Яны праходзяць стацыянарнае лячэнне ў родным горадзе — Асіповічах (Магілёўская вобласць).

Як паведаміў БелаПАН начальнік аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Юрый Фёдараў, цяпер школьнікі, якія вярнуліся з Вялікабрытаніі, дзе яны знаходзіліся на аздараўленні ў складзе групы, атрымліваюць адэкватнае лячэнне і «адчуваюць сябе добра». Ні ў аднаго з дзяцей няма ўскладненняў, падкрэсліў Фёдараў.

Цяпер, паводле яго слоў, праводзіцца абследаванне людзей, якія кантактавалі з хворымі дзецьмі.

Прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя заклікаў «не баяцца грыпу А(Н1N1) і не панікаваць».

Грып «не такі небяспечны, як мы ўяўлялі сабе раней», і лечыцца гэтак жа, як звычайны, сезонна, для яго лячэння ў Беларусі ёсць усе неабходныя медыкаменты, заявіў Фёдараў. Ён патлумачыў, што шпіталізаваць людзей, у якіх выяўлены грып А(Н1N1), неабходна не з‑за цяжкасці захворвання, а па рэкамендацыі САЗ, для нераспаўсюджання інфекцыі.

Вялікая колькасць смяротных выпадкаў, выкліканых грыпам А(Н1N1) (у свеце, паводле звестак САЗ, памерлі 2 тыс. 349 чалавек) Фёдараў патлумачыў тым, што «значная частка памерлых не атрымала своечасовую прафесійную медыцынскую дапамогу», бо не мела да яе доступу.

У адпаведнасці з загадам Міністэрства аховы здароўя, дзеці, якія вяртаюцца ў Беларусь пасля арганізаванага аздараўлення ў краінах, неспрыяльных па грыпе A(H1N1), будуць праходзіць тыднёвы каранцін. Да такіх краін аднесены Італія, Вялікабрытанія, Германія, Іспанія, Ірландыя, Бельгія і Аўстрыя. Гэты пералік пастаянна ўдакладняецца і можа быць зменены. Каранцін закране больш як 13 тыс. дзяцей, якія цяпер адпачываюць за мяжой і павінны вярнуцца ў краіну з 23 жніўня па 1 верасня.

Паводле слоў Фёдарава, цяпер удакладняюцца спісы дзяцей, якія адпачываюць за мяжой, каб пасля іх вяртання арганізаваць медыцынскае абследаванне кожнага.

Прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя заклікаў грамадзян звяртацца да ўрачоў пры выяўленні першых прыкметаў грыпу: галаўная і мышачная болі, ванітаванне, расстройства страўнікава‑кішачнага тракту, ламота ў суставах.

На гэты час, нагадаем, у Беларусі лабараторна пацверджаны чатыры выпадкі грыпу А(Н1N1). Першы факт заражэння вірусам грыпу А(Н1N1) быў зафіксаваны ў аспіранта БДУ, грамадзяніна Кітая, які вярнуўся ў Беларусь з КНР 10 жніўня пасля канікулаў. 21 жніўня ён выпісаўся з Мінскай гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы.

Алена Спасюк, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0