нацыянальнага парка «Прыпяцкі», а пераможца ў намінацыі «лепшая канцэпцыя брэнда краіны» — тур у Еўропу ад турыстычнай кампаніі «Топ‑тур».
Як паведаміў Болдыраў, на працягу 6 гадоў у конкурсе ўзялі ўдзел 412 прадстаўнікоў турыстычнай галіны Беларусі: туркампаніі, гасцініцы, перавозчыкі, сельскія сядзібы, тураб’екты, СМІ, санаторна‑курортныя арганізацыі, а таксама прыватныя асобы. Уладальнікамі ўзнагарод конкурсу сталі 65 удзельнікаў.