Фота: Getty Images
«Можна разбіць шыбы, уключыць ацяпленне і рабіць выгляд, што прыйшло лета», — цытуе Politico кіраўніка латвійскага Цэнтрабанка Марціньша Казакса.
«Рубель перастаў быць свабодна канвертуемай валютай. Такім чынам, яго афіцыйны курс не мае амаль ніякага значэння», — сказаў выданню Ліка Корханен, спецыяліст па Расіі з Цэнтрабанка Фінляндыі.
Расія перакрыла амаль усе каналы адтоку валюты і адкрыла на 80% кран яе прытоку (з-за абавязковага продажу выручкі экспарцёраў).
Вынікам стала падвойнасць курсу — дзяленне валютнага рынку на чорны і біржавы — і ўмацаванне рубля на біржы, дзе попыт штучна зніжаны, а прапанова штучна завышаная.
«Інструменты, якія выкарыстоўваюць для падтрымкі рубля, ператвараюць яго ў валюту пацёмкінскай вёскі», — піша аглядальнік агенцтва Reuters П'ер Брыянсан.
Палітычна Крамлю важнейшы валютны курс, чым традыцыйныя для развітых краін індыкатары здароўя эканомікі: інфляцыя і працэнтныя стаўкі, бо «ў постсавецкай гісторыі Расіі курс рубля да даляра быў, мабыць, галоўным эканамічным індыкатарам для большасці грамадзян», — тлумачыць Bloomberg.
Стабільнасць курсу важная і для прыцягнення новых саюзнікаў накшталт Індыі, цытуе Politico аднаго з кіраўнікоў Цэнтрабанка Эстоніі Петэра Лукмеля.
«Гэты сімвалічны акт закліканы пераканаць азіяцкія краіны падтрымаць альтэрнатыўную аплатную сістэму. А для гэтага ім патрэбная казка пра стабільную сусветную валюту», — сказаў ён.
Толькі гэтая стабільнасць пагражае ўстойлівасці эканомікі ў цэлым.
«Нават калі здымуць санкцыі, усё роўна як толькі курс адпусцяць, ён абрынецца на дно ямы, у якой аказалася эканоміка Расіі», — папярэджвае Брыянсан.





