Сумная вестка пра сьмерць Янкі Брыля засьпела выкладнікаў і навучэнцаў Беларускага Ліцэю ў Гданьску. А дакладней – не ў самім Гданьку, а на паўвысьпе Гэль – акурат у той самай мясьціне, дзе Янка Брыль у складзе марской пяхоты Войска Польскага ў першыя дні верасьня прыняў удар фашыстоўскае ваеннае машыны. Усё гэтак сымбалічна... Узгадайма, што дэкрэт аб афіцыйным закрыцьці Ліцэю быў падпісаны тагасамным старшынём ураду Навіцкім акурат у дзень пахаваньня Васіля Быкава...

І ўсё ж такі хочацца ўзгадваць тое, што зьвязвае Ліцэй і жывым, гэткім незабыўным Брылём. Помніцца як у першай палове 90-х гадоў Янка Брыль разам зь яго дачкой Наталяй Семашкевіч ахвяраваў у ліцэйскую бібліятэку вялікую колькасьць добрых і каштоўных кніг (пасьля захопу ліцэйскага будынку АМАПам лёс вялікае іх часткі, на жаль, невядомы). Гэтыя кніжкі прыносілі дадому і чыталі Ільля Сін і Міхась Баярын, Раман Падаляка і Прымавера, Сяргей Сматрычэнка і Ўсяслаў Шатэрнік, Глеб Лабадзенка і Мікалай Астрэйка...

Добра памятаецца візыта Янкі Брыля ў Ліцэй у 2001 годзе. Майстар з ахвотай і вялікім зацікаўленьнем правёў больш за чатыры гадзіны зь ліцэістамі і выкладчыкамі, адказаў на безьліч пытаньняў, нават крыху быў засьпяваў... Тады здавалася, што гэткія сустрэчы будуць яшчэ і яшчэ. Ня выпала...

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?