Украіна прапаноўвае Беларусі ўзяць удзел у будаўніцтве нафтаправода «Адэса — Броды». Пра гэта паведаміў украінскі пасол Ігар Ліхавы 21 жніўня на прэс‑канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яго слоў, кіраўніцтва Беларусі «не засталося безуважным, пытанне цяпер вывучаецца». «Тут ёсць і палітычны складнік, але эканамічная мэтазгоднасць і карысць у гэтым выпадку несумненная», — зазначыў Ліхавы.

Дыпламат падкрэсліў, што праект па пастаўцы каспійскай нафты ў краіны Балтыі «Адэса — Броды» набыў апошнім часам «яшчэ большую актуальнасць». Ліхавы таксама зазначыў, што Азербайджан ужо пацвердзіў, што гатовы пастаўляць нафту. «Пройдзе няшмат часу, калі мы атрымаем лёгкую каспійскую нафту, у якой зацікаўлены і еўрапейскія, і беларускія нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы», — сказаў ён.

Першапачатковай мэтай будаўніцтва нафтаправоду «Адэса — Броды» быў транзіт каспійскай нафты ў абыход Расіі ў Цэнтральную Еўропу, а ў перспектыве — і ў парты Балтыйскага мора. Нафтаправод будаваўся на працягу 1996—2001 гадоў, а затым тры гады заставаўся незагружаным. Пазней было прынята рашэнне аб пачатку яго працы ў рэверсным рэжыме ў партнёрстве з Расіяй: нафта з нафтаправода «Дружба» паступае да тэрміналаў украінскага порта Паўднёвы (Адэская вобласць).

Тацяна Каравянкова, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0