Анамалій надвор’я будзе больш і больш, тлумачыць кіраўнік службы метэапрагнозаў Гідраметцэнтра Зміцер Рабаў.

«Наша Ніва»: На дварэ то лета, то восень, то трапічныя залевы. І ўсё цягам аднаго месяца. Што адбываецца з нашым надвор’ем?

Зміцер Рабаў: Звычайнае беларускае лета, цёплае ўтульнае надвор’е. Толькі перабор з ападкамі. Шчыра кажучы, у некаторых раёнах павыпадала па 3 месячныя нормы. Вядома, гэта звязана з тым, што ідзе змена клімату. Павялічваюцца экстрэмальныя ўмовы надвор’я.

«НН»: Гучыць трывожна. Што значыць «экстрэмальныя ўмовы»?

ЗР: Гэта значыць, са зменай клімату ідзе павелічэнне небяспечных і неспрыяльных з’яваў — ураганы, паводкі, засухі. Мы правялі даследаванні: колькасць такіх з’яваў у нашай рэспубліцы не расце. Але павялічылася іх сіла. Калі ўжо ідзе дождж — то залева, успомніце 24 ліпеня.

«НН»: Так, жыхары Мінска сталі сведкамі сапраўднага патопу…

ЗР: Па колькасці ападкаў мы не перакрылі норму, але па інтэнсіўнасці — так: за паўтары гадзіны выпала больш за палову месячнай нормы. Павялічваецца колькасць навальніц. Калі раней у зімовыя месяцы навальніцы здараліся раз у 25—30 гадоў, дык цяпер — кожныя чатыры гады. Павялічыліся перыяды дажджлівага надвор’я і засухі. Напрыклад, красавік быў экстрэмальны па сухаце. Нават пыльныя буры ўзнікалі. Потым лета — экстрэмальнае па колькасці ападкаў.

«НН»: Які клімат у Беларусі будзе праз некалькі гадоў? Можа, трапічны?

ЗР: У Беларусі ўсё часцей улетку з’яўляюцца прыкметы трапічнага клімату: цёпла і вільготна. За апошнія гады кліматычныя зоны зрушыліся кіламетраў на сто. Аднак ніхто дакладна не ведае, што нас чакае ў будучыні. Сцэнароў развіцця падзеяў шмат. Адзін з найбольш імаверных — што праз 15—20 гадоў клімат Мінска будзе на ўзроўні Кіева.

«НН»: Раскажыце пра працу метэацэнтра. Хто стварае прагнозы надвор’я?

ЗР: Чалавек чатырыста працуе. Гідраметэапрагнозамі займаюцца чатыры аддзелы: аддзел метэаралагічных прагнозаў (надвор’е), гідралагічных прагнозаў (напаўняльнасць рэк, азёраў, вільготнасць глебы і г.д.), аграпрагнозаў (ураджайнасць у залежнасці ад надвор’я), а таксама аддзел працы са СМІ. Яшчэ існуе сектар падрыхтоўкі інфармацыі для органаў дзяржаўнага кіравання. Аляксандр Лукашэнка бюлетэнь з прагнозамі ад нас штодня атрымлівае.

«НН»: Ён першы дазнаецца пра штармавыя папярэджанні і навальніцы?


ЗР: Разам з іншымі дзяржслужбамі. Аднак для яго мы рыхтуем спецыяльны дакумент. Штодня падаем інфармацыю пра надвор’е за мінулыя суткі і прагноз на наступныя. А таксама гідралагічную інфармацыю — колькі вады ў рэках, і аграметэалагічную — як ідзе ўборачная кампанія. Плюс розныя дадаткі прыкладаем. Праводзім, так бы мовіць, лікбез: што такое навальніца, град, як яны ўтвараюцца, наколькі гэта небяспечна. Прыкладаем самае цікавае са свету надвор’я: дзе якія ўраганы, якую шкоду прынеслі, дзе засуха, дзе паводкі.

«НН»: Думаеце, Лукашэнка чытае гэтыя дакументы?

ЗР: Падчас селектарных нарадаў адчуваецца, што валодае сітуацыяй, дзе колькі ападкаў выпала, каго заліло. Часам нам нават адказвае. Яму бюлетэнь кур’ер адвозіць, а назад вяртаецца маленькі квіточак. На гэтым квіточку і бываюць адказы. Неяк напісаў: «Слана‑то я і не заўважыў». Мы далі прагноз на сухое надвор’е, а ў Мінску дождж прайшоў.

«НН»: А часта бываюць памылкі і няспраўджаныя прагнозы?

ЗР: Хлусіць не буду… Стопрацэнтных прагнозаў ніколі не будзе. Прагнозы на суткі спраўджваюцца на 95%, на трое сутак — на 90—92% , на тыдзень — на 85—87%.

«НН»: І як палепшыць сітуацыю? Можа, абсталяванне лепшае набыць?

ЗР: Каб павялічыць дакладнасць прагнозаў нават на адну дзясятую, трэба ўкласці шмат грошай. Ёсць і праблема з кадрамі. У нас сіноптыкаў раней зусім не вучылі. Гады тры таму адкрылі ў БДУ спецыяльнасць метэаролаг‑гідролаг, набралі пятнаццаць чалавек. А ў іх вышэйшай матэматыкі і сінаптычнай метэаралогіі ўсяго па 50 гадзін начытваюць. Як я вучыўся на гідраграфічным факультэце ў Вышэйшай вайсковай вучэльні ў Ленінградзе, нам па 500 гадзін давалі. Калі іх размяркуюць да нас, яны будуць слаба падрыхтаваныя.

«НН»: З прычыны змены клімату стала цяжэй прагназаваць штодзённае надвор’е?

ЗР: Так, асабліва ў летні перыяд. Штомесяц бываюць нейкія анамальныя з’явы. Гэтым летам былі два смерчы. Гэта з’ява, якую прадугледзець нерэальна. У летні перыяд цяжка прагназуюцца навальніцы, град.

З прыродай не жартуюць. У нас сёлета загінула ад навальніцы пяць чалавек: трое дзяцей і двое сталага веку.

Я лічу, што там, дзе дзеці загінулі, у пэўнай ступені вінаватыя бацькі. Асабліва, калі з дзіцем падчас навальніцы палезлі пад дрэва. Звяртаю ўвагу: распавядзіце сваім дзецям, што рабіць падчас навальніцы ці пры шквалістым ветры.

Гутарыла Настасся Шамрэй

 Змяненне межаў агракліматычных зонаў Беларусі: а) па стане на 1973 год, б) за перыяд ад 1989 да 2005 году. Агракліматычныя зоны: І — Паўночная, ІІ — Цэнтральная, ІІІ — Паўднёвая, IV — Новая.

Змяненне межаў агракліматычных зонаў Беларусі: а) па стане на 1973 год,
б) за перыяд ад 1989 да 2005 году. Агракліматычныя зоны: І — Паўночная,
ІІ — Цэнтральная, ІІІ — Паўднёвая, IV — Новая.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0