Макет помніка князю зойме цэнтральнае месца на выставе скульптара Алеся Шатэрніка.

25 жніўня — вялікі дзень для аматараў мастацтва. Акрамя арт-фестываля «Дах-9», які пачнецца ў Палацы Мастацтваў а 17 гадзіне, аматары прыгожага, завітаўшы у цэнтр гораду на якую гадзіну раней, змогуць наведаць адкрыццё яшчэ адной імпрэзы. А 16-й гадзіне на Сядзібе БНФ сваю міні-выставу «Бацька і дачка» адкрывае мастак Алесь Шатэрнік.

У выстаўленых працах Шатэрнік паяднаў тэмы архітэктуры і жывапісу: тут і малюнкі мінскіх цэркваў, Магдалены і Кафедральны Сабор, а таксама яго эскізы да помнікаў.

«Цэнтральнае месца на выставе займае эскіз майго помніка Ўсяславу Чарадзею, - кажа Шатэрнік. - У Полацку ўжо ёсць помнік Чарадзею, але на маю думку патрэбная велічная скульптура ў больш пасоўным месцы — ля Сафійскага сабору. Мой Чарадзей на кані, а ў руцэ трымае меч-крыж, сімвал духоўнасці і дзяржаўнасці».

Акрамя карцінаў на архітэктурную тэматыку і эскізаў на выставе будзе прэзентавана колькі пейзажных працаў. Іх сюжэт — улюбёны Алесем свянцянскі і нарачанскі край (возера Балдук і ваколіцы). Акрамя працаў бацькі на выставе будуць прадстаўленыя працы дачкі Алеся, Юліі, якая малюе ў стылі мадэрнізму.

Алесь Шатэрнік (нар. 1960) — вядомы скульптар і жывапісец, аўтар помніка Тадэвушу Касцюшку, што ўсталяваны на тэрыторыі амбасады ЗША. Мінчукам Шатэрнік вядомы па cкульптурнай кампазіцыя «Гуканне вясны» на праспекце Машэрава. Аўтар «Звона Свабоды». Жыве ў Мінску.

Юлія Шатэрнік (нар. 1982). Мастачка. Скончыла мінскі інстытут культуры, і займаецца жывапісам, а таксама педагогікай у галіне мастацтва. Жыве ў ЗША.

Яшчэ пра альбом Алеся Шатэрніка «Сонцакрыж» чытайце тутака..

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?